26 красавiка 2024, Пятніца, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў няволі

84
Дзень Волі ў няволі

Святкаванне Дня Волі ў Менску скончылася арыштамі ўдзельнікаў акцыі апазіцыі.

На святкаванне 95-годдзя БНР у Менску 24 сакавіка сабраліся некалькі тысяч чалавек. Менгарвыканкам дазволіў у цэнтры горада толькі збор удзельнікаў шэсця ў Дзень Волі каля кінатэатра «Кастрычнік», традыцыйна адправіўшы калону на плошчу Бангалор - далей ад цэнтральных вуліц сталіцы.

Нягледзячы на мароз, адсутнасць шырокай інфармацыйнай кампаніі, прэвентыўныя арышты апазіцыянераў, на акцыю, са слоў арганізатараў, прыйшлі 2 тысячы чалавек.

Напярэдадні ў Менску з надуманых абвінавачванняў былі арыштаваныя некалькі моладзевых актывістаў. Адбываліся затрыманні і ў рэгіёнах, дзе людзей затрымлівалі альбо па дарозе, альбо проста ва ўласных кватэрах напярэдадні ад'езду ў сталіцу.

Каб апынуцца на месцы збору, каля кінатэатра «Кастрычнік», людзям трэба было прайсці праз металадэтэктар і ператрусы АМАПу. Частка пляцоўкі была абгароджаная турнікетамі. У пераходах метро знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі з мегафонамі. Там за спробу зняць іх на відэа была ў выніку затрыманая (праз гадзіну вызваленая) журналістка «Нашай Нiвы» Таццяна Гаўрыльчык. Побач з кінатэатрам дзеля постраху дзяжурылі аўтазакі.

Мяркуючы з транспарантаў, цэнтральнай тэмай акцыі сталася не толькі 95-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, але і наяўнасць у турмах палітычных зняволеных. Шмат якія ўдзельнікі акцыі выйшлі з партрэтамі Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Алеся Бяляцкага, арыштаваных у «справе анархістаў». Былі на акцыі і партрэты выкрадзеных і забітых у Беларусі лідараў апазіцыі - Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі, журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Гарадскія ўлады забаранілі выкарыстанне падчас акцыі «незарэгістраванай сімволікі». Што падпадае пад гэтае паняцце, дакладна вядома толькі супрацоўнікам міліцыі, таму беларусы выйшлі святкаваць Дзень волі пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Нагадаем, што нацыянальны гістарычны сцяг Беларусі пасля правядзення Лукашэнкам у 1995 годзе рэферэндуму аб змене сімволікі з'яўляецца фактычна забароненым у краіне. Узнялі падчас шэсця таксама сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя».

«Дуалізм» акцыі падкрэслівалі і лозунгі, якія скандавалі дэманстранты: «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!». Адна з «навінак» акцыі - удзельнікі спявалі песню «Ляпіса Трубяцкога» «Ня быць скотам» і запускалі феерверкі.

Мітынг на Бангалор, дзе выступілі прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў, таксама быў абнесены турнікетамі. Каб трапіць на яго, людзям зноў жа даводзілася праходзіць праз зневажальныя працэдуры надгляду.

Тым не менш арганізатары акцыі ацэньваюць правядзенне акцыі станоўча.

«Людзей прыйшло больш, чым у мінулым годзе. Лунала вялікая колькасць нацыянальных сцягоў, мы ішлі ўстаноўленым маршрутам. Колькасць удзельнікаў я ацэньваю ў дзве тысячы», - сказаў у інтэрв'ю charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч.

Ён дадаў, што пасля шэсця людзі прадоўжаць святкаванне дома, бо арганізатары не здалелі заарандаваць памяшканне.

«Людзі, якія прыйшлі на акцыю, зрабілі гэта свядома. Гэта актыўныя, свядомыя грамадзяне. А тыя, хто сядзіць дома і сочыць за шэсцем праз інтэрнэт, хай падумаюць: яшчэ не позна да нас далучыцца, каб пасля не пашкадаваць. Падкрэслю, што бліжэйшымі днямі, мабыць, у аўторак, павінна адбыцца прэс-канферэнцыя аргкамітэта Дня Волі, у якой мы падрахуем вынікі і дамо акцыі канчатковую ацэнку», - сказаў на заканчэнне Віктар Івашкевіч.

Вядомы праваабаронца Валер Шчукін адзначыў, што міліцыя рабіла ўсё, каб на акцыю ў Дзень Волі сабралася як мага менш людзей.

«Улады дазволілі сабрацца перад кінатэатрам з вельмі рэвалюцыйнай назвай «Кастрычнік». Міліцыя збудавала загон, дзе маглі змясціцца максімум 150 чалавек, а таксама былі ўсталяваныя металашукальнікі. Усе прысутныя людзі фізічна не маглі там змясціцца, таму большасць стаяла за межамі агароджаў. За кінатэатрам стаялі аўтобусы, аўтамабіль размінавання і дзясяткі аўто, запоўненыя супрацоўнікамі міліцыі», - адзначыў праваабаронца ў інтэрв'ю charter97.org.

Ён таксама падкрэсліў, што не ўдзельнічаў у шэсці на плошчу Бангалор.

«Арганізатары павіншавалі ўсіх са святам і калона рушыла. У гэты момант я пакінуў акцыю, бо прынцыпова не хаджу на Бангалор. Дадам, што мне было прыемна бачыць мам з дзецьмі, а таксама вялікую колькасць юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі адсвяткаваць Дзень Волі, якім патрэбная свабода», - сказаў на заканчэнне Валер Шчукін.

Сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі таксама задаволены шэсцем і мітынгам у гонар Дня Волі, нягледзячы на правакацыю з боку міліцыі.

«Месцам збору была прызначаная пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік», якая была пакрытая лёдам, і каля якой, да таго ж, вядуцца будаўнічыя работы», - мяркуе палітык.

У інтэрв'ю charter97.org ён падкрэсліў, што, нягледзячы на пагрозы караць за выкарыстанне плакатаў і транспарантаў, іх колькасць была досыць вялікай.

«Удзельнікаў акцыі не менш, чым у мінулым годзе. Людзі прынеслі партрэты зніклых палітыкаў, а таксама палітвязняў, якія знаходзяцца ў гэты дзень за кратамі. Настрой ва ўсіх святочны. Мне прыемна бачыць тых, з кім я досыць даўно не бачыўся, і тых, хто надоечы далучыўся да актыўнай палітычнай дзейнасці», - падсумаваў Віталь Рымашэўскі.

Пасля акцыі на плошчы Бангалор пачаліся арышты ўдзельнікаў шэсця. Групы маладых людзей затрымлівалі на аўтобусных прыпынках або ў блізлеглым «Макдональдсе».

«Журналісты праводзілі арганізатараў акцыі да самаходаў, таму з нас ніхто не быў затрыманы. Аднак праз рацыі быў аддадзены загад затрымліваць людзей пасля акцыі «ціхачом». Таму ўжо затрымана некалькі гуртоў маладых людзей.

Я мяркую, што гэта «пацучыныя» метады. Я перад журналістамі папярэдзіў аднаго з міліцэйскіх начальнікаў, што праваахоўныя органы будуць несці адказнасць за неабгрунтаваныя затрыманні. Ніякіх падстаў для затрыманняў не было, таму, я ўважаю гэта за плявок у твар Еўразвязу, які хоць неяк спрабуе наладзіць дыялог з Лукашэнкам. І калі дыктатар крычыць, што апазіцыя вінаватая ў краху стасункаў з ЕЗ, то я скажу, што за гэта нясуць адказнасць тыя, хто беззаконна хапае людзей на акцыях, хто кідае палітвязняў за краты, хто вінаваты ў знікненні палітыкаў і ў тым, што Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі», - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках