Затрыманых на Дні Волі грамадзян Украіны дэпартуюць
7- 25.03.2013, 20:15
Актывісткі ўкраінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс» Юлія Грышчук і Юлія Слівінская асуджаныя на адзін дзень арышту.
Грамадзян Украіны, затрыманых на ўчорашняй акцыі, вызвалілі з-пад варты ў судзе Савецкага раёна ў сувязі з адбыццём пакарання, паведаміў прэс-сакратар пасольства Украіны ў Беларусі Аляксей Емяльяненка, паведамляе БелаПАН.
Паводле ягоных слоў, дакументы дзяўчат знаходзяцца ў міграцыйнай службе, а паколькі працоўны дзень ужо скончыўся, ім трэба будзе правесці ў Менску яшчэ адную ноч. Пасольства дапаможа ім у размяшчэнні. 26 сакавіка Юлія Грыишчук і Юлія Слівінская павінны быць дэпартаваныя з краіны.
Іх непаўналетні паплечнік Назар Зеліноўскі атрымаў папярэджанне і будзе перададзены бацькам. У аўторак яго таксама чакае працэдура дэпартацыі.
Прадстаўнікі «Нацыянальнага альянсу» прыбылі ў Менск з мэтай падняць украінскія сцягі на акцыі з нагоды Дня Волі. Усяго на акцыі было затрымана восем чалавек. Ім ставілася ў віну непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
Прэс-сакратар «Нацыянальнага альянсу» Майя Масквіч назвала мяккія прысуды актывістам арганізацыі «нашай перамогай».