17 траўня 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ірванулі ў абменнікі

116
Беларусы ірванулі ў абменнікі

Каля абменных пунктаў зноў выстройваюцца чэргі.

Памяць пра амаль трохразовае абясцэньванне беларускага рубля ў 2011 годзе незгладжальная: варта было курсу даляра пачаць асцярожны рух уверх, як каля абменных пунктаў з'явіліся чэргі жадаючых купіць замежную валюту.

Карэспандэнт Naviny.by пераканаўся ў гэтым асабіста, паназіраўшы ўчора ўвечары за «трафікам» каля абменнікаў у раёне ўнівермага «Беларусь» і ў цэнтры горада. Народ аперуе трохзначнымі лічбамі ў валюце, а суадносіны тых, хто прадае і купляе, вагаюцца ў межах ад 1:4 да 1:6.

«300 еўра ёсць? Дайце, калі ласка»

Пункт першы. «МТБанк». Падземны пераход на скрыжаванні Партызанскага праспекта і вул. Жылуновіча. Час: 17.20-17.35. Курсы: даляр - 8880-8960 рублёў, еўра - 11440-11600, расейскі рубель - 267,5-270 беларускіх.

Пасля чвэрці гадзіны каля гэтага абменнага пункта, у прынцыпе, можна было ўжо нікуды і не хадзіць: тут было ўсё ў адным флаконе, уключаючы аналітыку «ад народу». На акенцы аб'ява: «Паважаныя кліенты! Даляраў ЗША ў продажы няма. Прыносім прабачэнні». У чарзе шэсць чалавек. «300 еўра ёсць?» - з надзеяй у голасе пытаецца мужчына. «Ёсць». - «Дайце, калі ласка». Дама, якая стаіць за ім, моўчкі здае даляры, прыносячы поспех наступнай кліентцы, якая збіралася купіць 200 «зялёных». Аб'ява тым часам працягвае вісець, адпужваючы жадаючых канвертаваць рублі ў гэтую грашовую адзінку. Убачыўшы паперку, адна дама, ужо якая стаяла ў чарзе, засмучанаа ўздыхнула: «Стаяць бессэнсоўна, даляраў няма», - і ціха сышла. Хтосьці здае расейскія рублі, але яны нікога не цікавяць.

Наступны пакупнік перад набыццём СКВ, падобна, вырашыў заадно атрымаць сеанс псіхатэрапіі, звярнуўшыся да касіра з пытаннем: «Еўра ўвесь час у продажы ёсць?»

У канец чаргі прыстроіліся кампанія: дзве дамы сярэдняга ўзросту з мужчынам. «Глядзі, як падскочыў: пазаўчора быў 8830», - сказала адна, пакуль абменнік раставаўся з чарговымі 400 еўра. «Будзе зноў скачок. Трымалі, трымалі штучна, цяпер зарплату дадалі і пачалі адпускаць», - працягнуў спадарожнік. Дайшоўшы да акенца, кампанія зрабіла замову: «Тысячу еўра, толькі пяцісоткамі не трэба».

Пункт другі. «Ідэя Банк» каля гандлёвага цэнтра «Падземны горад». Час: 17.38-17.45. Курсы: даляр - 8850-8950, еўра - 11400-11550, расейскі рубель - 266-272 беларускіх. У чарзе 10 чалавек. Аперацыю не з валютай праводзіць толькі мужчына, які стаіць першым. Дзяўчына, якая стаіць за ім, цікавіцца, ці можна купіць 5 еўра і 30 даляраў. Адказ адмоўны. Наступнай даме вязе крыху больш: «Даляры купіць можна?» - «Так». - «Колькі ў вас?» - «Сто». 100-даляравая паперка была ў гэтым абменніку адзінай, але сумленных аб'яў, як у першым пункце, не вісела. Мініяцюрная дама нясмела цікавіцца: «Больш няма даляраў?» Няма. Неўзабаве журналіст выяўляе гэтую жанчыну ў хвасце чаргі каля наступнага абменнага пункта.

Пункт трэці. «Белінвестбанк», універмаг «Беларусь». Час: 17.52-18.02. Курсы: даляр - 8860-9000, еўра - 11420-11620, расейскі рубель - 265-270 беларускіх. У чарзе да двух акенцаў - 13 чалавек. Абслугоўваюць хутка. Мініяцюрная дама атрымлівае жаданыя 200 даляраў. Дзве дзяўчыны купляюць 400 даляраў. Буйная дама ў чырвонай сукенцы, пацікавіўшыся, ці ёсць даляры і еўра, пачынае інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы. Тым часам наступная кліентка купляе сотню «зялёных». З усіх кліентаў, што стаялі, валюту прадавалі толькі двое.

Пункт чацвёрты. «Беларусбанк» на праспекце Незалежнасці, 44. Час: 19.10-19.20. Курсы: даляр - 8860-9050, еўра - 11420 - 11760, расейскі рубель - 260 - 272 беларускіх. Да закрыцця застаецца менш гадзіны. У зале толькі два хлопцы. Няўжо ажыятаж спаў? Заходзіць дама і накіроўваецца да банкамата. Пакалдаваўшы каля яго, ідзе ў касу. «Я магу купіць 400 даляраў, зняўшы беларускія з карткі?..»

Хранічны крызіс даверу

У адсоткавым выражэнні сярэдні курс наяўнага даляра з пачатку месяца вырас усяго нічога - на 1,04% (з 8.823,5 да 8.915,5 рубля), але псіхалагічная траўма, пакінутая дэвальвацыяй, настолькі цяжкая, што любы рух курсу ўверх, які доўжыцца больш двух дзён, прымушае народ бегчы ў абменнікі. Ужо ў чэрвені фізічныя асобы купілі валюты больш, чым прадалі. У папярэднія месяцы насельніцтва выступала чыстым прадаўцом валюты. Даверу да заяваў уладаў аб адсутнасці перадумоў да дэвальвацыі няма ніякага, што, уласна, яны самі і прызнаюць. «Насельніцтва хваравіта рэагуе на любыя больш-менш істотныя змены курсу, якія з'яўляюцца звычайнымі для іншых краін», - заявіла літаральна ўчора кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова. Забыўшыся, праўда, патлумачыць, адкуль растуць карані такога недаверу.

Па гэтай жа прычыне не слухаюць асабліва і аналітыкаў, якія заяўляюць, што даляр даражэе, паколькі такая сусветная тэндэнцыя, а ў рэчаіснасці, маўляў, усё стабільна, так як кошык валют практычна не змяніўся. Пытанне ў тым, што грамадзяне калі і глядзяць у нейкі кошык, то толькі ў спажывецкі, а часцей за ўсё - у інвентарны. Сваю ролю адыгрываюць, вядома, эфект вялікіх лічбаў (рост курсу з 8800 да 8900 рублёў уражвае больш, чым, напрыклад, з 8 рублёў 80 капеек да 8 рублёў 90 капеек) і адпускная пара, але прычыны старога новага трэнду ляжаць у эканоміцы. Насельніцтва цалкам разбіраецца, што азначае рост заробкаў пры тармажэнні ВУП, падзенне экспарту і зніжэнне ставак па рублёвых дэпазітах.

Багданкевіч: За даляр 10 тысяч трэба даваць ужо сёння

Уласна, Надзея Ермакова ўжо дала зразумець, якой будзе палітыка курсаўтварэння: арыенцірам з'яўляецца інфляцыя. За першае паўгоддзе яна склала 7% пры росце афіцыйнай каціроўкі даляра на 2,6%. Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, які ў пачатку ліпеня заявіў, што да канца года даляр падаражэе да 9500 рублёў, цяпер адзначыў: амерыканская валюта павінна каштаваць 10 тысяч рублёў ужо сёння.

«Ажыятаж ў абменных пунктах звязаны не толькі з адпачынкамі. Прычынай з'яўляецца сітуацыя ў эканоміцы. Экспартаарыентаваныя прадпрыемствы маюць вельмі нізкую рэнтабельнасць і страты, выкліканыя стрымліваннем курсу», - лічыць Багданкевіч.

Па яго перакананні, нават пры жорсткім кантролі працэсу паслаблення рубля да канца года курс даляра вырасце да 9000-9500 рублёў. Эксперт, аднак, раіць падоўжыць павадок: «Кажуць, што ў нас рэзервы 8 мільярдаў даляраў. Але не трэба забываць, што ў камерцыйных банкаў чыстыя замежныя актывы роўныя мінус 5 з лішнім мільярдаў, гэтыя сродкі перайшлі ў Нацбанк у выглядзе рэзерваў. Так што мы маем рэзерваў менш за 3 мільярды даляраў».

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках