Камітэт ААН заступіўся за берасцейскага актывіста
2- 19.11.2014, 17:35
- 4,955
Камітэт ААН у правах чалавека ўсталяваў парушэнне права актывіста Партыі БНФ Сяргея Лазенкі на мірны сход і атрыманне інфармацыі.
Пра гэта, як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гаворыцца ў пастанове Камітэта, прынятай на сесіі ў кастрычніку гэтага года.
Скарга Сяргея Лазенкі, у якой ён дамагаўся прызнання парушэння сваіх грамадзянскіх правоў у выніку затрымання і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, была накіраваная ў Камітэт ААН у правах чалавека ў чэрвені 2008 года і зарэгістраваная ў гэтым міжнародным органе ў сакавіку 2010 года.
Падставай для скаргі стала затрыманне Лазенкі супрацоўнікамі міліцыі ў Берасці 19 жніўня 2007 падчас удзелу ў адкрытым пасяджэнні савета гарадской арганізацыі Партыі БНФ. У рамках пасяджэння праходзіла сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам і прэзентацыя яго кнігі "Лісты з лесу".
7 верасня 2007 суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў Лазенку вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства) і аштрафаваў на дзве базавыя велічыні (62 тысячы рублёў).
Да звароту ў Камітэт ААН у правах чалавека Лазенка на працягу доўгага часу беспаспяхова абскардзіў пастанову раённага суда ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Паводле вынікаў разгляду гэтай справы Камітэт прызнаў, што мела месца парушэнне права на свабоду мірных сходаў і свабоднае атрыманне інфармацыі, і запатрабаваў ад Беларусі прыняць меры ў прадухіленні падобных парушэнняў у будучыні.
"Мы вымушаныя даводзіць да разгляду ў Камітэце такія абсурдныя сітуацыі: чалец палітычнай партыі затрымліваецца і караецца за ўдзел у партыйным сходзе ў закрытым памяшканні, якое выкарыстоўвае партыя на правах арэнды. Спадзяюся, што пасля гэтай пастановы Камітэта падобныя затрыманні ў краіне спыняцца", - заявіў праваабаронца, які прадстаўляў інтарэсы Лазенкі ў Камітэце ААН у правах чалавека.
Кісляк адзначыў, што ўсяго ў той дзень былі затрыманыя 28 удзельнікаў пасяджэння, з якіх 15 прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.