7 траўня 2024, aўторак, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руслана - Пуціну: Майдан быў абарончай рэакцыяй на тое, што рабілі вы

22

Украінская спявачка і актывістка звярнулася да прэзідэнта Расеі.

Руслана Лыжычка ў сваім блогу на сайце "Украинской правды" распавяла пра сітуацыю, якая складваецца на ўсходзе краіны, пра расейскую прапаганду і пра прычыны Майдана. Прыводзім тэкст звароту цалкам:

- Мы маем справу сёння з гэтай страшнай зброяй прапаганды супраць Украіны. Мы наогул ніяк не абараняемся ад яе. Вось мы і маем вось гэтыя наступствы.

На ўсе болевыя кропкі, якія былі, ужо націснулі... Па ўсіх болевых кропках ужо праехаліся. І рэлігію зачапілі, і мову зачапілі, і ваенную нашу моц зачапілі - усе асноўныя слупы зачапілі.

А калі ж мы будзем займацца агітацыяй за Украіну? А калі мы пачнем займацца тым унутраным стрыжнем, на якім стаіць наша краіна?

Расея раптам, дзякуючы гэтай прапагандзе, стала агрэсіўнай. (Я цяпер так шмат раз буду паўтараць слова "прапаганда", пакуль мы ўсе не запомнім, наколькі гэта нашмат больш страшная зброя, чым усе танкі разам узятыя вакол нашых межаў). Звярніце ўвагу на сацыялогію (так, выбарка не вельмі вялікая - усяго 4.5 тыс апытаных, то гэта, тым не менш, паказчык): 50% простых людзей у Маскве гатовыя ехаць ваяваць з Украінай... Гэта - вынік прапаганды. Гэта - наступствы ўсяго толькі таго негатыву, які выплюхнуў на нас Крэмль, я лічу - асабіста палітыка Пуціна...

Мне абсалютна відавочна, што ўсе гэтыя канфлікты - гэта штучна створана сітуацыя: цалкам выразна ўпрыснутыя інфармацыйныя вірусы. Абсалютна ўсе мы заражаныя, усе, нават тыя, хто сябе лічыць адэкватным чалавекам. Паверце, у нас унутры ўсё роўна пэўная нервовасць ужо закладзеная. Паколькі мы і так разумеем, у якой мы ўсе знаходзімся (вельмі хочацца казаць канкрэтнае слова) сітуацыі.

Спрабуем цяпер зразумець, як проста выйсці са сцягам на вуліцу, проста нешта добрае сказаць..., так заб'юць, знясуць жа.

Я спрабую спланаваць сваю паездку ў хоць адзін горад на Усходзе і ў мяне не атрымліваецца, таму што мне кажуць: "Ну, Руслан, у нас столькі аховы няма, каб табе забяспечыць бяспеку".

Я ведаю на Данбасе ёсць людзі, якія тэлефануюць кожны дзень і просяць аб дапамозе. Яны кажуць: "Мы - патрыёты. Мы не аддамо Украіну ніколі, ні пры якіх абставінах. Калі ласка, Кіеў, працягніце нам руку".

300 подпісаў хлопцы сабралі за 3 гадзіны, па-мойму. Людзі падпісаліся за адзіную Украіну. Яны просяць Турчынава асабіста неяк звярнуць увагу на абарону.

Усход не абаронены ні міліцыяй, ні Беркутам, ні інфармацыйнай палітыкай. Вы разумееце, як жыць гэтым людзям у гэтых умовах?

Вось я спецыяльна зараз звяртаюся да іх:

Хлопцы! Мы прыедзем да вас і дапаможам, і руку працягнем. Галоўнае - захоўвайце, калі ласка, гэты стрыжань. Ён жа ў вас украінскі.

3 факта да хлопцаў на Усходзе:

Хлопцы, у Львове адкрылі "Русское радио". Адкрылі, здаецца, год таму. Хоць хтосьці наогул выйшаў на вуліцу з нейкімі пратэстамі? Вы хоць што-небудзь чулі, што Львоў пратэставаў з нагоды "Русского радио"? Вяшчае сабе на здароўе. Я вам нават больш скажу, прабач Божа мой родны горад, але гэта факт: слухаюць яго ў маршрутках. І наогул, ёсць хоць адна праблема? - Не.

Я вам больш скажу, у мяне мама руская. Яна з Урала. Мая мама размаўляе на рускай мове ў Львове 35 гадоў. Ёй наогул ніхто ніколі з гэтай нагоды не зрабіў ні адной заўвагі за ўсё жыццё.

І трэцяе, з нагоды фашысцкіх тэхналогій. Нам даслалі (усе, напэўна ведаюць, у інтэрнэце разасланы) плакат: на фоне арла стаіць маці з дзіцем. Гэта - такая прапаганда класічная, у стылі савецкіх плакатаў. Напісана "Расейская імперыя нясе вам лепшае жыццё". Знайшлі ідэнтычны плакат 30-х гадоў Гітлера - абсалютна падобны малюнак, проста ў капейку, проста памянялі назву.

Гэта значыць, усё ж такі, тэхнолагі ведаюць, што людзям казыча нервы, што іх запалохвае, што іх трымае ў страху. Значыць, Пуціну неабходна трымаць Расею ў страху, а пакутуем, хлопцы, чамусьці мы. Можа быць, усё ж такі, мы знойдзем у сабе стрыжань. Знайдзіце! Ён у нас украінскі, ён сёння мацней, чым рускі, мы сёння мацней.

У нас з вамі праблема ўжо не марыянетка - Януковіч. Ён ужо ўцёк. У нас нашмат больш сур'ёзная праблема і, на жаль, хутчэй за ўсё, украінцам прыйдзецца з гэтай праблемай змагацца. І гэтая праблема мае адно імя - Пуцін.

Я хачу яшчэ раз апеляваць да Пуціна, таму што гэта мой метад. Асабіста я яго абрала.

Па ўсім свеце я езджу цяпер і раблю такую, якую магу інфармацыйную іміджавую абарону нашай краіне, таму, што на міжнародным узроўні, глабальна, нас, прабачце за такі слэнг, "мочаць", і так "мочаць", што нават страшна сабе ўявіць.

Мне здаецца, вось гэты сюжэт, які зараз парваў інтэрнэт, калі, вы ведаеце, што адзін і той жа герой зняты ў двух розных эпізодах і яшчэ і паказаны па двух розных расейскіх каналах...

Спачатку ён прывёз, быццам бы, нейкіх там 500 тысяч еўра на Майдан, каб усіх пераапрануць ў ахоўную форму... Прычым, я была на Майдане. Хлопцы, ахоўнай формы ў нас ніколі не было. У нас заўсёды быў дэфіцыт. У нас было 20 бронекамізэлек на ўвесь Майдан і мы іх мянялі па чарзе, у залежнасці ад таго, куды ляцелі кулі. Гэта - раз.

Але другое, гэта - тое, што гэты ж чалавек потым зняўся (знялі) як анты-майданавец. Ён накшталт як прыехаў супраць сённяшняй улады і яго там дзесьці пабілі...

То бок, людзі працуюць у прапагандзе ўсё ж такі груба.

Значыць, у іх не заўсёды ўсё склейваецца. Яны разлічваюць, што ўсе, а ў першую чаргу расейцы, поўныя ідыёты, што мы ў гэта ўсё будзем верыць.

Цяпер, усё ж такі, звяртаюся да Пуціна.

Не ведаю, можа быць, яно калісьці рана ці позна Пуціну патрапіць на стол.

Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз хачу зрабіць да яго зварот:

Значыць, калі вы думаеце, што на Майдане, спадар Пуцін, былі тэхналогіі, я, як чалавек, які стаяў на Майдане, магу вам дакладна сказаць, што тэхналогій там не было. Я іх не бачыла. Я 4 месяцы прастаяла на Майдане (3 так дакладна, і апошні месяц ужо надавала міжнародным паездкам), але за 3 месяцы, што я дзень у дзень, ноч у ноч, была на Майдане, гэта нараджалася само па сабе, людзі прыдумлялі гэта на хаду. Мы арганізоўвалі, таму што гэтага не было, і гэта трэба было тэрмінова. Чаго ж вы пераймаеце тэхналогіі, перапранаеце гэта ўсё ў зваротныя формы, карыстаецеся ўсім тым, што мы прыдумалі і выдаеце гэта ўжо як за прадукт тэхналогій?

Не было тэхналогій! Гэта ўсяго толькі была абарончая рэакцыя ўкраінцаў на ўсё тое, што вы спрабавалі зрабіць з дапамогай Януковіча.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках