1 траўня 2024, Серада, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску махляр абяцаў дзяўчатам ажаніцца і пакідаў іх без грошай

22
У Менску махляр абяцаў дзяўчатам ажаніцца і пакідаў іх без грошай

Супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС Менска затрыманы маладзён, які ўбіваўся ў ласку да дзяўчат і завалодваў іхнімі рэчамі.

Пра гэта паведамілі charter97.org у прэс-службе ГУУС Менгарвыканкама.

Ім быў 30-гадовы раней неаднаразова суджаны за махлярства і крадзяжы нараджэнец Бабруйска, які жыве ў Асіповічах.

Маладзён знаёміўся з дзяўчатамі ў сацыяльных сетках, на вуліцы, у парках, кавярнях і г.д., прычым геаграфія ягоных знаёмстваў не абмяжоўвалася Асіповічамі - знаёміўся ён з дзяўчатамі з розных куткоў Беларусі. Пры знаёмстве кавалер прапаноўваў дзяўчатам схадзіць з ім у кавярню, у кіно, на шпацыр, прыгожа заляцаўся, завязваў працяглыя рамантычныя стасункі, распавядаў, што вельмі багаты, але вельмі самотны. Некаторым прапаноўваў выйсці за яго замуж, знаёміўся з бацькамі дзяўчат, дарыў сваім каханым залатыя заручальныя пярсцёнкі, якія, як пазней высветлілася, былі зусім не залатыя.

«Жаніх» меў рамантычныя стасункі адначасова з некалькімі дзяўчатамі, пры аглядзе ў яго было выяўлена 8 мабільных тэлефонаў і мноства SIM-картак, што былі зарэгістраваныя на дзяўчат, з якімі ён сустракаўся. За дзень ён кантактаваў адначасова адразу з некалькімі дзяўчатамі, пісаў ім SMS-паведамленні. Адначасова дзяцюк здымаў некалькі кватэр і кожнай з дзяўчат казаў, што кватэра належыць яму, і ён хоча жыць разам з каханай. Дзяўчаты згаджаліся і пераязджалі да яго ў кватэру, перавозілі ўсе свае рэчы, а праз некаторы час іхні «кавалер» знікаў, разам з ім знікалі і рэчы дзяўчат.

З адной з пацярпелых дзяцюк пазнаёміўся на паліўнай станцыі, дзе яна працавала. Прапанаваў схадзіць на шпацыр, пачаў з ёй сустракацца. У якасці жэсту кахання абяцаў адвезці яе ў рамантычнае падарожжа на Кіпр, для чаго нават забраў у ахвяры пашпарт, нібыта для атрымання візы. Маладзён зняў чарговую кватэру, а сваёй дзяўчыне сказаў, што кватэра належыць яму, і ён яе купіў для супольнага пражывання. Дзяўчына перавезла да яго ўсе свае рэчы. А аднаго дня выявіла адсутнасць у кватэры свайго жаніха, а таксама рэчаў, грошай, каштоўнасцяў і фотаапарата на агульную суму больш за 50 мільёнаў рублёў. Адну з дзяўчат ён здолеў упрасіць узяць на яе крэдыт, а грошы перадаць яму.

Цяпер дзеянням дзецюка даецца прававая ацэнка. Ёсць падставы меркаваць, што ахвяр махляра можа быць значна больш.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках