Праз дэнамінацыю памянялі Падатковы кодэкс
13- 27.05.2016, 18:25
- 14,729
Дэкларацыі аб падатках і зборах, якія будуць падавацца з 1 ліпеня, павінны быць аформленыя ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.
27 траўня «савет рэспублікі» ўхваліў праект закона аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс. Ён быў прыняты «палаткай» 25 траўня, піша БелаПАН.
Прадстаўляў законапраект у «савеце рэспублікі» міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын.
Дакумент забяспечвае прывядзенне норм Падатковага кодэкса ў адпаведнасць з указам Лукашэнкі ад 4 лістапада 2015 года №450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь».
Прапануецца з 1 ліпеня 2016 года сумы ставак падаткаў, збораў (мыт) ды іншыя паказчыкі, устаноўленыя ў беларускіх рублях, паменшыць у 10 000 разоў. Пры гэтым ўжываць матэматычнае правіла акруглення лічбаў.
Законапраект таксама ўдакладняе парадак падачы падатковых дэкларацый (разлікаў) з улікам дэнамінацыі.
Так, дэкларацыі аб падатках і зборах з унесенымі зменамі і дапаўненнямі, якія будуць прадстаўляцца з 1 ліпеня за студзень-чэрвень 2016 года, павінны быць аформлены ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.