17 траўня 2024, Пятніца, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка памілуе ўсіх, хто павініцца і пакрые «шкоду»?

1

Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы закон аб амністыі, які так доўга абмяркоўвалі беларускія «парламентарыі» з удзелам намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, старшыні камісіі па памілаванні Наталлі Пяткевіч. Урэшце выніковы дакумент упершыню за шмат гадоў сур'ёзна адрозніваецца ад папярэдніх. Раней усе законы аб амністыі перапісваліся літаральна пад капірку. Калі і ўносіліся змяненні, то нічога не значныя, «касметычныя». Гэтым разам сітуацыя зусім іншая, піша «Ежедневник».

Нагадаем, у «парламенце» Н.Пяткевіч катэгарычна выказалася супраць пашырэння спісу асоб, якія падпадаюць пад амністыю. Паводле яе слоў, дзейны інстытут памілавання дазваляе больш індывідуальна падысці да разгляду кожнай пэўнай справы, а не вызваляць усіх запар. Наталля Пяткевіч нават прапанавала выключыць з праекту закона аб амністыі жанчын, якія маюць дзяцей, і цяжарных жанчын.

«Летась мы разгледзелі каласальную колькасць прашэнняў ад жанчын з дзецьмі і цяжарных, – заявіла яна «парламентарыям». – На сёння не здаволеныя толькі тыя хадайніцтвы, дзе маці ўвогуле нельга аддаваць дзяцей».

Варта адзначыць, што Наталля Пяткевіч зусім не выпадкова казала пра большую эфектыўнасць інстытута памілавання перад амністыяй. Каб заслужыць памілаванне Лукашэнкі, асабліва за эканамічнае злачынства, асуджаны павінен не толькі раскаяцца і пакрыць усю шкоду, але і заплаціць звыш таго, то бок, пакрыць страчаную выгаду. Гэтая практыка, зацверджаная Лукашэнкам, знайшла шырокае ўжыванне ў Беларусі. Але яна вельмі неадназначна ўспрымаецца ў грамадстве. І галоўным чынам таму, што мала каму вядома, каго мілуюць і на якіх умовах, што нараджае шмат чутак і здагадак.

Між іншым, гандаль індульгенцыяй станоўча ўспрынялі ў сілавых структурах. Як кажуць следчыя, лепш, каб чалавек заплаціў дзяржаве буйную суму грошай і выйшаў на свабоду, чым схаваў гэтыя грошы і жыў некалькі гадоў за кошт дзяржавы. Увогуле, эканамічны аспект, хоць і спрэчны, у дзейным інстытуце памілавання вельмі эфектыўны. І менавіта яго адстойвала ў «парламенце» Наталля Пяткевіч. Прычым удала.

Калі цяжарных жанчын і жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, «парламентарыі» усё ж вырашылі вызваліць, то эканамічны складальнік перагледзелі. У новы закон упершыню дададзены пункт, які ўсталёўвае, што дзеянне амністыі не распаўсюджваецца на асоб, «якія на дзень разгляду матэрыялаў аб ужыванні амністыі цалкам не пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду, якая падлягае спагнанню з іх па прысуду, які ўступіў у сілу, або іншаму рашэнню суду». Іншымі словамі, Н.Пяткевіч атрымалася абараніць перад «дэпутатамі» эканамічныя інтарэсы.

Гэтыя ж інтарэсы добра прасочваюцца і ў іншым новаўвядзенні. Цяперашняя амністыя ўпершыню не будзе распаўсюджвацца і на асоб, у дачыненні якіх яшчэ праводзіцца папярэдняе расследаванне па крымінальных справах або справа разглядаецца ў судзе. Гэта зробленае таму, што без расследавання і прысуду, які ўступіў у сілу, нельга спагнаць прычыненую шкоду.

Адзінае, чаму не пайшлі насустрач «парламентарыі», так гэта патрабаванню не вызваляць цяжарных жанчын і тых, у каго ёсць непаўналетнія дзеці. Гэта засталося нязменным.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках