30 красавiка 2024, aўторак, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэпрэсіі супраць апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты працягваюцца

1

У сераду атрымаў штраф актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назіральнік Дзяніс Рабянок, сёньня ў Баранавічах адбудзецца судовы працэс паводле пазову Мікалая Чарнавуса. У чаканьні суду былы віцебскі міліцыянт Андрэй Левінаў.

Мікалай Чарнавус не аднойчы адстойваў інтарэсы баранавіцкіх прадпрымальнікаў, падаваў заяўкі ў гарвыканкам на правядзеньне пікетаў, пісаў заявы у падатковую інспэкцыю, вёў перамовы з прадстаўнікамі ўкраінскай амбасады ў Беларусі, каб у пяцікілямэтровай памежнай зоне ўкраінцы разьмясьцілі аптовыя рынкі.

Актыўная пазыцыя актывіста Чарнавуса даўно не падабаецца мясцовым уладам, і 24 траўня ў баранавіцкай газэце “Наш край” зьявіўся вялікі артыкул на дзьвюх старонках, які, на думку Мікалая Чарнавуса, быў замоўленым.

“Ужо ўсе ведалі, што Чарнавус ідзе ў кандыдаты ў дэпутаты, і журналіст Худэнка Мікалай Мікалаевіч у “Нашым краі” піша вялікі артыкул “У ахвоту бойка мне, ох як у ахвоту!”, у якой выліў на мяне шмат бруду. І я падаў у суд у абарону гонару і годнасьці”, - сказаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” Мікалай Чарнавус.

Віцебскага міліцыянта Андрэя Левінава ў бліжэйшай пэрспэктыве чакаюць тры судовыя працэсы.

“Адзін—гэта аднаўленьне на службе, другі суд – абарона гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, і трэці суд, як гаворыцца, “безь мяне мяне жанілі”, безь мяне вынесьлі рашэньне, аштрафавалі мяне на 10 базавых велічыняў за тое, што я быццам бы, яшчэ знаходзячыся на службе, пабіў высокапастаўленага супрацоўніка міліцыі”, - тлумачыць Андрэй Левінаў.

Ён мае намер прайсьці ўсе судовыя інстанцыі, якія прадугледжаныя заканадаўствам: ад раённага суду першай інстанцыі, касацыйных скаргаў у Вярхоўны суд, Канстытуцыйны суд, каб потым аспрэчваць рашэньні беларускіх судоў у міжнародных судах.

“З аднаго боку, я, як бы там не было, спадзяюся, што суд усё ж такі прыме рашэньне у адпаведнасьці з законам. З другога боку, рэальна гледзячы на рэчы, я разумею, што, хутчэй за ўсё, суд прыме рашэньне не ў адпаведнасьці з законам. Усе ж разумеюць, што любы закон у нас як зручна, так і паварочваюць”, - кажа былы кандыдат у дэпутаты.

І Андрэя Левінава, і Дзяніса Рабянка судзілі завочна, хаця ні таму, ні другому не паведамілі пісьмова, праз позву, пра судовае паседжаньне. А потым толькі з рашэньня суду спадар Рабянок, да прыкладу, даведаўся, што ён нібыта наўмысна ўхіляўся ад яўкі ў суд.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках