23 снежня 2024, панядзелак, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брус Джэксан: Зняцце візавых санкцый з Лукашэнкі – памылка як стратэгічная, так і маральная

7
Брус Джэксан: Зняцце візавых санкцый з Лукашэнкі – памылка як стратэгічная, так і маральная

Па меркаванні ўплывовага амерыканскага эксперта, прэзідэнта няўрадавай арганізацыі «Праект пераходных дэмакратый» Бруса Джэксана, у адказ на агрэсію Расеі ў Грузіі, Еўропа пайшла на збліжэнне і фактычна абнялася з «апошнім дыктатарам у Еўропе».

У інтэрв'ю DELFI.lt эксперт лічыць, што абгрунтаванне, прыведзенае прыхільнікамі нармалізацыі адносінаў з рэжымам Лукашэнкі, сярод якіх Польшча і Літва, вельмі супярэчлівае і складанае для разумення.

- Адміністрацыя ЗША уключыла Літву ў праграму па адмене віз напярэдадні парламенцкіх выбараў. Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэтае рашэнне спрыяла поспеху літоўскіх кансерватараў, партыя якіх стала лідэрам па выніках галасавання. Вы згодныя з такой узаемасувяззю?

- У праграму па вызваленні ад візавых абавязанняў былі ўключаныя шэсць краін (Літва, Эстонія, Латвія, Славакія, Чэхія і Паўднёвая Карэя), таму нельга сцвярджаць, што выбары ў Літве паўплывалі на гэтае рашэнне. Прэзідэнт Буш ніколі не хаваў, што хацеў распаўсюдзіць гэтую праграму на сяброўскія краіны або краіны-саюзнікі ЗША, але пакуль гэтыя шэсць краін сталі адпавядаць прававым нормам, усталяваным Кангрэсам ЗША, прайшло так шмат часу.

- Вядома, што літоўскія кансерватары больш цвёрда ставяцца да кіруючых рэжымаў у Расеі і Беларусі. Як, на Ваш погляд, можа змяніцца знешняя палітыка Вільнюса пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі і Літве?

- Падчас сусветнага фінансавага крызісу, няўпэўненасці сярод еўрапейскага ўрада і абурэння Расеі цяжка ўбачыць, як выбары ў парламент пашырылі еўрапейскую знешнюю палітыку ў бок Расеі. Нажаль, еўрапейскія міністры замежных спраў ужо разгарнулі гэтую палітыку ў бок Беларусі, зрабіўшы Лукашэнку і іншых ключавых персон уязнымі ў ЕЗ. Гэта была памылка, як стратэгічная, так і маральная.

- У апошні час Еўразвяз распачаў шэраг крокаў па нармалізацыі адносінаў з рэжымам Лукашэнкі. Ад некаторых палітыкаў, у тым ліку і літоўскіх, можна чуць, што стратэгія санкцый да яго апынулася беспаспяховай. І услед за Вашынгтонам, Брусэль, таксама часова, прыпыніў дзеянне некаторых санкцый. Ці можна гэтыя рашэнні ўспрымаць, як праяву еўраатлантычнай салідарнасці да «апошняга дыктатара ў Еўропе»?

- Грамадскія арганізацыі ў Еўропе і ЗША выступалі і па ранейшым выступаюць супраць рашэння ЕЗ зняць статус неўяздных з Лукашэнкі і ягонага рэжыма. Гэтыя чыноўнікі дагэтуль знаходзяцца ў спісе неўяздных у ЗША. Абгрунтаванне, прыведзенае прыхільнікамі нармалізацыі, сярод якіх Польшча і Літва, вельмі супярэчлівае і складанае для разумення. Нядаўнія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. Таму «менская вясна» не з'яўляецца жыццяздольнай падставай і не вытрымлівае крытыкі. Другім довадам з'яўляецца тое, што Еўропа, у адказ на агрэсію Расеі ў Грузіі, пайшла на збліжэнне і фактычна абнялася з «апошнім дыктатарам у Еўропе». І зараз у бліжэйшыя месяцы Еўропе прыйдзецца тлумачыць, як жа можна супрацьстаяць злачыннай агрэсіі адной краіны, садзейнічаючы злачынцам з іншай. Апошняе нявыказанае тлумачэнне такое, што як Польшча, так і Літва лічаць, што яны могуць зарабляць у Беларусі, што з'яўляецца важнейшым фактарам, чым правы чалавека і міжнародная справядлівасць.

- Як Вы ацэньваеце польска-швецкую ініцыятыву, якая прапануе новую праграму «Ўсходняе партнёрства»?

- Усходняе Партнёрства гэта сапраўды наватарская і захапляльная ініцыятыва, якая разам з нядаўна ўзніклай Еўрапейска-Ўкраінскай супольнасцю адзначыла прарыў у справе супрацоўніцтва новых дэмакратый Усходняй Еўропы з ЕЗ. Пасля канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй у жніўні ЕЗ паскорыў развіццё Ўсходняга Партнёрства, якое ўжо можа прапанаваць сур'ёзныя падставы для лібералізацыі візавых адносін, гандлю і эканамічнага развіцця і дапамогі. У выніку ўсходнія суседзі ЕЗ з Еўрапейскай палітыкі добрасуседства пераходзяць у партнёрства, якое разумее шырэйшыя і цесныя сувязі з Еўропай і магчымасць бліжэйшай інтэграцыі з цягам часу. Усходняе Партнёрства з'яўляецца сур'ёзным дасягненнем у стварэнні агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі і даказвае, што ЕЗ цалкам здольны ўпэўнена дзейнічаць на сусветнай арэне.

- Шматлікія ўжо стаміліся назіраць за палітычнымі баталіямі ва Ўкраіне. Тым не менш, на Захадзе і Ўсходзе цікавасць да таго, што адбываецца ў гэтай краіне не слабее. Па Вашым меркаванні, што можна чакаць ад маючых адбыцца пазачарговых парламенцкіх выбараў ва Ўкраіне і як яны могуць паўплываць на далейшае становішча краіны ў свеце?

- Увогуле, палітычны клас ва Ўкраіне не адбыўся ў плане прапановы годнага ўрада і дабрабыту ўкраінскаму выбаршчыку. Я падазраю, што ўкраінскія выбаршчыкі, як і замежныя назіральнікі, ужо па горла сытыя бясконцым і безнадзейна эгаістычным палітычным супрацьстаяннем бачных дзеячоў. У Вашынгтоне ўсе сходзяцца ў меркаванні, што ўсе тры палітычныя партыі сябе дыскрэдытавалі і што снежаньскія выбары нічога не вырашаць. На мой погляд, не варта чакаць змен або тлумачэння з нагоды месца Ўкраіны ў свеце да таго часу, пакуль на кіеўскай палітычнай сцэне не паўстануць новыя партыі, якія валодаюць больш набліжаным да еўрапейскага палітычным чуццём.

- Расейскі Чарнаморскі флот сыдзе з Севастопаля ў 2017 годзе, калі Ўкраіна не падоўжыць тэрмін арэнды ваенна-марской базы, заявіў у эксклюзіўным інтэрв'ю Бі-бі-сі віцэ-прэм'ер РФ Сяргей Іваноў. Вы верыце ў шчырасць гэтай заявы?

- Мне вядома ж хацелася б спадзявацца, што Іваноў шчыра казаў аб выкананні прававых абавязанняў Расеяй, што яна вывядзе свой Чарнаморскі флот у тым выпадку, калі дамова арэнды не будзе падоўжаная. Улічваючы гэта, я думаю, што ўсё яшчэ ёсць шанец або нават магчымасць, што Расея і Ўкраіна дамовяцца аб падаўжэнні дамовы хутчэй з эканамічных, чым палітычных меркаванняў.

- У снежні павінная адбыцца нарада краін НАТА. Ці можна ад яе чакаць чагосьці асабліва важнага, як для сябраў Альянсу, так і для краін постсавецкай прасторы?

- У снежні НАТА праводзіць нараду на ўзроўні міністраў, на якой будзе перагледжаны статус і дасягненні постсавецкіх і балканскіх кандыдатаў на ўступленне. На гэтай нарадзе я не магу чакаць нейкіх рашэнняў, бо, сярод іншага, ЗША будуць занятыя прэзідэнцкімі выбарамі. Цяпер уся ўвага прыкавана да саміта ў Страсбурзе, прысвечаным 60-м угодкам НАТА. Ён пройдзе ў 2009 г. з 2 па 4 красавіка. Я спадзяюся, што кіраўнікі дзяржаў-сябраў НАТА прымуць пэўныя рашэнні адносна Грузіі, Украіны, Македоніі, Чарнагорыі, Сербіі, Босніі і нават Косава. Я думаю, што на ўдзельнікаў саміту будзе ціснуць вялікі цяжар пытанняў, пакінутых неразрашоннымі на саміце НАТА у Бухарэсце, а таксама дадатковая праграма НАТА па стаўленні да Ўсходняга Партнёрства і Ўкраінскай Супольнасці, прапанаваная ЕЗ.

Пытанні задаваў Раман Якаўлеўскі

Дасье:

Брус П. Джэксан – заснавальнік і кіраўнік Праекту для дэмакратый пераходнага перыяду, намэтаванага на прасоўванне дэмакратычных рэформ у дзяржавах, якія з'явіліся на палітычнай мапе свету пасля 1989 г., і на інтэграцыю гэтых дзяржаў у ЕЗ і НАТА. У 2004 г. эксперт стаў сябрам Міжнароднай камісіі па ўрэгуляванні крызісу на Балканах. У 1995-2003 гг. быў прэзідэнтам Камітэта ЗША па НАТА– няўрадавай арганізацыі, мэтай якой з'яўляецца пашырэнне НАТА і ўмацаванне адносін паміж ЗША і Еўропай. У 1993-2002 гг. займаў пост віцэ-прэзідэнта па стратэгічным планаванні ў кампаніі Локхід Марцін Карпарэйшн. Да гэтага эксперт выконваў функцыі кансультанта ў дамоўленасцях з нерухомасцю кампаніі Леман Бразэрз. У 1986-1990 гг. ён займаў пасады ў офісе Міністра абароны ЗША, адказваючы за пытанні ядзернай зброі і кантролю над узбраеннямі. У 1979-1990 гг. Брус Джэксан служыў ва ўзброеных сілах ЗША у якасці афіцэра выведкі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках