28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кітайскі сіндром»

18
«Кітайскі сіндром»

Сенсацыйнай падзеяй у жыцці Беларусі стала адмена еўрапейскіх санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Адбылося гэта, нягледзячы на тое, што «парламенцкія выбары» былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю недэмакратычнымі і несвабоднымі, а іх вынікі - сфальсіфікаванымі. На працягу апошняга тыдня стала відавочна, што вельмі шмат хто сэнс гэтай падзеі ўспрымае дыяметральна супрацьлеглым чынам, але пры гэтым - усе задаволеныя.

«Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы падтрымліваюць частковае зняццё санкцыяў. Прынцыпова мы за гэтую формулу. І сёння мы разыходзімся з тым рашэннем, якое прынятае ў Люксембурзе, толькі па адной асобе – Аляксандра Лукашэнкі», - заявіў як заўсёды поўны аптымізму старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі».

Таксама надта задаволены адменай санкцыяў вядомы нямецкі палітолаг і лабіст, дырэктар цэнтра Расеі і Еўразіі Нямецкага савету па знешняй палітыцы Аляксандр Рар.

«Нельга забывацца, што Беларусь адкрываецца для прыватызацыі не толькі расейскімі інвестарамі. Заходнія фірмы вельмі моцна ціснуць на свае ўрады, каб яны распачалі канкрэтны дыялог з вашай краінай, тады туды пайшоў бы і бізнэс. Усім хочацца зарабляць на немалым беларускім рынку, які знаходзіцца ў цэнтры Еўропы».

Таксама з несхаванай радасцю Аляксандр Рар заўважыў: «Захад бачыць, што ў Беларусі няма арганізаванай апазіцыі, яна расколатая, няма адзінага лідэра».

«Сёння большасць насельніцтва Беларусі падтрымлівае курс, які праводзіць урад і прэзідэнт Лукашэнка. Чакаць 5-10 гадоў, пакуль у Беларусі што-небудзь зменіцца, Захад ужо не хоча, надышоў час працаваць з Беларуссю», -- рэзюмаваў немецкі лабіст, разумеючы пад Беларуссю апошняга еўрапейскага дыктатара.

Ангельскі лорд Цімаці Бэл, які рыхтуе візіт беларускай праўладнай «вярхушкі» на інвестыцыйны форум у Лондан, таксама задаволены перспектывамі, якія адкрываюцца.

«Большасць беларусаў задаволеныя і шчаслівыя. (…) Улады хочуць прыцягнуць знешнія інвестыцыі, хочуць, каб беларусы свабодна вандравалі, каб знялі візавыя санкцыі з чыноўнікаў, каб яны маглі вучыцца ў іншых краінаў», — сказаў Бэл у інтэрв'ю расейскаму тэлеканалу НТВ.

Былы амбасадар АБСЕ у Менску Ханс-Георг Вік, які як і Бэл бываў у Беларусі, больш цвяроза ацэньвае сітуацыю ў нашай краіне: «Я не магу ўявіць, што беларускія ўлады пойдуць на істотныя саступкі». Вопытны дыпламат лічыць, што «для Беларусі рыхтуецца так званая кітайская мадэль, калі ў краіне сумяшчаюцца аўтарытарны рэжым і эканоміка, якая лібералізуецца».

Адразу ж хочацца нагадаць, што такое аўтарытарны рэжым па-кітайску. Гэта масавыя публічныя пакаранні смерцю, дзесяткі тысячаў палітычных вязняў, татальны кантроль партыі над грамадствам, поўнае «фільтраванне» палітычнай інфармацыі ў Інтэрнэце і г.д.

Зразумела, што магчымай рэалізацыяй такога сцэнара вельмі задаволеныя беларускія ўлады. У дзень адмены санкцыяў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў пасля сустрэчы з Вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўерам Саланам заявіў: «Урад Беларусі шмат уклаў у гэты дзень. Мы ацанілі рашэнне ЕЗ і чакаем, што яно будзе пашыранае і паглыбленае, па меры нашага супрацоўніцтва і нашых адносінаў».

Пры гэтым Мартынаў ані словам не ўзгадаў пра рэформы ў сферы правоў чалавека і свабоды слова.

Нічога страшнага ў тым, што адбылося не бачыць і лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Пасля сустрэчы ў Варшаве з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, ад імя ўсёй апазіцыйнай дэлегацыі, ён заявіў «Радыё Свабода»: «Усё выказаліся за неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ, які, перш за ўсё, неабходны беларускаму народу».

«Што датычыць тэмпаў дыялогу, тэмпаў паслабленняў, крокаў, якія павінен рабіць хтосьці першым, хтосьці другім, даваць ці не даваць візу Аляксандру Лукашэнку ў Еўропу – тут ёсць дыскусіі. Я не лічу іх прынцыповымі. Прынцыпова тое, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў эканамічным, гандлёвым, а таксама ў палітычным супрацоўніцтве з Еўропай», -- сказаў палітык. Прычым у гэтым выпадку Аляксандр Мілінкевіч пад словам Беларусь разумее тое ж, што і Аляксандр Рар – беларускі рэжым.

«Не ўсе апазіцыянеры мяне разумеюць. Шмат хто лічыць мяне здраднікам. Але я прытрымліваюся сваіх поглядаў. Я і надалей лічу, што Еўразвяз павінен паспрабаваць размаўляць з рэжымам», -- прызнаецца экс-кандыдат у прэзідэнты ў інтэрв'ю «Польскаму радыё».

Сёння кіраўнікі палітычных партыяў і Аляксандр Мілінкевіч цалкам задаволеныя сваёй роляй дарадцаў для Еўропы. І з гонарам заяўляюць, што рыхтуюць для офісаў еўрапейскіх палітыкаў новую «дарожную карту», абсалютна забыўшыся, што не выкананая папярэдняя – 12 умоваў Еўразвяза.

Еўрапейскія гульцы, якія таксама забыліся аб сваіх 12 умовах, на самой справе чакаюць ад Лукашэнкі толькі адной, вельмі неканкрэтнай дзеі. «Адзін з новых элементаў рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі звязаны…з надзеяй, што на працягу 6 месяцаў будзе зроблены больш мяккім прыняты Закон аб СМІ», -- кажа дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Януш Анышкевіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Зроблены больш мяккім новы закон аб СМІ» -- вось такое «жорсткае» і «канкрэтнае» патрабаванне да беларускай дыктатуры на бліжэйшыя 6 месяцаў!...

У сітуацыі, якая склалася, кіраўнікі руху «За свабоду» і апазіцыйных партыяў спрабуюць угаварыць прагматычна-цынічных еўрапейцаў пакінуць за імі хоць бы месца кансультантаў на перамовах ЕЗ-Лукашэнка. Аднак, пагадзіўшыся на ролю «слабой апазіцыі» у чужой гульні, бяздарна ўпусціўшы магчымасць сарваць выбарчы фарс і прадэманстраваць сілу, яны наўрадці могуць разлічваць на тое, што іх жаласныя просьбы будуць пачутыя.

Гэтая ацэнка таго, што адбываецца, можа падацца вельмі жорсткай, але толькі рэальнае бачанне сітуацыі, у якой мы ўсё апынуліся, дапаможа нам выйсці з крызісу.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках