Найдаражэйшы квартал Масквы прыйшоў у запусценне з-за крызісу
2- 1.11.2026, 21:22
- 4,736
Цяперашні стан Патрыяршых сажалак шакаввае масквічоў.
Пагаршэнне эканамічнага становішча Расіі на фоне працяглай вайны супраць Украіны б'е нават па Маскве і яе найдаражэйшых кварталах, піша «Дыялог».
Цяперашні стан Патрыяршых сажалак — калісьці багемнага месца, якое лічылася сімвалам лоску, шыку і эпіцэнтрам свецкага жыцця Масквы, жахае масквічоў, пра што яны пішуць у сацыяльных сетках. Замест элітных устаноў і расіян, што вялі раскошны лад жыцця, там цяпер пуста.
Адпаведнае відэа змясціў у сацсетках адзін з жыхароў расійскай сталіцы.
«А вы ўвогуле бачылі, што адбылося з Патрыяршымі сажалкамі? Для мяне асабіста гэты раён заўсёды ў памяці быў месцам пэўнага кічу, лоску і пастаянных тусовак. А тут, гуляючы па Маскве ў пятніцу вечарам, я забрыў на Малую Бранную і зразумеў, што там амаль усё закрыта. Усё тое, што раней упрыгожвалі да Новага года, усе тыя рэстараны, што ломіліся ад страў па завышаных цэнах, — яны ўсе закрытыя. Як так атрымалася? Вы проста паглядзіце, там няма нікога», — заявіў аўтар, дэманструючы ў відэа шыльды калісьці дзейных устаноў.
Пра тое, што Патрыяршыя сажалкі скаланулі сур'ёзныя змены, паведамлялася яшчэ летам-восенню мінулага года. Элітныя рэстараны, якія гадамі арэндавалі памяшканні, пачалі зачыняцца і з'язджаць. Зачыніліся не толькі ўстановы, што адкрыліся пару гадоў таму, але і тыя, што працавалі там каля 10 гадоў, — пісалі расійскія СМІ.
Адной з прычын такіх закрыццяў называлі рост цэн на прадукты і арэнду (стаўкі дасягнулі рэкордных адзнак — у сярэднім 150–250 тыс. рублёў за квадратны метр у год або месяц у залежнасці ад лакацыі) і павышэнне падаткаў. Уладальнікі некаторых устаноў скардзіліся, што пастаянныя кліенты раз'ехаліся.
Таксама паведамлялася, што рэстаратары адчуваюць востры недахоп персаналу з-за дэфіцыту кадраў на рынку працы, які пагоршыўся пасля мабілізацыі, што, у прыватнасці, прывяла да масавага ад'езду расіян за мяжу.