5 траўня 2024, Нядзеля, 19:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Дзядоў пачалося Адраджэнне Беларусі (Фота, відэа)

1
З Дзядоў пачалося Адраджэнне Беларусі (Фота, відэа)

Мемарыяльнае шэсце і мітынг, прысвечаныя «Дзядам» – Дню памяці продкаў, пройдуць 2 лістапада ў Менску. Сёлета адзначаецца 20-годзе з першай акцыі, якая стала пачаткам нацыянальнага Адраджэння на Беларусі.

У Менгарвыканкам ужо пададзеная заяўка на правядзенне акцыі на Дзяды. Яе падпісалі старшыня Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі і ягоны намеснік Віктар Івашкевіч. Плануецца, што акцыя пачнецца 2 лістапада а 12 гадзіне на Усходніх могілках Менска. Людзям прапануецца ўскласці кветкі на магілы Ўладзіміра Караткевіча, Генадзя Карпенкі, Пімена Панчанкі, Васіля Быкава ды іншых нашых славутых суайчыннікаў. Затым пройдзе шэсце па вуліцах Каліноўскага і Лагойскі тракт да урочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг.

Сёння на Управе БНФ адбылася прэс-канфэрэнцыя лідэраў Беларускага Народнага Фронта і вядомых беларускіх паэтаў, гісторыкаў, мастакоў, якія былі ўдзельнікамі падзеяў 1988 года.

Нагадаем, што 30 кастрычніка 1988 году ў Менску адбылася масавая дэманстрацыя памяці ахвяраў сталінізму, у якой удзельнічалі ня менш за пяць тысячаў чалавек. Людзі выйшлі з бел-чырвонымі-белымі сцягамі, але акцыя была разагнаная ўладамі з выкарыстоўваннем дубінак і слезацечных газаў, што было ўпершыню на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Вынікам стаў росквіт апазіцыйных настрояў і ўтварэнне Аргкамітэту па стварэнню Беларускага Народнага Фронту.

Сёння прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі прынялі сумесны зварот да беларускага грамадства, у якім адзначылі:

“Дваццаць гадоў таму адбыліся першыя агульнанацыянальныя Дзяды, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю. Тысячы людзей з усёй Беларусі сабраліся тады каля менскіх Усходніх могілак, каб ушанаваць памяць продкаў, якія жылі на гэтай зямлі, захоўвалі ейныя духоўныя скарбы, баранілі ад ворагаў, гінулі за ейную свабоду і незалежнасць.

Нягледзячы на жорсткі супраціў камуністычнай улады, Дзяды-1988 ускалыхнулі грамадства, далі яму новыя ідэі і арыентыры. Менавіта ў той дзень падчас мітынгу па дарозе на Курапаты ўпершыню за некалькі дзесяцігодзяў быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, які неўзабаве стаў дзяржаўным сцягам незалежнай Беларусі.

Сённяшняя ўлада робіць новыя спробы вынішчыць гістарычную памяць беларусаў, збудаваць у нашай свядомасьці “лінію Сталіна”. Але мы ведаем, адкуль наш род. У нас 1000-гадовая гісторыя, і мы памятаем ейных герояў. Яны даюць нам прыклад, умацоўваюць веру ў дэмакратычную эўрапейскую прышласьць” .

Падчас прэс-канферэнцыя яе удзельнікі казалі пра вялікую ролю, якую адыгралі Дзяды-88 у гісторыі сучаснай Беларусі і ўзгадвалі гістарычныя падзеі, сведкамі якіх яны былі асабіста.

“20 гадоў таму падчас “Дзядоў” адбыліся вядомыя падзеі, якія выклікалі розглас ва ўсім свеце, і гэта прымусіла нас адносіцца да гэтага дня асабліва. Тым больш, што Дзяды ў 1988 годзе сыгралі вялікую ролю ва ўстанаўленні Беларускага Народнага Фронту. Таму мы разглядаем гэтыя Дзяды яшчэ і ў гэтым рэчышчы. Як адзін з важных элементаў, дзе ёсць магчымасць узгадаць той шлях, які мы прайшлі за гэтыя 20 гадоў. Я правёў перамовы з кіраўніком Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянонам Пазняком, адным з заснавальнікаў і першым лідэрам Беларускага Народнага Фронту. На пачатку мы адзначылі, што трэба было паўтарыць маршрут 20-ці гадовай даўніны, пасля калегі спадара Пазняка сказалі, што лепш паўтараць маршрут апошніх гадоў. Мы лічым, што імпрэзу трэба пачаць на Усходніх могілках ускладаннем кветак да магілы волатаў нашага Адраджэння, а шэсце можна правесці супольна. Гэта не ёсць нейкае супрацьпастаўленне. Мы проста бачым лагічным, што ў святы дзень памяці Дзядоў мы павінны былі б праз 20 гадоў паўтарыць той самы маршрут і тую самую магчымасць”, -- заявіў лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін узгадаў, як сябе паводзілі вядомыя людзі краіны падчас падзеяў 1988 года ў Менску. Напрыклад, са словаў Бураўкіна, беларускі паэт Пімен Панчанка адмовіўся падпісаць рэзалюцыю камісіі, якую пасля разгона акцыі на Дзяды стварыў Саўмін БССР і якая пастанавіла, што ў беларускіх Курапатах не адбываліся сталінскія рэпрэсіі.

“У 1988 годзе я быў ва Украіне, але я добра памятаю, што было пасля, бо калі я вярнуўся ў Менск, то вакол гэтай падзеі шлі вельмі бурныя спрэчкі і дэбаты і дакладна магу цяпер сказаць, што сапраўды гэта была вельмі важная ў гісторыі Беларусі падзея. Калі б не гэтая падзея, то шмат чаго ў грамадскім жыцці нашым не было і таго ўздыму, які тады ў 1990-я гады зрабіў Адраджэнне, яго б не было таксама. Я лічу, што будзе вельмі правільна, разумна напомніць людзям, як гэта было дакладна. Тым больш, што для гэтага ёсць і людзі, і дакументальныя сведчанні. Мне здаецца, што напамін пра гэтыя падзеі вельмі важны для маральнага адчування нашага грамадства. І мне здаецца, што мы павінны на Дзяды ўскласці кветкі і беларускаму паэту Пімену Панчанку. Такая постаць, такая асоба, як ён, многа значылі тады. Напрыклад, у 1988 годзе пасля Дзядоў Саўмінам была створаная камісія, якая заявіла што там няма сталінскіх рэпрэсій. Панчанка адмовіўся падпісаць гэтую непраўдзівую пастанову. Ён запісаў на газэце, якую прынёс туды з сабой, радкі Коласа: “Канстытуцыю далі, адчынілі дзверы, і ў астрог нас павялі і таўкуць без меры”. Вось так ён ацаніў тую сітуацыю.

Я памятаю таксама нашыя начныя, да крыку, гаворкі з старшынёй Вярхоўнага Савета БССР Георгіем Станіслававічам Таразевічам, які магчыма і хацеў бы разабрацца ва ўсім і застацца на маральных пазіцыях, але якога зламалі сілавікі, якія ўсё абсалютна сфальсіфікавалі. Між іншым, вось тады гэтыя фальсіфікацыі пачалі праяўляцца, калі сілавікі казалі, што нібыта супраць людзей, якія вышлі адзначыць Дзяды, не выкарыстоўвалі газ “Чаромха”. І калі мы раскажам аб тым, што было, многія сёння зразумеюць, што нічога новага многія нашыя чыноўнікі не адкрылі. Усё яны робяць так, як было даўно ўжо”, -- -- заявіў Генадзь Бураўкін.

Беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў узгадаў, як беларуская інтэлігенцыя на знак пратэста супраць разгона мірнай акцыі на Дзяды пісала ліст Міхаілу Гарбачову.

“У нас шмат успамінаў і мы з задавальненнем падзелімся імі з журналістамі. Я магу расказаць пра Таразевіча, які мяне уратаваў ад высылкі ў Полацк, бо пасля выступу на мітынге на Дзядах да мяне кожны дзень пачаў прыходзіць лейтэнант міліцыі Сальнік і складаць пратакол аб пражыванні без прапіскі ў Менску, папярэдзіўшы, што гэта зламыснае ўхіленне ад прапіскі будзе мець наступствы або дэпартацыю назад у Полацк, альбо пасадку за краты. І калі ў Доме літаратараў сабраўся пісьменніцкі сход, на які прыйшоў Таразевіч угаворваць нас не пасылаць тэлеграму Гарбачову з патрабаваннем расследвання разгона мітынга, я непасрэдна да яго звярнуўся і папрасіў абараніць мяне. Таразевіч мне сказаў: “Таварыш Арлоў, паверце мне, з заўтрашняга дня да вас больш не будзе прыходзіць лейтэнант міліцыі Сальнік”. Так і адбылося – больш таварыш Сальнік не прыходзіў. Таразевіч, праўда, не ведаў, што тэлеграма была пасланая Гарбачову яшчэ да гэтага сходу. Мы і не маглі яе не паслаць”, -- распавёў Уладзімір Арлоў.

Вядомы беларускі мастак Алесь Марачкін распавёў, як 30 кастрычніка 1988 года яго разам з сынам і жонкай затрымоўвала міліцыя.

“Дзяды – гэта святы дзень для Беларусі. Я думаю, што Дзяды стаяць у шэрагу тых святаў, якія святкуюць сапраўдныя беларусы. Гэта сваеасаблівы, светлы і ў нечым пакутны дзень, які будзе мацаваць наш народ. Што датычыцца ўспамінаў, то, канешне, тады быў уздым. Мне запомніўся той арышт, гэты хапун. Гэты быў першы хапун, які я адчуў на сябе. Самае цікавае, што схапілі мяне і майго сына Ігара. Калі мы былі ў аўтобусе сярод вайскоўцаў і міліцыянтаў, жонка мая сказала: “А я? Чаму мяне забылі?”. Яна сама туды ўварвалася за кампанію. На нас складалі пратаколы, у пастарунку было шмат народу. Памятаю, як ламалі рукі мастаку Міколе Купаве... І запамінальна тое, што, калі мы былі ў гэтым аўтобусе, то вакол мяне былі вайскоўцы з Азербайджана, з Казахстана. І вось я зараз думаю: а як гісторыя распарадзілася гэтымі людзьмі, яны, відаць, таксама памятаюць, як палівалі нас “чаромхай”. І іх народы пайшлі шляхам незалежнасці, і хто ведае, які лёс нападкаў тых вайскоўцаў, на якім баку барыкадаў яны былі? Хочацца верыць, што яны былі на сваім баку”, -- сказаў Алесь Марачкін.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначыў, што толькі нацыянальныя ідэалы, бел-чырвона-белы сцяг, беларуская мова, пашана да продкаў, дасць сілу беларускаму нацыянальнаму дэмакратычнаму руху.

“Акцыяй Дзяды ў 1988 годзе займалася Канфедэрацыя беларускіх моладзевых суполак і аб’яднанне маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Заўтра мы будзем для складання вялікага аргкамітэта абтэлефаноўваць як тых, хто быў у аргкамітэце “Мартыралога Беларусі” і Беларускага Народнага Фронта ў 1988 годзе, так і сённяшніх лідэраў беларускіх моладзевых аб’яднанняў. На іх, натуральна, мы спадзяемся, што яны, як моладзь, возьмуць на сябе асноўны цяжар падрыхтоўкі сёлетняй акцыі на Дзяды. І вось гэта злучэнне намаганняў як старэйшага пакалення, так і моладзі, якое было 20 год таму, я перакананы, сёння таксама дасць той эфект, які быў дасягнуты 20 год таму. Я перакананы, што гэтая акцыя пройдзе у фармаце 1989 года, калі абсалютна мірна людзі сабраліся на Усходніх могілках, усклалі кветкі і прайшліся да Курапатаў. Тады ў акцыі прымалі ўдзел каля 10.000 чалавек. Я спадзяюся, што ўлады дадумаюцца ў сённяшнім кантэксце эўрапеізацыі не паўтараць сцэнара 1988 года з рассеканнем і “чаромхай”. Таму што жыццё прымушае самых розных людзей ўсведамляць, што жыццё нечаму вучыць, і мы спадзяемся, што Бог дасць розума ўладзе.

Апошнія месяцы шлі вялікія дыскусіі аб тым, якая палітыка павінна быць у Беларусі: маральная, прагматычная, цынічная. І да чаго прыйшла гэтая дыскусія па факту? Заканчэнне гэтай “выбарчай кампаніі” павінна прывесці да высновы, што толькі нашыя нацыянальныя ідэалы, наш бел-чырвона-белы сцяг, беларуская мова, пашана да нашых продкаў, дасць сілу нашаму нацыянальнаму дэмакратычнаму руху, таму што рух павінен быць і дэмакратычным, і нацыянальным, а ўсякія такія “гешэфцікі”, “рэал палітык” не маюць перспектывы паўплываць рэальна на сітуацыю ў Беларусі. Таму мы выступаем за палітку як змаганне за маральныя каштоўнасці, бо бачым: дробнае палітыканства пытанне дэмакратыі і незалежнасці Беларусі не вырашыць”, -- заявіў Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках