У Польшчы патрабуюць свабоды палітвязням Беларусі (Фота)
1- 14.11.2008, 9:09
«Свабоду Баразенку!» - пад такім лозунгам каля дзесятка чалавек пікетавалі ля будынку беларускага консульства ў Беластоку.
Пікетоўцы - гэта галоўным чынам студэнты з Беларусі, што вучацца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага.
Сярод пікетоўцаў Аляксей Трубкін, які распавёў, што некалькі хвілінаў пасля пачатку пікета да маладзёнаў выйшаў генеральны консул Міхаіл Аляксейчык і запрасіў на размову, каб высвятліць патрабаванні пікетоўшчыкаў.
"Размова з консулам працягвалася поўгадзіны" - сказаў Аляксей Трубкін для “Радыё Рацыя”.
Нагадаем, што Аляксандр Баразенка - апошні фігурант так званай «справы 14-ці» паводле якой былі асуджаныя моладзевыя актывісты, якія бралі ўдзел у вулічнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня сёлета. І ягоная справа ўжо перададзена ў суд. З 27-га кастрычніка ён знаходзіцца у менскім следчым ізалятары. З пратэстам супраць арышту Баразенкі выступaу праваабарончы цэнтр “Вясна”, праходзілі вулічныя акцыі пратэсту і Пінску, Берасці і Менску.



