2 траўня 2024, Чацвер, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Пушкін пра цэнзуру ў мастацтве: «Паставілі каля сувораўскай вучэльні маленькага генэрала. Адразу асацыяцыі з Колям»

У беларускім мастацтве па-ранейшаму пануе цэнзура. Зьяўляюцца новыя й новыя факты забаронаў выстаўляць мастацкія творы, відазьмяяюцца праекты помнікаў.

10 сьнежня ў 2001 годзе з дапамогаю праваабарочага цэнтру “Вясна” ў Менску ладзілася выстава, на якой былі мастацкія творы забароненыя з 1994 году. Назва выставы давалася без перакладу, па-расейску: “Недозволено цензурой”. Выстава пратрымалася месяц. Там былі зьнятыя “Пагоні”, пэрформансы, інсталяцыі, роспісы... Сваё месца на той выставе заняў і помнік Ларысе Геніюш, які так і ня быў устаноўлены там, дзе ён павінны быў быць – на радзіме паэткі ў Зэльве.

Быў там і твор мастака Алеся Пушкіна.

“Роспіс плафона, які я прапанаваў архіепіскапу Дзімітрыю Віцебскаму й Аршанскаму. Ён сказаў: “не пришло еще время для таких росписей”. Там была гісторыя Віцебска, Віцебскай епархіі. І абавязкова быў намаляваны Ясафат Кунцэвіч. Гэта трагедыя”, -- узгадвае мастак у інтэрв’ю “Польскаму радыё”.

У Алеся Пушкіна была ўся інфармацыя, пацьверджаная дакумэнтамі, загадамі, рэзалюцыямі “адмовіць” наконт твораў мастацтваў, якія не прайшлі цэнзуру і былі забароненыя да выставаў. Былі канкрэтныя прозьвішчы тых, хто забараняў, накладаў рэзалюцыі, адмаўляў... Можна было падаваць у суд.

Але й пазьней, у 2005 годзе ў Віцебску паказ карціны Алеся Пушкіна «Партрэт Васіля Быкава” таксама быў забаронены цэнзурай па палітычных матывах.

Апроч прамых забаронаў, існуюць іншыя віды той самай цэнзуры.

“Паглядзіце, як абвяшчаюцца конкурсы, зараней ведаючы, хто будзе рабіць. Каля Опэрнага тэтру... Буралкін абсалютна небеларускі па духу чалавек робіць скульптуры. Абвяшчаецца конкурс, нібыта 20 скульптараў прымае ўдзел, а насамрэч, даўняя савецкая традыцыя. 3-4 чалавекі пасьміхаюцца сабе ў вусы, ведаючы загадзя вынік конкурса. Ведаючы брыдкія традыцыі, асьцярожна стаўлюся да конкурсаў. Не заўсёды лепшыя праекты прызнаюцца”, -- кажа Алесь Пушкін.

Зусім нядаўна зьявіўся новы факт. Праваслаўная царква выступіла цэнзарам у справе пабудовы помніка да 1000-годзьдзя Берасьця. Праваслаўным гіерархам не спадабалася і выява Ягайлы, і скульптура Маці Божай.

“Ня хочацца таталітарызму ў манумэнтальнай прапагандзе, -- распавядае Пушкін. -- Паглядзіце, як зьмяніўся Жбанаў у горшы бок, які паставіў у двары сувораўскай вучэльні “маленькага генэрала”. Адразу асацыяцыі з Колям. Хлопчык у генэральскай форме. Такое было добрае пачынаньне – “чалавечая” скульптура ў 80-я гады. Дзяўчынка зь дзіравым парасонам... чалавечны маштаб скульптуры ў гарадзкім асяродзьдзі. А цяпер – падлізваньне да ўлады”.

Цэнзура – гэта не культурая, а палітычная зьява, якая парушае асноўныя грамадзянскія й палітычны правы. Выкарыстаньне цэнзуры супярэчыць Канстытуцыі. У адпаведнасьці з арт.33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога “кожнаму гарантуецца свабода меркаваньняў ды іх свабоднае выказваньне». Асабліва гэта неабходна мастакам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках