6 траўня 2024, панядзелак, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўніцтва з Еўракамісіяй – пасля выканання 12 рэкамендацый ЕЗ

1

У Беларусі ўпершыню прадстаўленыя глабальныя тэматычныя праграмы Еўракамісіі. На думку паверанага ЕК у справах Беларусі Жана-Эрыка Хользапфеля, гэта з'яўляецца знакам таго, што стасункі ЕЗ і Беларусі будуць развівацца.

Глабальныя тэматычныя праграмы Еўрапейскай камісіі (ЕК) накіраваныя на тое, каб зрабіць атрыманне знешняй дапамогі для Беларусі прасцейшым і дасягнуць лепшых вынікаў пры наяўных рэсурсах, адзначаюць прадстаўнікі ЕК.

Еўразвяз хоча рабіць больш для Беларусі

«Еўрапейская палітыка добрасуседства адкрытая для Беларусі, бо Беларусь з'яўляецца краінай-суседкай. Увогуле, калі мы кажам пра інструмент добрасуседства і партнёрства, то тут супрацоўніцтва з Беларуссю магчымае практычна ва ўсіх галінах. Тэматычна яно не абмежаванае», – гаворыць у інтэрв'ю «Нямецкай Хвалі» павераны Еўрапейскай камісіі ў справах Беларусі Жан-Эрык Хользапфель.

У той самы час, паводле яго слоў, супрацоўніцтва стрымліваюць палітычныя рамкі. Умовы, якія павінны легчы ў аснову развіцця стасункаў – добра вядомыя 12 рэкамендацый з стратэгіі па Беларусі, сярод якіх асобна вылучаюцца прагрэс у галіне дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды СМІ.

«Разам з тым, я хачу сказаць, што Еўразвяз хоча рабіць больш для Беларусі», – падкрэслівае Жан-Эрык Хользапфель.

Падводныя камяні

Новыя тэматычныя праграмы створаныя для падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый ужо адзначаюць, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкнуцца пры падачы заявак на ўдзел у конкурсах Еўракамісіі. У Беларусі, напрыклад, існуе вельмі складаная і працяглая працэдура рэгістрацыі праектаў.

«Для рэалізацыі некаторых праектаў гэта было насамрэч непераадольнай цяжкасцю», – прызнае Жан-Эрык Хользапфель.

Гэтае пытанне, паводле яго слоў, ужо абмяркоўваецца з уладамі Беларусі. Павераны Еўракамісіі лічыць, што тэрміны могуць быць скарочаныя за кошт таго, што інфармацыя аб праектах будзе падавацца ў органы дзяржаўнай улады загадзя. Каб да пачатку афіцыйнага працэсу рэгістрацыі там патрабавалася менш часу на азнаямленне з праектам.

Шырокія магчымасці для развіцця

З 1991 года Еўрапейскі Звяз з'яўляецца найбуйнейшым шматбаковым донарам тэхнічнай дапамогі Беларусі. Выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага бюро Праграмы TACIS Еўрапейскага Звязу ў Беларусі Леанід Арлоў адзначае, што за гэты час рэалізаваныя прыкладна 330 праектаў, агульны кошт якіх складае 210 мільёнаў еўра.

Атрымальнікамі тэхнічнай дапамогі ЕЗ з'яўляюцца як рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, так і органы мясцовай улады, універсітэты, грамадскія аб'яднанні, навукова-даследчыя ўстановы.

Еўразвяз падтрымлівае ў Беларусі праекты па кіраванні мяжой, міграцыі, ахове навакольнага асяроддзя, праекты ў сацыяльнай сферы, мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У апошнія гады міжнародную дапамогу ўсё часцей аказваюць рэгіёнам. Узрастае доля праектаў з партнёрамі з сумежных краін. А інвестыцыйны кампанент праграмы TACIS узмацняецца.

Нядаўна, напрыклад, завяршылася рэалізацыя найбуйнейшага інвестыцыйнага праекту праграмы ў Беларусі – будаўніцтва грузавога мытнага тэрмінала «Казловічы-2». На яго будынак былі выдзеленыя 16 мільёнаў еўра.

Па словах Леаніда Арлова, хутка пачнецца рэалізацыя праграмы па падтрымцы энергетычнага сектара краіны. Другі буйны блок – гэта праекты, якія здзяйсняюцца некалькімі краінамі. І трэці блок – праграмы супрацоўніцтва ў рамках еўрапейскага інструмента добрасуседства.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках