27 красавiка 2024, Субота, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы патрабуюць спыніць расправу над цяжкахворым Алексанянам

Расейскія праваабаронцы, палітычныя і грамадскія дзеячы заклікалі "спыніць расправу" над цяжкахворым былым віцэ-прэзідэнтам Юкаса Васілём Алексаняном. Подписанты заклікаюць "усіх, каму дарогі прынцыпы правы і добрае імя Расеі выступіць у абарону Васіля Алексаняна".

Тым часам галадоўка ў падтрымку Алексаняна, які знаходзіцца ў СІЗА "Матроская цішыня", становіцца масавай: у розных гарадах Расеі прыём ежы спынілі ўжо дзевяць чалавек. Акрамя таго, у СІЗА Чыты дзевяты дзень галадае ў падтрымку свайго экс-падпарадкаванага Міхаіл Хадаркоўскі. Патрабаванне ва ўсіх адно – вызваліць былога віцэ-прэзідэнта ЮКАСА, які памірае ад СНІДу і рака, з-пад варты і перавесці ў спецыялізаваную клініку.

Тэкст адкрытага звароту апублікаваны, у прыватнасці, на сайце Міхаіла Хадаркоўскага. Падпісанты патрабуюць неадкладнага выканання расейскімі ўладамі ўказанняў Еўрапейскага суду па правах чалавека аб шпіталізацыі Алексаняна ў стацыянар, што спецыялізуецца на лячэнні СНІДу і спадарожных захворванняў, і пра стварэнне незалежнай медыцынскай камісіі.

Акрамя таго, яны патрабуюць неадкладнага расследавання па заявах Алексаняна пра тое, што следчыя ў яго вымагалі сведчанні, шантажуючы магчымасцю атрымання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Пад дакументам падпісаліся старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева, пісьменнік і праваабаронца Уладзімір Букоўскі, прадстаўнікі руху "За правы чалавека" Яўген Іхлаў і Леў Панамароў, лідэр Аб'яднанага грамадзянскага фронту Гары Каспараў, старшыня выканкама "Другой России" Эдуард Лімонаў, палітык Барыс Нямцоў, лідэр Рэспубліканскай партыі Расеі Уладзімір Рыжкоў, прэзідэнт фонду "Індэм" Георгій Сатараў, старшыня пецярбургскага аддзялення партыі "Яблоко" Максім Рэзнік, лідэр моладзевага "Яблока" Ілля Яшын, праваабаронца Сяргей Кавалёў, дэпутат Дзяржаўнай Думы IV склікання Аляксей Кандаураў, журналісты Яўген Кісялёў і Аляксандр Рыклін, пісьменнікі Віктар Шандаровіч і Юлія Латыніна.

Тым часам, пра пачатак акцыі грамадзянскага непадпарадкавання ў знак салідарнасці з Алексанянам паведаміла ў аўторак на прэс-канферэнцыі ў Маскве адна з яе ўдзельніц Юлія Башынава. Паводле яе слоў, галадоўку ў Маскве абвясцілі сем чалавек, па адным – у Варонежы і Самары.

Удзельнікі акцыі кажуць, што галадоўка будзе бестэрміновай і працягнецца датуль, пакуль меру спынення Алексаняну не зменяць на любую, не звязаную з пазбаўленнем свабоды.

1 лютага Сіманаўскі суд Масквы адмовіўся змяніць меру спынення Алексаняну, аргументаваўшы сваё рашэнне тым, што "довады абароны наконт неабходнасці пераводу Алексаняна ў стацыянар спецыяльнага тыпу не адпавядаюць рэчаіснасці".

Такім чынам суд праігнараваў меркаванне Еўрапейскага суду па правах чалавека, які тройчы накіроўваў Расейскай Федэрацыі ўказанні аб неабходнасці пераводу Алексаняна ў спецыялізаваную клініку. Адзначым, што сам кіраўнік СІЗА "Матроская цішыня" Фякрэт Тагіеў прасіў суд узгадніць пытанне накіравання Алексаняна ў спецстацыянар для абследавання і лячэння. Аднак суд нават не стаў разглядаць адпаведны ліст Тагіева.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках