5 красавiка 2020, Нядзеля, 6:24
Заставайся дома!
Рубрыкі

У Страсбургу патрабуюць вызваліць Аляксандра Казуліна

6
У Страсбургу патрабуюць вызваліць Аляксандра Казуліна

У Страсбургу завяршыўся “Беларускі тыдзень”, прымеркаваны да 90-годзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас мерапрыемства адбыліся сустрэчы беларускіх дэмакратычных лідэраў з кіраўніцтвам і дэпутатамі Еўрапейскага Парламента. Еўрапейскія палітыкі казалі аб неабходнасці тэрміновага і безумоўнага вызвалення экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў Беларусі.

Аб тым, як прайшоў “Беларускі тыдзень” у Еўрапарламенце, прэс-цэнтру Хартыі’97 распавядае ініцыятар гэтага мерапрыемства намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

-- Спадар Вінцук як абмяркоўвалася “беларускае пытанне” у Страсбургу?

-- Прайшлі паседжанні найбуйнейшай фракцыі Еўрапейскага Парламента – групы Еўрапейскай Народнай Партыі-Еўрапейскіх дэмакратаў, на якім спецыяльна слухалася “беларускае пытанне”. Прайшло таксама паседжанне Дэлегацыі па сувязям з Беларуссю на чале з польскім еўрадэпутатам Яцэкам Пратасевічам, “круглы стол” з кіраўніцтвам фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі-Еўрапейскіх дэмакратаў. Было таксама вельмі шмат двухбаковых сустрэч з дэпутатамі Еўрапарламента. Асобна сустрэліся беларускія палітычныя і грамадскія лідэры з кіраўнічкай Рады БНР Івонкай Сурвілай. Мы раіліся, як каардынаваць нашу дзейнасць, як супольна працаваць дзеля нашых агульных ідэалаў.

-- Якой пазіцыі адносна Беларусі прытрымліваюцца дэпутаты Еўрапарламента?

-- Вельмі ўстрывожаны Еўрапейскі Парламент тым, што спыненае вызваленне палітычных вязняў. Нельга лічыць тое, што на сёння адбылося, закрыццём пытання. Канешне, ўсе радуюцца, што людзей вызваляюць, але трымаюць за кратамі Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, і ўзбуджаныя крымінальныя справы супраць тузіна наступных апазіцыянераў. Абсалютна ўсе еўрапейцы разумеюць, што гэта ёсць гульня, таргі чалавечымі лёсамі. Гэтыя таргі не будуць прызнавацца як рэальнае выкананне нейкіх умоваў.

Выклікае трывогу ў еўрапарламентароў пагроза нашай незалежнасці, якая ідзе з боку Расеі, якая выкарыстоўвае нашу энергетычную залежнасць. Ніякіх ілюзіяў пасля прыходу да ўлады Мядзедзева ні ў каго таксама няма. Такім чынам фармулявалася, што трэба выпрацоўваць стратэгію стасункаў з Беларуссю: як дамагацца свабоды і не паставіць пад пагрозу незалежнасць. Я скажу, што для еўрапейскіх парламентароў – гэта сур’езны выклік, таму што важна, каб гэта не прывяло да спакусы прызнання Лукашэнкі толькі з-за таго, што ён стане раптоўна “абаронцам” незалежнасці.

Што да той пазіцыі, якую выклалі кіраўнікі Еўрапарламента і дэпутаты ЕП, то ў першую чаргу, гэта пацверджанне, што беларуская незалежнасць і дзяржаўнасць – неад’емная частка еўрапейскай супольнасці, гэта галоўная каштоўнасць. Такога яшчэ ніколі не было. І я цешуся, што ля вытокаў гэтай справы ўдалося стаяць.

Еўрапейцы таксама спадзяюцца на адзінства дэмакратычных сілаў. Ухваленае з’яўленне адзінага спіску кандыдатаў у дэпутаты (яшчэ, праўда, непоўнага) на наступных выбарах. Пры тым, што ўсе выдатна разумеюць, што плануе рэжым падчас гэтых выбараў. Ёсць поўная згода з намі, што, калі ўлады імкнуцца і спадзяюцца на нейкае, хаця б частковае прызнанне гэтай выбарчай кампаніі, то павінны быць выкананыя наступныя патрабаванні: допуск апазіцыі ў выбарчыя камісіі, рэгістрацыя ўсіх кандыдатаў з адзінага спісу, рэальная магчымасць назіраць. І павінна ўсё гэта адбываецца не ў вакууме, а у абсалютна канкрэтным кантэксце.