26 чэрвеня 2024, Серада, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чалавечыя косткі з габрэйскага могільніка ў Гомелі выкінулі на сметнік (Фота)

12

Паступаюць трывожныя звесткі пра дзікунскае стаўленне да парэшткаў габрэяў, пахаваных на старым юдзейскім могільніку ў Гомелі.

Вядзецца пра магілы людзей, ідэнтыфікацыя якіх была страчана пасля таго, як у 1961 годзе савецкія "барацьбіты з рэлігійным цемрашальствам" зраўнавалі габрэйскі могільнік з зямлёй і пабудавалі на чалавечых костках стадыён, пераказвае "Седьмой канал".

У сярэдзіне сакавіка гэтага году гарадскія ўлады Гомелю вырашылі рэканструяваць струхлелы спорткомплекс і прыгналі на тэрыторыю знішчанага габрэйскага могільніка цяжкую будаўнічую тэхніку. Ужо ў першы дзень будаўніча-рэстаўрацыйных працаў коўш магутнага экскаватара выкінуў на паверхню магільныя дошкі з надпісамі на іўрыце і вялікую колькасць костак і чэрапаў, выцягнутых з габрэйскіх магілаў.

Як паведамляе з Гомелю карэспандэнт Агенцтва габрэйскіх навінаў (АГН), "нажаль, габрэйская суполка гораду, зрэшты, як і іншыя гарадскія службы, выявіла дзіўную абыякавасць да гэтых падзеяў". Адзіным энтузіястам, які літаральна хадзіў за экскаватарам і збіраў у мяхі габрэйскія чэрапы і косткі, быў мясцовы гісторык-беларус Яўген Малікаў.

"Сабраныя парэшткі так і стаяць у мяхах на будаўнічай пляцоўцы ўжо не адзін тыдзень, - распавёў Яўген Малікаў карэспандэнту АГН у інтэрвію, апублікаваным на сайце агенцтва 11 красавіка. - Частка выкапаных далей костак проста адкінута рабочымі ў бок. А колькі іх вывезена разам са смеццем?".

Яшчэ больш змрочную карціну выявіў партал " Миг-ньюс" у паведамленні, змешчаным 13 красавіка. "Рабочыя, якія ладзяць рэканструкцыю стадыёна, збудаванага на месцы габрэйскага могільніка, што існаваў з XVIII стагоддзя, заявілі, што ў іх няма іншага выбару, апрача як выкінуць косткі на гарадскі сметнік, - распавядаецца ў рэпартажы на гэтую тэму. - "Немагчыма спакаваць у мяхі цэлы могільнік", - кажа рабочы Міхась Губец, дадаўшы, што ён спыніў падлік чэрапаў, калі іх колькасць перасягнула за 100".

Між тым, сайт АГН паведаміў, што на 11 красавіка быў прызначаны візіт на будпляцоўку прадстаўніка гомельскага гарвыканкаму, які паабяцаў прадстаўнікам габрэйскай суполкі гораду "разабрацца ў сітуацыі".

Аднак, па ўсім відаць, і цяпер, ужо пасля візіту гомельскага дзяржслужбоўца, сітуацыя не змясцілася з мёртвай кропкі - і ў простым, і ў пераносным сэнсе. Калі ў бліжэйшыя дні ў сітуацыю пільна не ўмяшаецца кіраўніцтва ўплывовых габрэйскіх арганізацыяў СНД, а таксама прадстаўнікі амбасады Ізраілю ў Беларусі, здзек над парэшткамі габрэяў Гомелю будзе працягвацца і далей.

Фота "Радыё Свабода"

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках