15 траўня 2024, Серада, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Адам Ліпіньскі: «Ня варта адмаўляцца ад санкцыяў супраць рэжыма Лукашэнкі»

27
Дэпутат Адам Ліпіньскі:  «Ня варта адмаўляцца ад санкцыяў супраць рэжыма Лукашэнкі»

“Польская палітыка адносна Беларусі не мяняецца, размоваў з Лукашэнкам ня будзе, а ўсе нашыя ініцыятывы накіраваныя выключна да звычайных грамадзян” – так польскія палітыкі адрэагавалі ў інтэрв’ю “Польскаму радыё” на заяву Андрэя Саньнікава, у якой адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” абвінавачвае кіраўніцтва Польшчы ў здрадзе ідэалам “Салідарнасьці”.

Нагадаем, што на сайце Хартыі’97 зьявілася заява Саньнікава, у якой ён дае жорсткую ацэнку дзеяньням польскіх дыпляматаў, якія быццам бы прызналі легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі.

Саньнікаў спасылаецца на паведамленьні адной з расейскіх газэт, якая сьцьвярджае, што польскія дыпляматы ў Брусэлі намагаюцца пераканаць сваіх калег у ЭЗ паслабіць палітычныя й эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Пра пэўныя праявы зьмякчэньня польскай палітыкі адносна рэжыму Лукашэнкі піша й польская прэса. На гэтым тыдні штодзёнка “Dziennik” паведаміла пра плянаваную ў Берасьці сустрэчу віцэ-міністра ўнутраннх справаў Польшчы са сваімі беларускімі калегамі. У склад польскай дэлегацыі ўвойдуць таксама прадстаўнікі МЗС Польшчы.

Як паведамілі “Польскаму радыё” ў зьнешнепалітычным ведамстве Польшчы, двухбаковае спатканьне ў Берасьці будзе мець непалітычны характар. Падчас спатканьня будуць абмеркаваныя праекты, накіраваныя выключна на паляпшэньне кантактаў паміж палякамі й беларусамі.

Гаворыць прэс-сакратар МЗС Польшчы Пётр Пашкоўскі:

“Зьмены польскай палітыкі адносна Беларусі няма. Пазыцыя нашага ўраду вядомая й яна істотна ня зьменіцца. Сапраўды, польскі бок зацікаўлены ў перамовах на ўзроўні экспэрцкіх груп, дзякуючы якім удасца вырашыць мноства практычных праблем. Тут, перш за ўсё, гаворка ідзе пра транспамежны рух, пытаньні аховы навакольнага асяродзьдзя, уніфікацыю пэўных заканадаўчых нормаў. МЗС Польшчы працуе цяпер над распрацоўкай канкрэтных прапановаў для Беларусі па праграме “Ўсходняга партнэрства”. Гэтыя прапановы будуць мець непалітычны характар, там знойдуцца запісы, якія змогуць станоўча паўплываць на жыцьцё грамадзян Беларусі: пабудову новых памежных пераходаў, дамову аб малым памежным руху, разбудове інфраструктуры. У нас ёсьць сапраўды шмат праблем, вырашэньне якіх дапаможа звычайным беларусам”.

Дэпутат Сэйму Польшчы ад партыі Права й справядлівасьць Адам Ліпіньскі лічыць, што перамовы паміж чыноўнікамі могуць адбыцца толькі пасьля пэўных крокаў кіраўніцтва Беларусі:

“Ёсьць пэўныя сыгналы, якія сьведчаць пра тое, што Польшча зьмяняе сваю палітыку адносна Беларусі. Лічу, што гэта вельмі нэгатыўная зьява. Наша партыя Права й справядлівасьць перакананая, што пакуль рэжым Лукашэнкі не пачне дэмакратызавацца, пакуль ня пройдуць перамовы з апазыцыяй, ня варта мяняць палітыку, якую распачаў папярэдні ўрад, як няварта адмаўляцца ад санкцыяў. Я зьдзіўлены плянамі сустрэчы прадстаўнікоў польскага ўраду зь беларускімі чыноўнікамі. Гэта ніяк не ўплывае на рэжым Лукашэнкі, а наадварот - толькі ўзмоцніць перасьлед апазыцыі. Як з палітычнага, так і маральнага пункту гледжаньня, нашым партнэрам павінна быць апазыцыя, усе тыя, хто змагаецца за правы чалавека, за дэмакратычныя рэформы, за ўсё тое, што было мэтай “Салідарнасьці”. Будзе вельмі дрэнна, калі Польшча сыдзе з гэтага шляху”.

Ці мае рацыю Андрэй Саньнікаў, кажучы пра тое, што Польшча здрадзіла ідэалам “Салідарнасьці”? Словы беларускага палітыка “Польскае радыё” папрасіла пракамэнтаваць віцэ-старшыню Камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнту Януша Анышкевіча, дарэчы, шматгадовага дзеяча “Салідарнасьці”:

“Гэта вельмі вострыя словы. Я думаю, што польскі ўрад служыць гэтым ідэалам, але трохі інакш, выкарыстоўваючы іншыя сродкі. Асабіста я перакананы, што гэтыя інструмэнты безвыніковыя. Любое адкрыцьцё на ўладу, нават на такім нізкім і нязначным узроўні як гэта будзе ў Берасьці, павінна быць толькі пасьля крокаў з боку Лукашэнкі. На жаль, пакуль такіх крокаў няма”.

Януш Анышкевіч запэўнівае, што ніводзін з чальцоў ALDE (Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу), у склад якога ўваходзіць палітык, ніколі не падтрымае адмены санкцыяў супраць Беларусі:

“На жаль, у Эўразьвязе прасочваюцца такія тэндэнцыі. Сьведчыць пра гэта хаця б сумны прыклад скасаваньня санкцый супраць Кубы. Гэта так званая рэальная палітыка, калі дыктатарскаму рэжыму ідуць насустрач і спадзяюцца, што ён неяк адкажа на гэта. Але часьцей за ўсё гэтая стратэгія не спрацоўвае, трэба такую чарговасьць зьмяніць. Спадзяюся, што Эўропа й Польшча менавіта так і зробяць”.

Са зьдзіўленьнем словы Андрэя Саньнікава ўспрыняў старшыня групы Эўрапейскага парлямэнту па справах зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч. Эўрадэпутат, чалец кіроўнай у Польшчы партыі Грамадзянская плятформа запэўнівае, што ніякай зьмены польскай палітыкі адносна Беларусі не адбылося:

“Перад парлямэнцкімі выбарамі няма нават гаворкі пра зьмену эўрапейскай і польскай палітыкі адносна Беларусі. Зьмены ў лепшы бок могуць адбыцца толькі пасьля таго, калі восеньскія выбары ня будуць сфальсыфікаваныя. Актывізацыя адносін паміж беларускім і польскім бакамі, нават на ўзроўні міністраў, ня сьведчыць пра зьмену польскай палітыкі. Гэта завяршэньне працы над бязьвізавым рэжымам для жыхароў памежных рэгіёнаў. Дзякуючы гэтаму беларусы змогуць часьцей наведваць Польшчу. Гэта ніякім чынам ня сьведчыць пра прыйманьне палітыкі Аляксандра Лукашэнкі такой, якой мы яе бачым сёньня”.

На сёньняшні дзень адносна Беларусі з боку Эўразьвязу дзейнічаюць санкцыі супраць чыноўнікаў, якія бяруць удзел у рэпрэсіях супраць незалежнага грамадзтва, а таксама адмене гандлёвых прэфэрэнцый для некаторох беларускіх прадпрыемстваў. У першым выпадку менавіта польскія эўрадэпутаты ініцыявалі й падтрымалі забарону на ўезд чыноўнікаў на тэрыторыю Эўразьвязу. Што датычыць адмены гандлёвых прэфэрэнцый, то Польшча з самага пачатку выступала супраць увядзеньня эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Мілінкевіч заклікаў ня ўводзіць санкцый

На прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва, Аляксандар Мілінкевіч выступіў зь ініцыятывай распрацоўкі пакрокавай стратэгіі, мэтай якой зьяўляецца наладжваньне супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам. Канфэрэнцыя “Супольны падыход да суседзяў”, прысьвечаная палітыцы добрасуседзтва ЭЗ, прайшла ў падваршаўскім Натоліне.

Лідар руху “За Свабоду!” заклікаў прадстаўнікоў эўрапейскіх краінаў ня ўводзіць эканамічных санкцый супраць Беларусі:

“Калі Эўразьвяз пойдзе за прыкладам Злучаных Штатаў і ўвядзе жорсткія эканамічныя санкцыі, то ў выніку татальнага эканамічнага крызысу ўлада ў Беларусі можа памяняцца. Але ў такім выпадку мы можам страціць нашую незалежнасьць, бо Расея адразу выкарыстае гэтую сытуацыю.

Калі я змагаюся за перамены на Радзіме й падказваю нашым суседзям, як будаваць стасункі зь Беларусьсю, я думаю перш за ўсё пра разьвіцьце нашай краіны й пашырэньне свабоды ў ёй. Але ня трэба забываць, што, змагаючыся з дыктатурай, можна разбурыць дзяржаву. Палітыка ў дачыненьні да Беларусі патрабуе большай разважлівасьці”.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках