16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына адразу пасля «выбараў» спадзяецца з’ехаць у Парыж

43

Усё часцей гучаць заявы, што супраць беларускіх чыноўнікоў могуць быць зьнятая забарона на наведванне краін Еўразвяза. Чыноўнікі ўжо пачалі будаваць планы.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якую ўнеслі ў спіс неўязных за фальсіфікацыі вынікаў “выбараў”, прызналася “Еўрарадыё”, што ёй ужо надакучылі Турцыя і Егіпет і з нецярплівасцю чакае магчымасці наведаць Еўропу.

“Я баюся верыць у магчымасць такога шчасця, але калі гэта здзейсніцца, то ўжо ў наступным годзе я змагу з густам выбраць сабе паездку”, -- паведаміла Ярмошына.

І ўжо зараз пералічыла, куды яна марыць патрапіць і паміж чым будзе рабіць выбар.

“Гэта, безумоўна, Парыж, безумоўна, Венецыя і, безумоўна, дзесьці восенню, Іспанія. Пра гэта марыцца. Я дзяўчына адукаваная і цікаўлюся музеямі, таму наведванне іх для мяне галоўнае. Увогуле, я лічу, што галоўнае ў кожным новым месцы – дух гэтага месца. Таму магчымасць проста паблукаць па вуліцах, пасядзець у кавярні, магчыма, нават узяць з сабой кнігу Хаменгуэя “Свята, якое заўсёды з табой”, якую ён напісаў пра Парыж, і будзе спрыяць пранікнуцца духам гэтага горада”, -- сказала Ярмошына.

Дэпутат “палаты прадстаўнікоў” 3 склікання Сяргей Касцян правесці адпачынак у Еўропе не імкнецца. Але, кажа, калі забарону з яго на наведванне краін Еўрасаюза здымуць, перш за ўсе адправіцца ў Чэхію і Сербію:

“Адпачываць у Еўропе я ніколі не меў настрою і не марыў пра гэта, бо люблю адпачываць у Беларусі. Але я вельмі хацеў пабываць у двух Еўрапейскіх краінах – Чэхіі, дзе знаходзіцца цэнтр Міжнароднага славянскага камітэта, і Сербію, каб пабачыць, як яна змянілася за тыя 5 гадоў, калі я там быў апошні раз”.

Дарэчы, у лютым 2009 года ў Празе пройдзе паседжанне Міжнароднага славянскага камітэта і там чакаюць з выступам Касцяна. А ў Сербію яго запрашае тамтэйшая радыкальная партыя. Як старшыню Славянскага парламенскага саюза. Таму і спадзяецца, што забарону з яго здымуць да Новага года, каб дакументы паспець аформіць.

Не жадае ехаць адпачываць у Еўропу і сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Кажа, сёлета добра адпачыў ў беларускім санаторыі “Баравое”. Але за тое, што не патрапіў на шматлікія міжнародныя канферэнцыі, на складальнікаў спісу крыўдзіцца.

“Пасля ўвядзення гэтых санкцый я не змог паехаць на шэраг канферэнцый, якія арганізоўваліся па лініі АБСЕ, Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Еўропы, дзе разглядаліся пытанні развіцця выбарчага працэса, яго дэмакратызацыі”, -- паведаміў Лазавік.

Да гэтага часу знаходзіцца ў спісе “неўяздных” у Еўропу і суддзя суду Маскоўскага раёна Мінска Надзея Равуцкая. Нягледзячы на тое, што яна ўжо некалі гадоў як не працуе – знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. А вось суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч па-ранейшаму працуе ў сістэме Феміды. Але ад каментароў пра магчымыя скасаванні санкцый супраць яго адмовіўся. За “добрую” працу патрапілі ў спіс старшыня Гомельскай акружной выбарчай камісіі Уладзімір Міхасёў, Гродзенскай – Леанід Лучына, Мінскай – Ігар Карпенка. Сёлета яны за “выбары” не адказваюць. Але ў спісах застаюцца. За былыя заслугі.

Чакае адмены санкцый супраць яго і начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда. Ёсць у яго краіны, якія ён даўно марыць наведаць.

“Мне вельмі цікавы Лондан. Увогуле, вельмі цікавіць Англія. Ад яе ідзе дух грунтоўнасці, старадаўнасці. А яшчэ мне цікавая Германія. Я вельмі люблю парадак і мне падабаецца схільнасць немцаў да парадку. Праўда, зараз Германію цяжка назваць нямецкай краінай з-за засілля людзей іншых нацыянальнасцяў. Але тым не менш”, -- кажа чыноўнік.

Не асабліва хвалююць адмены санкцый супраць яго з пункту гледжання новых турыстычных маршрутаў і старшыню Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага.

“Не так шмат засталося краін Еўрасаюза, у якіх бы я не быў. Нават на момант увядзення санкцый. Толькі вось у Іспаніі не быў. Таму, магчыма, гэта была б Іспанія. Што ж тычыцца Парыжа, Берліна ды іншых буйных сталіц Старой Еўропы, то я практычна ва ўсіх пабываў”, -- сказаў ён.

Ці будзе праводзіць Еўрапарламент “амністыю” беларускіх чыноўнікаў з “чорнага спісу”, дакладна не вядома. Як і таго, ці будзе ануляваны ўвесь спіс агулам, ці кожнага канрэтнага чалавека будуць разглядаць паасобку. Самым цікавым у гэтым спісе, безумоўна, будзе лёс галоўнага чыноўніка Беларусі – Аляксандра Лукашенкі.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках