23 снежня 2024, панядзелак, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы прэм'ер Мексікі: «Чавес здзяйсняе велізарныя закупкі ўзбраення ў Беларусі»

16
Былы прэм'ер Мексікі: «Чавес здзяйсняе велізарныя закупкі ўзбраення ў Беларусі»

Прэзідэнт Венесуэлы рыхтуецца да вайны - ён набывае танкі, знішчальнікі і нават купіў падводную лодку.

Артыкул Хорхэ Кастанеды — прэм'ер-міністра Мексікі (2000—2003), у цяперашні час сусветна прызнанага прафесара паліталогіі і даследаванняў Лацінскай Амерыкі ў Нью-Ёркскім універсітэце -- пад загалоўкам «Час канфлікту з Чавесам, відаць, надыйшоў» быў апублікаваны сёння ў расейскай «Новой газете».

Як піша былы прэм'ер-міністр, у пачатку верасня найбуйнейшыя прадпрыемствы Калумбіі ўсіх здзівілі, заявіўшы пра сваю поўную падтрымку прэзідэнта краіны Альвара Урыбе ў яго канфлікце з Венесуэлай, які паглыбляецца. На яго думку, магчыма, ваганне дзелавой супольнасці Калумбіі, якая не жадае ісці на канфлікт з Уга Чавесам, было апошняй перашкодай для Урыбе, Злучаных Штатаў і нешматлікіх дэмакратычных краінаў Лацінскай Амерыкі на шляху сутыкнення з Чавесам. Цяпер гэтай перашкоды не існуе.

Як піша Кастанеда, «венесуэльскі падпалкоўнік» Чавес увесь час даваў прытулак, зброю, дыпламатычную дапамогу і фінансаванне Рэвалюцыйным узброеным сілам Калумбіі — арганізацыі, якая імкнецца зрынуць калумбійскі ўрад. Ён робіць велізарныя закупкі ўзбраення ў Расеі, Украіне і Беларусі, у прыватнасці, у апошні час ён стаў набываць танкі, знішчальнікі і нават набыў адну падводную лодку. Ён увесь час душыць у Венесуэле іншадумства, апазіцыю і асноўныя свабоды, а таксама канфіскуе камерцыйныя прадпрыемствы без якіх-небудзь кампенсацыяў.

Сістэматычна падтрымліваючы сваіх саюзнікаў у іншых лацінаамерыканскіх краінах, ад Балівіі і Аргентыны да Гандураса і Сальвадора, а таксама апазіцыю ў Пяру, Нікарагуа, Эквадоры і Мексіцы, Чавес палярызаваў увесь лацінаамерыканскі кантынент такім жа чынам, як і грамадства сваёй краіны. Да таго ж ён увёў Венесуэлу ў глабальныя канфлікты на іншым баку планеты, стаўшы саюзнікам іранскага рэжыму і адным з яго надзейных апірышчаў.

Нягледзячы на ўсё гэта, пакуль што ніхто не спрабаваў спыніць Чавеса, піша экс-прэм'ер Мексікі. Больш за тое, сам Урыбе, відаць, схільны па-ранейшаму шукаць кампрамісы. Акрамя абароны інтэрасаў калумбійскага бізнэсу ён імкнецца ўнесці папраўкі ў канстытуцыю Калумбіі, каб мець магчымасць кіраваць трэці тэрмін — тое ж самае прарабіў у Венесуэле Чавес, і тое ж самае імкнуліся зрабіць яго саюзнікі ў Балівіі, Эквадоры, Аргентыне і Нікарагуа.

Урыбе ўсё яшчэ можа адступіць, хаця ён пакідае сабе значнае месца для манеўру і можа адмовіцца ад удзелу ў чарговых выбарах, нягледзячы на ўсё тое, што зрабілі для гэтага яго прыхільнікі. Але ён таксама шукае дапамогі ЗША, якія могуць у канчатковым выніку ўціхамірыць Чавеса.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама не можа крытыкаваць вечнае прэзідэнцтва Чавеса, не закрануўшы Урыбе; і Абаме будзе практычна немагчыма аднавіць у кангрэсе «План Калумбія» — праграму барацьбы з наркотыкамі і паўстанцамі, запушчаную ў 1999 г. Білам Клінтанам, а тым больш зацвердзіць пагадненне аб свабодным гандлі паміж Калумбіяй і ЗША, калі амерыканскія крытыкі стануць маляваць Урыбе як пастаяннага парушальніка правоў чалавека, які імкнецца заставацца ва ўладзе да бясконцасці.

Справа супраць Чавеса будзе пераканаўчай, калі падаць яе належным чынам, спаслаўшыся на серыю пастаянных парушэнняў унутраных, рэгіянальных і міжнародных абавязальніцтваў і дамоўленасцяў, падпісаных і зацверджаных Венесуэлай. Усе гэтыя парушэнні можна даказаць і паставіць у віну Чавесу: ліквідацыя тэлеканалаў, зняволенне і высыланне з краіны апанентаў, узбраенне паўстанцаў у суседніх краінах, правакаванне гонкі ўзбраенняў у рэгіёне і падладжванне да іранскай праграмы па ўзбагачэнні ўрана.

Калі Калумбія і Абама зробяць такім чынам, іх патэнцыйныя саюзнікі ў астатняй частцы паўшар'я змогуць пазбавіцца ад сваіх страхаў пра змрочную будучыню. Дазволіць сітуацыі плыць па цячэнні ў бок узмацнення канфрантацыі — не з'яўляецца рацыянальнай палітыкай для Калумбіі, ЗША і краінаў Лацінскай Амерыкі ў цэлым. Падобная палітыка дазволіць Венесуэле абраць новы канфлікт, адтэрмінаваўшы адкрытую канфрантацыю да таго часу, пакуль пагаршэнне сітуацыі не зробіць канфлікт непазбежным і больш небяспечным. Надыйшоў час, каб Абама ўзяў прыклад з дзелавой супольнасці Калумбіі і перастаў падстаўляць іншую шчаку, робіць выснову Кастанеда.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках