Дэмакратычных актывістаў аштрафавалі за бел-чырвона-белыя сцягі
10- 3.11.2009, 16:25
Суддзя Кастрычніцкага райсуда Эдгар Мартырасян аштрафаваў віцебскіх актывістаў Тараса Сургана і Сяргея Каваленку на 20 базавых велічынь кожнага.
Апазіцыянеры былі аштрафаваныя за тое, што 2 лістапада прайшлі па вуліцы Віцебска з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Актывістаў абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі, паведамляе «Радыё Свабода».
У суд Сяргея Каваленку і Тараса Сургана прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання. Там іх пратрымалі ўсю ноч.
Апазіцыянеры заяўляюць, што выйшлі ў цэнтр Віцебска, каб прыцягнуць увагу гараджан да Дня памяці продкаў - «Дзядоў».
«Гэта было шэсце з нагоды «Дзядоў» па цэнтры горада, каб як мага больш людзей даведалася пра «Дзяды». Мы ішлі да плошчы Свабоды, нам сігналілі машыны, мінакі даганялі, каб сфатаграфаваць. Людзям падабалася», -- заяўляе Сяргей Каваленка.
Міліцыя затрымала ўдзельнікаў акцыі, калі яны прайшлі ад амфітэатра да ратушы і вярталіся назад па другім баку вуліцы. Супрацоўнік міліцыі, які выйшаў з машыны, заявіў, што апазіцыянеры замінаюць мінакам хадзіць па ходніках. Пратакол пра адміністратыўнае парушэнне быў складзены паводле артыкула 23.34. Апазіцыянераў абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Пакаранне штрафамі за акцыі пад нацыянальнымі сцягамі сталі звычайнай практыкай у віцебскіх судах.