Мінюст збіраецца прасіць Літву не называць Беларусь «Балтарусіей»
38- 30.11.2009, 10:53
Міністэрства юстыцыі Беларусі зверне ўвагу на ўжыванне афіцыйнай назвы краіны ў дакументах дзяржаўных органаў Літвы.
Пра гэта заявіў журналістам у Менску пасля дакладу ў «палаце прадстаўнікоў» міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў, перадае «Інтэрфакс» .
«Экспертыза на прадмет ужывання правільнай назвы нашай краіны ў Літве яшчэ не праводзілася. Але ў дачыненні да правільнага ўжывання назвы Рэспублікі Беларусь мы таксама будзем наводзіць парадак», - сказаў Галаванаў, адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, што ў Літве часта выкарыстаюць назву «Балтарусія».
Як паведамлялася раней, адпаведнае рашэнне аб правільным ужыванні назвы Рэспубліка Беларусь у дзяржаўных дакументах Расейскай Федэрацыі было прынятае на Аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі, што прайшла на мінулым тыдні ў Менску.
«Міністр юстыцыі Расеі Аляксандр Канавалаў дакладна адказаў, што ва ўсе органы юстыцыі РФ будзе накіраваны адпаведны дакумент, каб у расейскіх дзяржаўных дакументаў ужывалася назва Рэспубліка Беларусь, а не «Белоруссия»», - нагадаў Галаванаў.