Адзіная мытная прастора ў Менску нават не абмяркоўвалася
4- 30.11.2009, 16:02
Крыніца ПРАЙМ-ТАСС аспрэчвае паведамленне прэс-службы Лукашэнкі аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі.
Адзіная мытная тэрыторыя ў рамках створанага Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана павінна пачаць дзейнічаць ад 1 ліпеня 2010 года. Пра гэта паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
«У першай палове будучага года дзяржавы вырашаюць усе пытанні і выходзяць на адзіную мытную прастору (гаворка ідзе пра адзіную мытную, а не адзіную эканамічную прастору). Ад 1 ліпеня 2010 года пачынае дзейнічаць адзіная мытная тэрыторыя трох краін», - сказана ў паведамленні прэс-службы.
Як растлумачыла ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да перамоваў, стварэнне адзінай мытнай прасторы - гэта адзін з базавых прынцыпаў, на якіх павінен функцыянаваць Мытны саюз, і каб такая прастора была створана, тром краінам неабходна падпісаць адпаведнае пагадненне, якое не было падпісана 27 лістапада ў Менску з прычыны негатоўнасці бакоў.
«Пагадненне аб адзінай мытнай прасторы нават не разглядалася зараз у пакеце дакументаў на падпісанне, таму што падчас перамоўнага працэсу па стварэнні Мытнага саюза не было дасягнута пагадненне аб тэрмінах стварэння адзінай мытнай тэрыторыі», - сказала крыніца.
Яна растлумачыла, што сутнасць адзінай мытнай прасторы складаецца ў пераносе мытнага кантролю на знешнія межы Мытнага саюза, аднак расейскі бок пакуль не ўзгадніў гэтую пазіцыю.
«Па сутнасці, расейцы выступаюць за адзіны мытны тарыф, які ўжо пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2010 г. і зробіць іх тавары канкурэнтнымі на рынках Беларусі і Казахстана ў параўнанні з таварамі трэціх краін, а на стварэнне адзінай мытнай прасторы ісці не хоча, таму што тады, да прыкладу, у Расею з Казахстана свабодна будуць паступаць тавары кітайскай вытворчасці», - сказаў эксперт.
«Гэта практычна тое, што зараз мае Беларусь, калі нядобрасумленныя ўдзельнікі знешнеэканамічнай дзейнасці ўвозяць на нашу тэрыторыю з Расеі ва ўмовах адсутнасці мытнага афармлення з РФ пад выглядам расейскіх (па ілжывых сертыфікатах паходжання) спажывецкія тавары кітайскай вытворчасці», - растлумачыў эксперт.