23 снежня 2024, панядзелак, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Тады мы зразумелі, што народ Беларусі даб'ецца незалежнасці»

1

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» узгадвае, як падзенне Берлінскай сцяны паўплывала на падзеі ў нашай краіне.

«Той восенню я якраз вярнуўся з Масквы пасля навучання ў дыпламатычнай акадэміі і працаваў у беларускім МЗСе. Бачна было, што адбываюцца буйныя падзеі, якія паўплываюць на ўвесь спектр міжнародных адносінаў. Рух рэспублікаў СССР да незалежнасці быў, мабыць, асноўнай тэндэнцыяй таго часу. Безумоўна, падзеі ў краінах Усходняй Еўропы маглі альбо паскорыць гэты рух, альбо надоўга закрыць шлях да свабоды для нашых дзяржаваў», -- узгадвае палітык у інтэрв'ю сайту «Еўрапейская Беларусь».

Па словах Саннікава, «тады яшчэ не зразумела было, як будзе адбывацца распад сацыялістычнага лагера, але было відавочна, што гэта павінна адбыцца».

«Крушэнне Берлінскай сцяны стала не толькі наглядным сімвалам краху сацлагера, але і моцным штуршком да далейшых падзеяў. Падзенне сцяны на той момант не азначала аб'яднанне Нямеччыны, а было сапраўдным знішчэннем межаў паміж Усходам і Захадам. Пасля гэтага ўсе працэсы аднаўлення незалежнасці еўрапейскіх дзяржаваў і краінаў Савецкага Саюза пайшлі хутчэй. Можна сказаць, што знішчэнне Берлінскай сцяны адбылося нечакана, але само па сабе было даўно чаканай падзеяй. Дакладна не памятаю, як я ўпершыню даведаўся пра гэта: ці то хтосьці сказаў, ці то пачуў навіны па радыё. У той час ужо можна было назіраць такія падзеі па савецкім яшчэ тэлебачанні», - кажа лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў дагэтуль памятае тое «адчуванне чакання далейшых пераменаў».

«Незадоўга да гэтага я ўдзельнічаў у шэсці ў Курапаты на Дзяды, калі ўсталёўвалі Крыж Пакуты. Было вельмі шмат людзей. Былі нацыянальныя сцягі, былі лідэры нацыянальнага руху, і відаць было, што народ Беларусі даможацца сваёй незалежнасці. Зразумела было, што Рэспубліцы Беларусь прыйдзецца сутыкнуцца са складанымі праблемамі ў міжнародных адносінах. На момант падзення Берлінскай сцяны ў СССР інтэнсіўна спрабавалі падрыхтаваць новую саюзную дамову, каб утрымаць рэспублікі ў саюзе. Але нават у межах гэтых перамоваў нам неабходна было адстойваць сваё права на паўнапраўны ўдзел у міжнародных перамовах і таго, каб забяспечыць трывалыя падмуркі існавання дзяржавы. Нешта мы змаглі зрабіць. Чагосьці з-за нясмеласці і «комплексу Масквы» постсавецкага МЗСа дамагчыся не атрымалася. Але гэта ўжо іншая гісторыя…», -- распавёў палітык.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках