25 красавiка 2024, Чацвер, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трыюмф свабоды: 20 гадоў таму абрынулася Берлінская сцяна (Фота, відэа)

14
Трыюмф свабоды: 20 гадоў таму абрынулася Берлінская сцяна (Фота, відэа)

За падзеннем Берлінскай сцяны адбылося аб'яднанне Германіі і шэраг «аксамітных рэвалюцыяў» у Еўропе.

9 лістапада 1989 года - гэта адзіны такога кшталту шчаслівы дзень у найноўшай гісторыі Германіі і ўсёй Еўропы.

У гэты дзень абрынулася прагнілая сістэма ўціску, у гэты дзень Германія ўз'ядналася пасля 40 гадоў. Больш за тое, 9 лістапада 1989 года - гэты дзень, калі кожны наглядна ўбачыў, што азначаюць словы «Адзінства, права і свабода» у нацыянальным гімне Германіі, гэта дзень трыюмфу адкрытага грамадства.

Гэтага дамагліся простыя грамадзяне ГДР, якія вышлі на шэрыя вуліцы сваіх гарадоў у сваёй замураванай дзяржаве. Іх патрабаванні былі простыя: выконвайце нашыя правы. Мірныя дэманстрацыі, якія доўжыліся тыднямі, разбурылі ўсе загароды з калючага дроту і бетону. Гэта быў трыюмф дэмакратычных каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца Асноўны закон краіны, паведамляе радыёстанцыя «Deutsche Welle».

Як гэта было

C сярэдзіны 80-х гадоў становішча ў ГДР становіцца ўсё менш спакойным. У той час як у СССР праводзіцца палітыка перабудовы, кіраўніцтва ГДР працягвае ігнараваць загад часу. Апазіцыя па-ранейшаму пераследуецца. Колькасць тых, хто вырашыў як мага хутчэй пакінуць ГДР, нястрымна расце. У сярэдзіне жніўня 1989 года каля 600 турыстаў з ГДР, якія праводзілі адпачынак у Венгрыі, уцякаюць у Аўстрыю. Венгерскія памежнікі не спрабуюць прадухіліць уцёкі. Больш за тое, Будапешт узнімае «жалезную заслону» і дазваляе грамадзянам ГДР свабодны выезд на Захад.

Змена ўлады

Кіраўніцтва САПГ спрабуе перакрыць плынь турыстаў у Венгрыю. Пасля гэтага тысячы грамадзянаў ГДР, спрабуючы дамагчыся выезду на Захад, пачынаюць атачаць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ФРГ у Празе і Варшаве. У канцы верасня кіраўнік МЗСа ФРГ Ганс-Дзітрых Геншэр вылятае ў Прагу. Тысячам грамадзянаў ГДР, якія сабраліся ля амбасады Федэратыўнай Рэспублікі, ён паведамляе, што ім дазволены выезд на Захад. Атрымліваюць такі дазвол і ўцекачы, якія схаваліся ў заходнегерманскай амбасадзе ў Варшаве.

Урачыстасці з нагоды 40-годдзя заснавання ГДР, якія праходзілі ў пачатку кастрычніка 1989 года, ператвараюцца для ўсходнегерманскага кіраўніцтва ў фарс. Не звяртаючы ніякай увагі на тое, што адбываецца навокал, кіраўнік партыі і ўрада Эрых Хонэкер пяе дыфірамбы ГДР і яе грамадскаму ладу. І нават заклікі Міхаіла Гарбачова да рэформаў у ГДР знікаюць марна. Аднак непазбежнасць пераменаў стала відавочнай і для большай часткі кіраўніцтва ГДР. 18 кастрычніка Хонэкер быў вымушаны саступіць уладу Эгану Крэнцу.

Сцяна расколваецца

Новае кіраўніцтва САПГ абяцае правесці рэформы. 4 лістапада на плошчы Аляксандэрплац у Берліне збіраецца каля 400 тысячаў дэманстрантаў, якія патрабуюць свабоды слова, адстаўкі ўрада і свабодных выбараў. Па ўсёй ГДР пачынаюцца хваляванні. У Ляйпцыгу апазіцыя аб'ядноўваецца вакол Евангелічнай царквы. 6 лістапада ў дэманстрацыі прымае ўдзел звыш за паўмільёна чалавек.

9 лістапада аб'яўляецца пра звядзенне да мінімуму фармальнасцяў, звязаных з афармленнем візаў у ФРГ. У гэты ж дзень шматлікія ўсходнія немцы адпраўляюцца да Берлінскай сцяны, каб высветліць усё дакладна. Памежнікі яшчэ не ведаюць пра новыя правілы выезду і спрабуюць адагнаць тых, хто сабраўся, аднак неўзабаве вымушаныя саступіць і адкрыць праходы. Берлінская сцяна дае першую расколіну.

Працэс пераменаў незваротны

Новы кіраўнік урада ГДР Ханс Модраў запэўнівае, што працэс пераменаў незваротны. Ён абяцае рэфармаваць палітычную сістэму і эканоміку ГДР. Міхаіл Гарбачоў паведамляе, што ён вітае перамены, аднак пры гэтым падкрэслівае, што аб'яднанне Нямеччыны на парадку дня не стаіць. Між тым канцлер ФРГ Гельмут Коль ужо ў канцы лістапада прадстаўляе свой план пераадолення падзелу Германіі.

Аб'яднанне адбываецца хутчэй, чым чакалася. Перадумовай да стварэння агульнагерманскай дзяржавы становяцца парламенцкія выбары ў ГДР у сакавіку 1990 года. З вялікім адрывам перамагаюць усходнегерманскія хрысціянскія дэмакраты. Іх лідэр Лотар дэ Мез'ер становіцца кіраўніком урада ГДР. У сярэдзіне траўня 1990 года Коль і дэ Мез'ер падпісваюць дамову аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы.

Аднак аб'яднанне - не проста ўнутраная справа немцаў. У траўні 1990 года ў Боне пачынаюцца перамовы па формуле «2 плюс 4» пры ўдзеле абодвух нямецкіх дзяржаваў і чатырох дзяржаваў-пераможцаў: СССР, ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за ўсё спрэчак выклікае пытанне аб уваходжанні будучай адзінай Германіі ў ваенныя блокі.

На сустрэчы ў Жалезнаводску 16 ліпеня 1990 года Коль і Гарбачоў дамаўляюцца па ўсіх спрэчных пунктах. Гарбачоў згаджаецца на ўваходжанне аб'яднанай Нямеччыны ў НАТА. Вызначаецца тэрмін вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі ГДР. У сваю чаргу, урад ФРГ бярэ на сябе абавязальніцтвы ў межах эканамічнага супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам. Гэтая дамоўленасць і канчатковае прызнанне Германіяй заходняй мяжы Польшчы па Одэры і Нэйсе з'яўляюцца апошнімі штрыхамі на шляху аб'яднання.

3 кастрычніка 1990 года ГДР далучаецца да зоны дзеяння Асноўнага закона ФРГ. Іншымі словамі, Германія становіцца адзінай краінай.

Гадавіну падзення Берлінскай сцяны адзначаюць ва ўсім свеце

Асноўныя ўрачыстасці з гэтай нагоды пройдуць у германскай сталіцы, аднак і ў іншых гарадах ФРГ сёння ладзяцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку багаслужбы, выставы, канцэрты, літаратурныя чытанні, прысвечаныя юбілейнай даце. На імпрэзы ў Берлін запрошаныя высокія госці з ўсяго свету.

Афіцыйная праграма святочных мерапрыемстваў даволі шырокая. Так, адзін з былых прапускных пунктаў на мяжы Усходняга і Заходняга Берліна ў раёне Барнхольмер штрасэ наведае канцлер ФРГ Ангела Меркель. У гэтым мерапрыемстве таксама прымуць удзел былыя лідэры некаторых краінаў, у прыватнасці, экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса.

Затым святкаванні перасунуцца да Брадэнбургскай брамы, якая стаіць якраз на тым месцы, дзе горад разрэзала сцяна. Тут збяруцца ўжо лідэры дня сённяшняга. Чакаецца, у прыватнасці, удзел прэзідэнтаў Расеі і Францыі Дзмітрыя Мядзведзева і Нікаля Сарказі, дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і шмат каго іншага. Для іх і астатніх гасцей мерапрыемства ля Брадэнбургскай брамы будзе зладжаны ўрачысты канцэрт.

На плошчы ля Брадэнбургскай брамы будзе ўсталяваная тысяча пенапластавых блокаў, што сімвалізуюць Берлінскую сцяну. Кожная з гэтых «цаглінаў» мае 2,5 метры ў вышыню, 1 метр у шырыню, важыць каля 20 кілаграмаў і распісаная на тэмы, звязаныя з мірам і свабодай, мастакамі з розных краінаў.

У панядзелак гэтую сімвалічную сцяну пачне бурыць экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, які лічыцца на Захадзе адной з першых ластавак пранікнення дэмакратыі ў краіны Варшаўскай дамовы. У восем вечара ён штурхне ля будынка Рэйхстага першы блок, а з іншага боку - на Патсдамскай плошчы тое ж самае праз 15 хвілінаў зробяць кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Дуран Барозу і старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк. Затым цэлых паўгадзіны ўся тысяча блокаў, адзін за адным, як даміно, будзе падаць, пакуль апошні з іх не паваліцца ля Брадэнбургскай брамы.

Дваццатую гадавіну падзення Берлінскай сцяны адзначае не толькі Берлін, але і ўвесь свет. Амбасады і генеральныя консульствы ФРГ на тэрыторыі іншых дзяржаваў правядуць памятныя імпрэзы, прымеркаваныя да падзеяў 9 лістапада 1989 года.

Францыя адзначыць гадавіну падзення Берлінскай сцяны музычным спектаклем на плошчы Згоды ў цэнтры Парыжу. Спектакль стане сімвалам таго, што лістападаўскія падзеі ў Берліне сталі «нязменнай часткай агульнаеўрапейскай гісторыі», перадае агенцтва AFP са спасылкай на заяву дзяржсакратара Францыі па еўрапейскіх пытаннях П'ера Лелуша.

Своеасаблівы сімвал Берлінскай сцяны прадставіць і сталіца Вялікабрытаніі. У ноч на 9 лістапада тандэм мастакоў з Германіі і Уэльса ўсталюе на тэрыторыі лонданскага Белгрэйв-сквера сцяну з лёду памерам 4 на 7 метраў.

У некаторых краінах Еўропы падрыхтоўка да святкавання гадавіны падзення Берлінскай сцяны пачалася задоўга да афіцыйных урачыстасцяў. Нямецкая амбасада ў Празе 27 верасня ўшаноўвала былых жыхароў ГДР, якім удалося вырвацца на захад. У знак ўдзячнасці за дыпламатычную дапамогу адзін з гасцей прынёс транспарант са словам «Дзякуй» на чэшскай мове.

У двары нямецкай амбасады ў Гаазе яшчэ 20 жніўня была ўсталяваная копія адрэзка Берлінскай сцяны, які праломвае Trabant, аўтамабіль, што выпускаўся ў ГДР у нязменным выглядзе 30 гадоў. Яго арганізатарам пазычылі нідэрландскія прыхільнікі «трабантаў».

Знакамітыя аўтамабілі можна будзе ўбачыць 9 лістапада і ў сталіцы ЗША Вашынгтоне. Выстаўленымі «трабантамі» нагадае пра часу «халоднай войны» Міжнародны музей шпіянажу, а музей журналістыкі і навінаў Newseum прадэманструе сапраўдныя фрагменты сцяны.

Восем арыгінальных фрагментаў Берлінскай сцяны вышынёй 3,5 метра таксама перакрыюць рух па адной з галоўных магістраляў амерыканскага Лос-Анджэлеса - бульвару Уілшыр у раёне Бэвэрлі-Хілз. Паводле звестак арганізатараў, гэта самы доўгі адрэзак Берлінскай сцяны, усталяваны па-за сталіцай Германіі, перадае dpa.

Амбасады Германіі ў Буэнас-Айрэсе і Токіа адсвяткуюць гадавіну падзення Берлінскай сцяны выставамі буйнафарматных фатаграфіяў, а ў пастаянным прадстаўніцтве ААН у Жэневе будуць прадстаўленыя плакаты часоў «халоднай войны». Цырымонію адкрыцця ўзначаліць генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках