4 траўня 2024, Субота, 22:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Рэжым Лукашэнкі ўстарэў і доўга не працягне

33
Андрэй Саннікаў: Рэжым Лукашэнкі ўстарэў і доўга не працягне

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў і былы палітвязень Аляксандр Казулін ўдзельнічалі у святкаванні 20-годдзя Пан'еўрапейскага пікніка і сустрэліся з вядучымі палітыкамі Еўропы.

Пан’еўрапейскі пікнік – гэта дэманстрацыя міру і яднання на аўстрыйска-вугорскай мяжы недалёка ад горада Шапрон, якая адбылася 19 жніўня 1989 года. Са згоды Аўстрыі і Вугоршчыны сімвалічна на тры гадзіны былі адчыненыя вароты на старой Браціслаўскай дарозе.

Каля 600 грамадзян ГДР выкарысталі магчымасць кароткачасовага адкрыцця «жалезнай заслоны» для ўцёкаў на захад. Вугорскія памежнікі не спынялі іх, хоць паводле дамоўленасцяў паміж ГДР і Вугоршчынай, яны не мелі права пускаць усходніх немцаў у несацыялістычную краіну. Цяпер Пан'еўрапейскі пікнік разглядаецца як важная падзея, якая прывяла да аб'яднання падзеленай з прычыны Другой сусветнай вайны Нямеччыны, сканчэння «халоднай войны» і падзення «жалезнай заслоны».

У святкаванні 20-годдзя Пан'еўрапейскага пікніка ўдзельнічалі прэзідэнт Вугоршчыны Ласла Шайом, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель прэм’ер-міністр Вугоршчыны Гордан Байнай, міністр замежных спраў Швецыі, які старшынствуе ў Еўразвязе, Карл Більдт, а таксама непасрэдныя ўдзельнікі падзей дваццацігадовай даўніны, памежнікі Вугоршчыны і ГДР, вядомыя палітыкі і дыпламаты еўрапейскіх краін.

-- Лічыцца, што менавіта побач з вугорскім Шапронам 20 год таму быў прабіты пралом у «жалезнай заслоне». Далей усё адбывалася імкліва. Ужо праз два месяцы, у кастрычніку, рухнула Берлінская сцяна, -- распавядае ў інтэрв'ю сайту www.charter97.org Андрэй Саннікаў. -- Пан'еўрапейскі пікнік – гістарычная падзея, якая паказала сілу грамадзянскай супольнасці. У 1989 годзе простыя грамадзяне Вугоршчыны адгукнуліся на заклік арганізатараў і прыйшлі да мяжы, каб забяспечыць бяспеку ўсходніх немцаў, якія хацелі патрапіць на Захад. У выніку, нягледзячы на загад вугорскім памежнікам страляць на паразу пры перасячэнні мяжы, ні воднага стрэлу зроблена не было.

У сваім выступе ў Шапроне канцлер Нямеччыны Ангела Меркель прывяла цікавы факт. Міністр замежных спраў ФРГ таго часу Ханс-Дытрых Геншар звязаўся па тэлефоне з вугорскім прэм’ер-міністрам Міклашам Неметам і запытаў, як Нямеччына можа аддзячыць Вугоршчыне за тое, што яна дапамагла немцам у гэтай няпростай сітуацыі. Тагачасны кіраўнік Вугоршчыны адказаў: «Нам нічога не патрэбна, мы людзьмі не гандлюем».

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель

Беларусь – адзіная краіна постсавецкай прасторы, прадстаўнікоў якой запрасілі на імпрэзы з нагоды 20-годдзя Пан'еўрапейскага пікніка. Андрэй Саннікаў і Аляксандр Казулін прыбылі ў Шапрон па запрашэнні Міжнароднага цэнтра дэмакратычных трансфармацый (ICDT).

-- Наша прысутнасць у Шапроне было сімвалічнай, паколькі мы прадстаўлялі краіну, якая сёння знаходзіцца з іншага боку свабоднай Еўропы. Намаганнямі Лукашэнкі Беларусь сёння адрэзаная ад свайго натуральнага еўрапейскага рэгіёна, і беларусы ўсё яшчэ жывуць ва ўмовах, падобных да сацыялістычнага лагеру, -- лічыць Саннікаў.

На яго думку, «існаванне дыктатарскай Беларусі на мяжы свабоднай Еўропы – гэта недарэчнасць, якой хутка прыйдзе канец».

-- Апошнія заявы Лукашэнкі ў адрас Еўразвяза, вельмі нервовыя і агрэсіўныя, акурат сведчаць пра тое, што састарэлы рэжым доўга не працягне. Грамадзяне Беларусі павінны адчуць: мы здольныя змяніць сваё жыццё да лепшага, таксама як гэта зрабілі грамадзяне краін Усходняй Еўропы, у тым ліку і Вугоршчыны, -- лічыць палітык.

Андрэй Саннікаў і Аляксандр Казулін правялі шэраг важных палітычных сустрэч – з прэм'ер-міністрам Вугоршчыны Горданам Байнаем, міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Більдтам, кіраўніком парламенцкай фракцыі Вугорскага дэмакратычнага форума Карай Херэньі і старшынём Камітэта па замежных справах парламента Вугоршчыны Жолтам Неметам.

-- Прэм’ер-міністр Гордан Байнай хацеў ведаць, чым Вугоршчына можа дапамагчы беларускім дэмакратам і грамадзянскай супольнасці. Вугоршчына зараз старшынствуе ў Вышэградскай групе, а ў 2011 годзе будзе старшынёю ў Еўразвязе. Прэм’ер адзначыў, што роля Вугоршчыны вельмі значная для Беларусі, паколькі яе стаўленне да нашай сітуацыі будзе ўплываць на агульную еўрапейскую палітыку. Байнай паабяцаў падняць закранутыя намі пытанні на сваіх сустрэчах з еўрапейскімі лідэрамі, якія прысутнічалі на Пан'еўрапейскім пікніку. Ён асоба адзначыў важнае значэнне для змагароў за свабоду мерапрыемства, на якім мы прысутнічалі. На яго думку, падзеі ў Вугоршчыне 1989 года могуць служыць прыкладам і для Беларусі, -- распавёў Андрэй Саннікаў.

Андрэй Саннікаў, Гордан Байнай і Аляксандр Казулін

Па словах палітыка, «вельмі важнай» была сустрэча з кіраўніком МЗС Швецыі Карлам Більдтам.

-- Швецыя сёння старшынствуе ў ЕЗ і ад яе разумення сітуацыі ў Беларусі шмат што залежыць. Мы падрабязна распавялі Карлу Більдту пра тое, што нас хвалюе, казалі пра неабходнасць больш актыўных кантактаў еўрапейскіх палітыкаў з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, пра тое, што рэжым Лукашэнкі дэманструе сваё жаданне супрацоўнічаць з Еўропай толькі на словах. Кіраўнік МЗС Швецыі адзначыў, што ён вельмі пільна сочыць за падзеямі ў нашай краіне, добра ведае пра справу Мікалая Аўтуховіча і іншых палітвязняў і ўздымае гэтыя пытанні на сваіх сустрэчах з афіцыйнымі беларускімі прадстаўнікамі. Міністр замежных спраў Швецыі рэальна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. Ён лічыць, што кантакты з беларускімі чыноўнікамі могуць быць карыснымі, калі яны пачнуь стрымліваць свае абяцанні. Дарэчы, Швецыя ў бліжэйшы час плануе запрасіць дэлегацыю беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Стакгольм, -- адзначыў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў і Карл Більдт (фота з архіва)

Падчас перамоў з кіраўніком фракцыі Вугорскага дэмакратычнага форуму ў парламенце Карай Херэн’і, Андрэй Саннікаў і Аляксандр Казулін абмяркоўвалі праблему палітвязняў.

-- Сёння вельмі важна салідарнасць кіраўнікоў краін Еўропы і ўсіх еўрапейскіх палітыкаў у адстойванні правоў чалавека і дэмакратычных свабод у Беларусі. Кіраўнік фракцыі Вугорскага дэмакратычнага форума добра разумее нашу сітуацыю, і абяцаў праз сваю партыю, прадстаўнікі якой працуюць у міжнародных парламенцкіх структурах і Еўрапарламента, данесці нашу кропку гледжання да міжнароднай супольнасці. Ён падкрэсліў ,што Вугорскі дэмакратычны форум вельмі зацікаўлены ў пашырэнні і актывізацыі кантактаў з беларускай грамадзянскай супольнасцю, - паведаміў Андрэй Саннікаў.

Кіраўнік Камітэта па замежных справах ,адзін з заснавальнікаў партыі Фідэс Жолт Немет паабяцаў беларускім дэмакратам унесці на разгляд дэпутатаў парламента Вугоршчыны дакумент пра сітуацыю ў Беларусі.

-- На сустрэчы з Жолтам Неметам мы таксама казалі пра палітычныя рэпрэсіі і палітвязняў у Беларусі. Нашага суразмоўцу цікавілі магчымасці рэальнай, а не паказной дэмакратызацыі ў Беларусі, адносіны з Расеяй. Дарэчы, на ўсіх сустрэчах мы нагадвалі еўрапейскім палітыкам, што Лукашэнка загадаў падрыхтаваць законапраект, які надзяляе кіраўнікоў Камітэта дзяржбяспекі, МУС і Дэпартамента фінансавых расследаванняў правам на прамыя арышт грамадзян. І падкрэслівалі, што гэты законапраект фактычна змяняе Канстытуцыю краіны, -- адзначыў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

На сустрэчы з кіраўніком Камітэта па замежных справах парламента Вугоршчыны Жолтам Неметам

Пасля сустрэч з кіраўніцтвам Вугоршчыны і Швецыі Андрэй Саннікаў і Аляксандр Казулін правялі прэс-канферэнцыю для журналістаў, а таксама далі інтэрв’ю вядучым вугорскім газетам - «Nepsabadszag» і «Madyar Nemzet».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках