3 траўня 2024, Пятніца, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іван Нікітчанка: «Радыяцыя надзейней за снайпэра»

7

Вярхоўны суд Беларусі сёньня на нявызначаны тэрмін спыніў разгляд пазову ініцыятараў стварэньня «Цэнтру чарнобыльскіх ініцыятываў» да Міністэрства юстыцыі краіны.

Сваё рашэньне суддзя Ігар Мільто абгрунтаваў неабходнасьцю правесьці экспэртызу почырку некалькіх удзельнікаў устаноўчага сходу. Мін’юст зь мінулага году адмаўляецца рэгістраваць гэтую арганізацыю, перадае «Радыё Свабода».

Міністэрства юстыцыі сумняецца ў сапраўднасьці подпісаў трох удзельнікаў устаноўчага сходу, які праходзіў амаль год таму. Ініцыятары прасілі Вярхоўны суд выносіць свой вэрдыкт без графалягічнай экспэртызы. Адзін з стваральнікаў чарнобыльскага цэнтру, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка абураны чарговай зацяжкай. Ён кажа, што ўся Беларусь фактычна пакрытая радыяцыяй, і людзі павінныя пра гэта ведаць.

«Проста яны ня хочуць гэтага разумець. Калі б радыяцыя мела пах, колер, смак, тады б асьцерагаліся і змагаліся зь ёю. І вось заяўляе адзін начальнік, што ў нас сёньня радыяцыі няма. А насамрэч яна б’е надзейней за снайпэра. Снайпэр яшчэ можа неяк прамахнуцца. А тут не прамахнецца», - зазначае Іван Нікітчанка.

Навуковец паведаміў, што абсалютная большасьці населеных пунктаў Беларусі усе жыхары маюць хаця б малую паглынутую долю радыяцыі.

«Я цяпер выканаў праект інфармацыйнага забесьпячэньня насельніцтва. Выбарка — выпадковая. У 24 раёнах праверылі па два населеныя пункты. І які вынік? Нават у Менску кожны трэці мае малую паглынутую долю радыяцыі. У Бабруйску — два з трох. А ў астатніх месцах — усе.

Праверылі ў Маладэчне 41 чалавека. Там разам зь імі былі і прадстаўнікі Смаргонскага раёну. Там усяго адзін чалавек быў чысты. Зваць Каця. Ёй усяго тры годзікі, і яна харчуецца пакуль дзіцячымі сумесямі. Правяралі Віцебскую вобласьць. Там у Полацку ёсьць інтэрнат для таленавітых дзяцей. Там больш за 70 чалавек правяраліся. І няма ніводнага (!) чыстага», - распавядае Іван Нікітчанка пра свае апошнія дасьледаваньні.

Сярод тых, хто зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з скаргай на міністэрства юстыцыі, і Юрась Меляшкевіч. Ён тлумачыць, чаму так неабходная як мага хутчэйшая рэгістрацыя «Цэнтру чарнобыльскіх ініцыятываў».

«У выпадку рэгістрацыі мы будзем ажыцьцяўляць статутныя мэты. Сярод іх — стварэньне сыстэмаў радыяцыйнага маніторынгу. Мы зьбіраемся рэалізаваць пляны, пад якімі калісьці паставіў свой подпіс Іван Нікітчанка. Яны цяпер дзяржавай прымаюцца як дзяржаўныя, але не выконваюцца абсалютна. Мы будзем дамагацца, каб адпаведныя дзяржаўныя органы, Дзяржкамчарнобыль, міністэрства надзвычайных сытуацый, міністэрства аховы здароўя прымянілі да Беларусі канцэпцыю нулявога назапашваньня радыяцыі. То бок каб не існавалі канцэпцыі мінімальнага назапашваньня дозаў, а дзяржава імкнулася б цалкам забясьпечыць людзей чыстымі прадуктамі харчаваньня», - зазначае Юрась Меляшкевіч.

Каля паловы грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў з агульнай колькасьці каля 3000 дагэтуль ня могуць афіцыйна зарэгістравацца ў Беларусі. Такую лічбу назвалі на гэтым тыдні арганізатары Асамблеі няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках