17 чэрвеня 2026, Серада, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніна Шыдлоўская: «Магчыма, З’езд беларусаў свету сёлета давядзецца праводзіць за мяжой»

4

Беларускія ўлады дагэтуль не даюць памяшканне для правядзенне З’езду беларусаў свету.

Да гэтага часу невядома, ці атрымаецца ў арганізатараў чарговага З’езду беларусаў свету знайсці памяшканне для яго правядзення. З’езд прызначаны на 18-19 ліпеня. Але праблемы з пошукам памяшкання для мерапрыемства застаюцца. Пра гэта расказала Euramost.org намеснік старшыні «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская.

Калі былі вызначаныя даты правядзення чарговага З’езду беларусаў свету?

– З’езды беларусаў свету «Згуртаванне «Бацькаўшчына» праводзіць раз на 4 гады. Дата правядзення сёлетняга з’езду была вызначана перад Новым годам. Калі восенню было паседжанне малой Рады «Бацькаўшчыны», на якой і была прызначана канкрэтная дата. А таксама нормы прадстаўніцтва на з’езд. І адразу «Бацькаўшчына» пачала шукаць памяшканне, але паўсюль нам казалі, што яшчэ досыць рана і звяртацца трэба пасля Новага года. Відавочна, была напісана цэлая процьма лістоў і нарэшце пайшлі адказы. Нават не адказы, а адназначныя адмовы. Прычым, адным з першых адмовіў міжнародны адукацыйны цэнтр IBB, дзе папярэдні з’езд і праходзіў. Складаецца ўражанне, што «Бацькаўшчына» прымусіць зрабіць рэмонт практычна ва ўсіх памяшканнях, дзе ёсць актавыя залі. Зараз працягваецца вылучэнне дэлегатаў на з’езд і арганізацыйная падрыхтоўка. Мы робім захады, каб выйсці на ўлады Мінска і адміністрацыю прэзідэнта. Магчыма, што нейкі канкрэтны чыноўнік проста не ўсведамляе значнасці гэтага мерапрыемства, бо З’езд беларусаў свету – не проста статутнае мерапрыемства нашай арганізацыі. А менавіта той міжнародны форум нашых суайчыннікаў за мяжой, які заўсёды даваў магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы як жыцця беларусаў замежжа, так і ўзаемадзеяння метраполіі і беларусаў замежжа.

Пошукі памяшкання мы будзем працягваць, але дзякуючы нашым суполкам, нашым сябрам за мяжой, мы гатовыя нават да таго непрыемнага павароту, што З’езд беларусаў свету сёлета давядзецца праводзіць за мяжой. Але так не павінна быць! Атрымліваецца, што сталіца метраполіі не хоча прымаць сваіх суайчыннікаў, якія не проста жывуць за мяжой, а працягваюць там беларускае культурніцкае жыццё. Робяць усё магчымае, каб беларусы не асіміляваліся сярод тых народаў, дзе яны пражываюць.

Колькі ўстаноў ўжо перадалі вам свае адмовы?

– Мы шукалі памяшканне, прыдатнае для таго, каб там сабраліся 400 дэлегатаў. У 17 арганізацый былі напісаныя афіцыйныя лісты, калі 20 арганізацый былі проста пратэлефанаваныя. Тое, што ў некаторых з іх плануецца рамонт, сумневу не выклікае – калі мы тэлефанавалі, то нам, нават не даведаўшыся, што за арганізацыя да іх звяртаецца, адказвалі, што на лета яны ніякіх мерапрыемстваў праводзіць у сябе не будуць. Сёння мы маем 17 пісьмовых адмоў і каля 7-8 вусных.

З якіх краінаў плануюцца дэлегаты?

– Сёлета, як і ў мінулыя гады, дэлегаты прыедуць больш, чым з 20-ці краінаў свету. Гэта – еўрапейскія краіны, ЗША, Канада, Расія, Украіна, Новая Зеландыя і гэтак далей.

Наколькі з’езд можна назваць палітычным мерапрыемствам, каб гэтым патлумачыць нежаданне ўладальнікаў памяшканняў здаваць іх вам у арэнду?

– Проста ўлады не жадаюць дасць магчымасцці сабрацца разам беларусам, якія маюць вагу і значнасць у краінах свайго пражывання, і ў той жа час не падзяляюць, ці, нават, катэгарычна супраць таго грамадскага, эканамічнага, палітычнага накірунку развіцця Беларусі. Але на гэтых з’ездах няма падзелу па палітычных поглядах. Прыязджаюць прадстаўнікі дыяспар, якія часам маюць дыяметральна супрацьлеглыя палітычныя погляды. Але канструктыўна працуюць у абмеркаванні праблемаў жыцця і дзейнасці беларусаў замежжа.

Ці ёсць сярод беларусаў замежжа досыць уплывовыя асобы, якія маглі б праз урад каріны, дзе яны зараз жывуць, паўплываць на сталічныя, беларускія ўлады ў пытанні прадастаўлення памяшкання для з’езда?

– Відавочна, сярод беларусаў замежжа дастаткова досыць уплывовых асоб, якія маюць аўтарытэт ва ўрадах сваіх краін. Часта да іх ацэнак і парадаў там прыслухоўваюцца. Вельмі не хацелася б прыбягаць да такіх метадаў уздзеяння на нашы ўлады, на нашу адміністрацыю. Але калі цягам некалькіх тыдняў пытанне з памяшканнем не вырашыцца, давядзецца прыбегнуць да выкарыстання і гэтага механізму.

Калі не Мінск і не Беларусь, то дзе можа прайсці з’езд?

– Ужо дапамогу ў арганізацыі і правядзенні з’езда прапанавалі суполкі з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы. То бок, мы маем выбар не толькі месца правядзення, але і арганізацыйнай дапамогі. Правядзення мерапрыемства такога ўзроўню вымушае быць вельмі арганізацыйна сабранымі і праводзіць вельмі вялікі аб’ём працы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках