Пад Вілейкай знішчылі помнік герою антысавецкага падполля (Фота)
19- 29.04.2009, 10:26
Напярэдадні Радаўніцы ва ўрочышчы Чырвоны Беражок Вілейскага раёна невядомыя знішчылі помнік антысавецкаму падпольшчыку і барацьбіту за незалежнасць Беларусі Расціславу Лапіцкаму.
Помнік усталявала вілейская грамадскасць увосень 2008 года на месцы расстрэлу героя. Ён уяўляў з сябе камень, на якім быў выгравіраваны надпіс: «На гэтым месцы расстраляны Расціслаў Лапіцкі (І.ІХ.1928 - 28.Х.1950). Барацьбіт за незалежнасць Беларусі». Камень асвяціў праваслаўны святар з вёскі Касута, адкуль быў родам сам Лапіцкі і дзе яго бацька таксама служыў святаром, піша сайт vialejka.org.
Каб знішчыць помнік, выкарыстоўвалася тэхніка – засталіся сляды вялікага трактара з каўшом і самазвала. Помнік быў усталяваны на бетонную падушку і важыў некалькі тон, камень быў злучаны з бетонам металічнымі прутамі. Помнік вывезены ў невядомым накірунку.
Асаблівая цынічнасць злачынства ў тым, што яно было здзейснена напярэдадні свята Радаўніцы.
Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак падобнага вандалізму. Зусім нядаўна былі разгромленыя помнікі на могілках вёскі Хаценчыцы. А ў вёсцы Кульшына з унікальных могілак 13 стагоддзя зрабілі кар'ер, з якога бяруць пясок разам з косткамі на вілейскі асфальтавы завод.
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 9 верасня 1928 года ў сям'і праваслаўнага святара ў Вілейскім раёне ў вёсцы Касута. Растраляны 28 кастрычніка 1950 года. У 1948-49-х гадах стварыў у Смаргоньскім й Мядзельскім раёнах з вучнёўскай моладзі антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю, якая выдавала антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. У хуткім часе яна была раскрытая, яе сябры, у тым ліку непаўнагадовыя, атрымалі розныя тэрміны лагероў. Расціслаў, як галоўны арганізатар, быў прысуджаны да смяротнага пакарання.

