Трамп і Зяленскі могуць сустрэцца ў Францыі
1- 13.06.2026, 19:14
Падчас саміту G7.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі возьмуць удзел у рабочай сесіі саміту G7 у Францыі і могуць правесці сустрэчу ў кулуарах мерапрыемства. Пра гэта на ўмовах ананімнасці распавёў чыноўнік Белага дома падчас размовы з журналістамі, паведамляе «Суспільне».
Дональд Трамп прыбудзе ў Францыю ў панядзелак, 15 чэрвеня, і ў той жа вечар правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
16 чэрвеня амерыканскі лідар возьме ўдзел у рабочай сесіі краін G7, да якой таксама далучыцца Уладзімір Зяленскі.
У той жа час у Вашынгтоне адзначаюць, што асобная двухбаковая сустрэча паміж Трампам і Зяленскім пакуль не запланавана, аднак не выключаюць, што яны могуць перасекчыся падчас мерапрыемства.
Прадстаўнік Белага дома, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, падкрэсліў, што галоўным прыярытэтам прэзідэнта Трампа застаецца як мага хутчэйшае заканчэнне вайны.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон запрасіў лідараў краін Блізкага Усходу і прэзідэнта Украіны на саміт G7, які пройдзе ў Эвіяне 15−17 чэрвеня.