Украіна вывела з ладу 8 з 10 найбуйнейшых складоў Wildberries у Расіі
2- 26.08.2026, 11:33
- 1,078
Агульная плошча паражаных мэтаў — 1,3 млн квадратных метраў.
Украінскія ўдары, пачынаючы з ліпеня, вывелі з ладу 8 з 10 найбуйнейшых складоў Wildberries у Расіі.
Пра гэта паведамляе «Агенцтва».
У ноч на 26 жніўня ЗСУ нанеслі новы ўдар па складах Wildberries. На гэты раз быў атакаваны лагістычны цэнтр кампаніі ў Тамбоўскай вобласці, пасля ўдару ён спыніў працу.
Паводле паведамлення мясцовых уладаў, комплекс поўнасцю або амаль поўнасцю згарэў. Гэта восьмы з 10 найбуйнейшых лагістычных цэнтраў маркетплэйса, выведзеных з ладу ўдарамі з сярэдзіны ліпеня.
Да гэтага ўкраінскія ўдары вывелі з ладу 7 найбуйнейшых складоў Wildberries:
у падмаскоўных Электрасталі і Каледзіна (плошча кожнага — па 250 тысяч кв. м) — першы поўнасцю згарэў пасля атакі 18 ліпеня, другі спыніў працу пасля ўдараў і пажару 16 жніўня;
у Навай Усмані Варонежскай вобласці (156 тысяч кв. м) — не працуе пасля атакі 11 жніўня;
у Чырвоным Бары Ленінградскай вобласці (154 тысячы кв. м) — спыніў працу пасля атакі 4 жніўня;
у Аляксіне Тульскай вобласці (150 тысяч кв. м) — не працуе пасля атакі 5 жніўня;
у пасёлку Навасемейкіна Самарскай вобласці (128 тысяч кв. м) — не працуе пасля атакі 2 жніўня;
у Сабінскім раёне Уладзімірскай вобласці (119 тысяч кв. м) — не працуе пасля атакі 3 жніўня.
Падвяргаліся атакам, але працягваюць працаваць склады ў Екацярынбургу (157 тысяч кв. м) і Татарстане (150 тысяч кв. м).
Такім чынам, з 1,6 млн кв. м плошчы дзесяці найбуйнейшых складоў Wildberries выведзена з ладу ўжо больш за 1,3 млн (больш за 81%).
Апошнія ўдары па Wildberries
У ноч на 26 жніўня ўкраінскія дроны паразілі лагістычны хаб Wildberries у Котаўску Тамбоўскай вобласці Расіі. На аб’екце ўспыхнуў пажар.
Склад у Котаўску ўжо пацярпеў 18 ліпеня — тады ў выніку пажару загінулі 7 супрацоўнікаў, а сам аб’ект часова прыпыняў працу.