Яшчэ адна вайна
- Віталій Портнікаў
- 19.08.2026, 17:09
- 1,954
Пра сапраўдныя планы Пуціна.
Здаецца, чатыры з паловай гады вялікай вайны Расіі супраць Украіны і 12 гадоў канфлікту паміж дзвюма краінамі даюць выразны адказ на гэтае пытанне: не, у Расіі няма такіх рэсурсаў. Але ці можам мы лічыць, што Пуцін гэтага не разумее?
Прэзідэнт Расіі вядзе супраць Украіны значна складанейшую вайну. Крым або Данбас у такой вайне — плацдармы для нападу на тэрыторыю Украіны, якая кантралюецца легітымным урадам, і падстава для працягнення вайны.
Прапанава вывесці войскі з часткі тэрыторыі Данецкай вобласці, якая кантралюецца ЗСУ, лагічна ўпісваецца ў гэтую стратэгію. Ведаеце, што будзе, калі ўкраінскі ўрад пагодзіцца з такімі ўмовамі або, скажам, расійскай арміі ўдасца ўсталяваць кантроль над усім Данбасам? Расіяне пачнуць ствараць «буферныя зоны», каб забяспечыць бяспеку «новых тэрыторый», працягнуць праводзіць ужо ў гэтых «буферных зонах» рэферэндумы аб далучэнні і патрабаваць, патрабаваць, патрабаваць.
У 2022 годзе можна было выразна акрэсліць дзве галоўныя мэты расійскага кіраўніцтва разам з акупацыяй значных украінскіх тэрыторый і зменай улады ў Кіеве. Гэта дэстабілізацыя Украіны і стварэнне ўмоў для вялікага міграцыйнага крызісу ў Еўропе. Пуцін добра памятаў, як на тле грамадзянскай вайны ў Сірыі і з’яўлення мільёнаў мігрантаў з Блізкага Усходу ў Еўропе рэйтынгі ультраправых партый, блізкіх да крэмлёўскіх «каштоўнасцяў», пачалі расці як на дражджах. І хацелі, каб і з Украінай атрымалася менавіта так, як з Сірыяй.
Праз некалькі месяцаў пасля пачатку вялікай вайны можна было канстатаваць, што гэтыя разлікі праваліліся. Украінцы згуртаваліся дзеля абароны дзяржавы. Еўрапейцы гасцінна прымалі бежанак з дзецьмі. Крызісу не адбылося.
Але разлік на шматгадовую вайну на знясіленне якраз і звязаны з тым, што тое, чаго не ўдалося дасягнуць адразу, дасягаецца з цягам часу. Што Расія вытрывае, а ў ворага лопне цярпенне. І цяпер мы бачым першыя элементы здзяйснення гэтага д’ябальскага плана Крамля.
Бачым, як у часткі людзей ва ўкраінскім грамадстве з’яўляюцца панічныя настроі — і на фоне пастаянных балістычных ракет, якія няма чым збіваць, і на фоне ўсведамлення таго, што да завяршэння вайны яшчэ далёка. І гэта не толькі ўдалы разлік расійскай улады, але і сур’ёзны пралік украінскай. У Кіеве ўспрымалі надзею на хуткае завяршэнне вайны як свайго кшталту наркотык, якім можна супакоіць грамадства і прадухіліць яго дэміралізацыю. Але ж дзеянне любога наркотыку, любога супакойлівага рана ці позна заканчваецца.
Так цяпер і адбылося — магчыма, падставай сталі не толькі ракеты, але і няўдалыя кадравыя рашэнні прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. І вось які парадокс: тыя, хто яшчэ з 2019 года ўсведамлялі сур’ёзныя праблемы са здольнасцю Зяленскага кіраваць краінай ва ўмовах вайны, і цяпер не стамляюцца напамінаць пра легітымнасць дзеючага прэзідэнта і важнасць даверу да яго аж да завяршэння вайны. А тыя, хто ставіўся да Зяленскага як да іконы, занятыя пошукам новых ікон — што, відавочна, цяпер зусім не да часу.
Міграцыйныя праблемы таксама абвастраюцца — і гэта натуральна. Бо нават абарона ўкраінцаў, уведзеная ў 2022 годзе, была часовай — і вось высвятляецца, што гэта толькі эўфемізм, які хавае фактычна пастаяннае знаходжанне грамадзян Украіны ў краінах Еўрапейскага Саюза. Ну а цяпер уявім сабе хвалю ад’ездаў у зімовы перыяд. Ці паспрабуем зразумець, чаму еўрапейскі падаткаплатнік павінен утрымліваць за ўласны кошт не толькі жанчын з дзецьмі, але і мужчын, якія нелегальна дабіраюцца да Еўропы, спрабуючы ўхіліцца ад свайго канстытуцыйнага абавязку.
Дык, Пуцін не можа выйграць «сапраўдную» вайну, але здольны перамагчы ў дэстабілізацыі Украіны і Захаду? Так, у расійскага прэзідэнта з’яўляюцца шанцы тады, калі мы не хочам казаць праўду сабе і людзям. Калі ўкраінскія кіраўнікі працягваюць размаўляць з суайчыннікамі не як з абаронцамі Айчыны, а як з будучымі выбарцамі — хай нават ніхто не ведае, калі ў агляднай будучыні скончыцца вайна і адбудуцца выбары. Калі еўрапейскія палітыкі спрабуюць супакоіць сваіх грамадзян нават тады, калі на іх тэрыторыю прылятаюць ракеты і дроны з Расіі, і пераконваюць, што іх тэрыторыя — не мэта, а выпадковасць. Калі ў Злучаных Штатах дагэтуль не могуць усвядоміць, што вайна Расіі супраць Украіны — частка глабальнай «спецаперацыі» дзеля аслаблення Амерыкі.
Той, хто баіцца шчырасці і адэкватнай ацэнкі рэчаіснасці, адкрывае дарогу хлусні і Пуціну.
Віталій Портнікаў, vilni-media.com