Пуцін паўтарае фатальную памылку СССР
3- Ігар Семіволос
- 26.08.2026, 10:46
- 3,034
У Крамлі дасталі стары міф часоў вайны ў Афганістане.
У Расіі прыдумалі новую прычыну, паводле якой яна пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Дарадца расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, адказны сакратар аргкамітэта Усходняга эканамічнага форуму Антон Кобякоў заявіў, што нібыта Украіна «планавала ўварванне ў Расію 8 сакавіка 2022 года». Але, маўляў, Масква апярэдзіла Кіеў «на дзве тыдні» і напала першай «дзякуючы дальнабачнасці расійскага кіраўніцтва».
Паводле яго слоў, доказы такой украінскай каварнасці расійскія вайскоўцы знайшлі яшчэ на пачатку «СВА» ў пакінутым штабе адной з брыгад тэрытарыяльнай абароны ЗСУ. Гэта, маўляў, былі дакументы, якія сведчылі, што «Кіеў рыхтуе напад на Расію».
Калі я чую, як дарадца Пуціна кажа, што Расія апярэдзіла Украіну на дзве тыдні і напала першай, я ўспамінаю савецкае ўварванне ў Афганістан. Тады казалі тое самае: «Калі б мы не ўвялі войскі, праз два тыдні там былі б амерыканцы» (ці «базы НАТА»). Сёння гэтая формула паўторана амаль слова ў слова.
Гэта — класічны савецка-расійскі міф пра «прэвентыўны ўдар», які выконвае дзве фундаментальныя функцыі.
Па-першае, здымае маральную адказнасць за агрэсію, якая легітымізуецца як «вымушаная абарона». Пры гэтым захопнік ператвараецца ў «ахвяру абставінаў», якая проста дзейнічала на апярэджанне.
Па-другое, падмяняе рэальныя прычыны вайны ідэалагічнай канструкцыяй. Замест прызнання ўласных імперскіх амбіцый або спробаў кантраляваць суседнюю краіну ствараецца карціна экзістэнцыяльнага «спаборніцтва са звышдзяржавай».
Паказальна, дарэчы, што і само матэрыяльнае даказанне гэтай «празорлівасці» — стандартны, да болю пазнавальны прыём: «знойдзеныя дакументы ворага», нібыта выяўленыя ў пакінутым штабе.
Праўда, гэта не савецкае і нават не выключна расійскае ноу-хау, а стары жанравы інструмент апраўдання агрэсіі — тая ж логіка, што і ў Гляйвіцкай правакацыі 1939 года, або ў сфабрыкаваных «пратаколах», якія заўсёды «выпадкова» знаходзяцца якраз тады, калі патрэбна алібі.
То бок, нічога новага.
Стратэгічная культура Крамля не тое што не змянілася з 1979 года. Яна захрасла ў той жа самой сістэме паняццяў і выкарыстоўвае тыя ж самыя рытарычныя шаблоны, бо новых сэнсаў або аргументаў для ўласнага грамадства прыдумаць так і не здолела.
Дарэчы, паказальна, што ў выпадку з Афганістанам такія размовы пачаліся тады, калі стала відавочнай фатальнасць уварвання для СССР.
Ігар Семіволос, УНІАН