У Беларусі навучэнцаў каледжаў накіруюць на ваенныя зборы
1- 26.08.2026, 11:11
- 1,180
Мілітарызацыя моладзі выходзіць на новы ўзровень.
У Беларусі навучэнцаў каледжаў пачнуць накіроўваць на вучэбна-палявыя зборы. Пра новыя планы ўладаў паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас гарадскога форуму педагагічных работнікаў «Мінск адукацыйны: тэрыторыя канкрэтных спраў», пішуць «Мінск-Навіны».
Сёлета ўлады ўжо правялі эксперымент з дзесяцікласнікамі: вучэбна-палявыя зборы ўпершыню арганізавалі ў фармаце кругласутачнага знаходжання. Каля 15% школьнікаў пачатак лета правялі фактычна ў казармах.
На гэтым лукашэнкаўскія чыноўнікі вырашылі не спыняцца. Па словах Іванца, з наступнага года ўсе вучэбна-палявыя зборы павінны праходзіць на базе вайсковых часцей альбо цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Цяпер ваенную практыку распаўсюдзяць і на навучэнцаў каледжаў. Ужо ў 2026/2027 навучальным годзе для іх маюць намер арганізаваць пяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы.
А яшчэ праз год іх працягласць хочуць павялічыць да дзесяці дзён — па аналагіі з дзесяцікласнікамі. Праводзіць зборы таксама будуць у вайсковых частках.
Пры гэтым чыноўнікі называюць тое, што адбываецца, часткай падрыхтоўкі і «патрыятычнага выхавання». Аднак узнікае відавочнае пытанне: чаму адукацыю ў Беларусі ўсё мацней звязваюць з казармамі і ваеннай падрыхтоўкай і навошта падлеткам усё больш часу праводзіць у вайсковых частках.
Мілітарызацыя школ і падлеткаў у Беларусі ідзе ўжо не першы год. Раней абавязковыя дзесяцідзённыя зборы
>увялі для дзесяцікласнікаў, а ваенна-патрыятычныя структуры ўлады актыўна распаўсюджваюць па ўсёй сістэме адукацыі.
Цяпер чарга дайшла да каледжаў. І, судзячы з заяў чыноўнікаў, улады пакуль не збіраюцца на гэтым спыняцца.