18 траўня 2024, Субота, 13:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск — эўрапейскі аўтсайдэр паводле якасьці жыцьця

11

Міжнароднае кансалтынгавае агенцтва «Mercer» надрукавала вынікі апытаньня, паводле якога вызначаныя найлепшыя для пражываньня і працы гарады ў сьвеце.

Усю прызавую тройку занялі эўрапейскія цэнтры — аўстрыйская Вена, а таксама швайцарскія Цюрых і Жэнэва. Ушчыльную да «перадавікоў» разьмясьціліся канадзкі Ванкувэр і новазэляндзкі Окленд. У сьпісе з 215 гарадоў сьвету найгоршым прызнаны Багдад, дзе людзі штодня сутыкаюцца з рэальнай небясьпекай. Менск трэці год запар прызнаецца абсалютным аўтсайдэрам на эўрапейскім кантынэнце, паведамляе «Радыё Свабода».

За эталён з паказьнікам 100 балаў экспэрты ўзялі Нью-Ёрк. Аднак сам па сабе гэты амэрыканскі мэгаполіс паводле якасьці пражываньня замыкае першую паўсотню, разьмясьціўшыся на 49 радку. Найвышэй з гарадоў ЗША стаіць Ганалулу, адміністрацыйны цэнтар Гаваяў са 103 ачкамі. Зрэшты, адрыў Вены зь яе 108,6 ачка ад канкурэнтаў ня надта значны: Цюрых, які ідзе сьледам, мае 108 ачкоў, Жэнэва — 107,9. Аўтсайдэрам па ўсіх паказьніках стаўся Багдад з 14 баламі, які разьмясьціўся на апошнім, 215 месцы.

За крытэрыі зручнасьці пражываньня ў тым ці іншым месцы браліся 39 паказчыкаў. Сярод іх — палітычная і эканамічная стабільнасьць, ступень цэнзуры СМІ, архітэктурная прывабнасьць, інтэнсіўнасьць руху транспарту, разнастайнасьць забаўляльных месцаў, узровень забруджаньня навакольнага асяродзьдзя і г.д. Год таму паводле гэтых парамэтраў найлепшай была сталіца Даніі Капэнгаген. Сёлета дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што па-за канкурэнцыяй Вена.

Калі меркаваць па выніках дасьледаваньня, жыцьцё ў гарадах усходняй часткі Эўропы суправаджаецца шматлікімі праблемамі. Са сталіц Усходняй Эўропы найлепш ацэненая Прага — 71-е месца. Будапэшт — 74-ы, Любляна — 78-я, Варшава — 85-я, Браціслава — 88-я. Беларусь у рэйтынгу прадстаўленая Менскам, які, падобна як у двух папярэдніх дасьледаваньнях, так і застаўся ў хвасьце Эўропы — 182-гі радок.

Як лічыць колішні галоўны дзяржаўны інспэктар Менгарвыканкаму ў пытаньнях аховы гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга, улады Менску робяць усё, каб гэтыя пазыцыі не палепшыліся. Патэнцыйна прывабная для турыстаў гістарычная частка гораду амаль зьнішчаная, няма сучаснай інфраструктуры (пры ганебным дэфіцыце грамадзкіх прыбіральняў), а цэнтар сталіцы задыхаецца ад непрафэсійна разьведзеных транспартных плыняў:

«Паводле ўсіх менгарвыканкамаўскіх папер неўласьцівыя транспартныя патокі павінны з гістарычнага цэнтру выводзіцца. У любой краіне, у гарадах любых маштабаў выводзяцца транспартныя патокі з пляніровачных ядраў гістарычных цэнтраў. А ў нас усё, што цяпер там будуецца, менавіта прыцягвае туды транспартныя патокі, якія ніколі ў прынцыпе ня мелі дачыненьня да гэтага месца. То бок у нас увесь транспарт, які на сёньняшні дзень яшчэ праходзіць праз гістарычны цэнтар, на 98% — чысты транзыт, які вельмі лёгка выводзіцца. А тое, што зараз яшчэ будуецца, як бы гэта ні выглядала, нават без наяўнасьці ў гэтым месцы гістарычнага цэнтру, прывядзе проста да транспартнага каляпсу гэтага месца», -- заявіў экспэрт.

Іншыя экспэрты адзначаюць, што і паводле астатніх паказьнікаў беларуская сталіца ня можа прэтэндаваць на статус заканадаўцы гарадзкога дабрабыту. У палітычнай галіне Беларусь ужо даўно атрымала нездавальняючую адзнаку з боку дэмакратычных урадаў; свабодныя СМІ практычна вынішчаныя, месцы для адпачынку — на прымітыўным узроўні ці зьведзеныя да мінімуму.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках