Крымінальныя справы супраць апазіцыянераў не закрываюцца, а толькі прыпыняюцца
2- 30.04.2009, 17:48
Актывіст «Маладога Фронту» Кірыла Атаманчык 30 красавіка накіраваў заявы генеральнаму пракурору і старшыні КДБ Беларусі з просьбай закрыць узбуджаную супраць яго крымінальную справу.
Як паведамляе БелаПАН, справа была ўзбуджаная ў верасні 2007 года па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да двух год пазбаўлення волі.
Моладзевы актывіст займаўся грамадскай дзейнасцю ў Жлобіне (Гомельская вобласць), зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Літве. На дадзены момант крымінальная справа ў адносінах яго прыпыненая. Атаманчык лічыць, што дадзены артыкул КК супярэчыць Канстытуцыі Беларусі.
«Я з'яўляюся актывістам «Маладога Фронту», і права знаходзіцца ў гэтай арганізацыі і дзейнічаць ад яе імя — маё неад'емнае права на свабоду асацыяцый», - кажа ён.
Малады чалавек просіць канчаткова закрыць крымінальную справу і не пераследваць яго па дадзеным артыкуле ў наступным.
«У мяне няма ілюзій, што маю справу закрыюць, але я буду дамагацца гэтага. Пакуль я чакаю афіцыйнага адказу, каб ведаць, як паступаць у будучыні. У сённяшніх умовах «лібералізацыі» на тэму палітрэпрэсаваных казаць не модна, паміж тым за мяжой застаюцца некалькі дзясяткаў маладых людзей з Беларусі, якія знаходзяцца пад пераследам», - пракаментаваў Кірыла Атаманчык.