18 траўня 2024, Субота, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наваградскія актывісты правялі акцыю ў памяць аб ахвярах габрэйскага гета (Фота)

1

9 мая актывісты партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая ствараецца, усклалі вянок і правялі малітву каля помніка расстраляных фашыстамі габрэяў наваградскага гета.

Як абвяшчае надпіс на помніку, з 1941 па 1944 гады нямецкімі нацыстамі і іхнымі наймітамі тут было забіта 18 тысяч чалавек. З іх – 5 100 габрэйскіх мужчын, жанчын і дзяцей сталі ахвярамі толькі першай разні, 8 снежня 1941 года, паведамляе прэс-служба БХД.

«18 тысяч загінулых – гэта жудасна, бо зараз у горадзе пражывае не больш за 35 тысяч чалавек. Гэта ахвяры дыктатуры, таталітарызму і бязбожжа. Таму мы памятаем аб гэтых падзеях і молімся, каб яны не паўтарыліся ў нашай гісторыі», - кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Удзельніца тых падзей Алена Казак, якой атрымалася выжыць, распавяла, якім чынам праводзілася выразанне насельніцтва.

«У пятніцу, 5 снежня 1941 года, былі разлепленыя плакаты аб тым, што пасля шасці гадзін вечара габрэям нельга выязджаць за межы горада. Раніцай наступнага дня ўсе габрэі павінныя былі ссабрацца каля будынка суда. З сабой ім дазвалялася ўзяць толькі тое, што маглі несці ў руках. Субота была жудасна халоднай - мінус 20 градусаў. У двары будынка суда сабралося 6500 габрэяў. Мы прачакалі ўвесь дзень на холадзе. Увечары нам адкрылі дзверы. Мы ледзь размясціліся ўнутры стоячы і ўсю гэтую ноч не спалі. Там нас пратрымалі два дні», - кажа жанчына.

У нядзелю прыбылі салдаты вермахта і адабралі групу ў 100 чалавек будаваць плот вакол дваццаці васьмі дамоў у прыгарадзе Перасека - немцы стваралі там гета.

«У панядзелак раніцай, 8 снежня 1941 года, прыбылі грузавікі з салдатамі СС і мясцовай паліцыяй. Нас выбудавалі ў шэраг. Чальцы сем'яў павінныя былі стаяць побач. Галава сям'і абавязаны быў падысці да эсэсаўца. Яму задавалі два пытанні: «Прафесія?» і «Колькі дзяцей?» Эсэсавец толькі паказваў пальцам у пальчатцы – направа або налева (на жыццё або на смерць)», - узгадвае Алена Казак.

Тых, а гэта 5100 чалавек, каму было паказана адысці налева, адвезлі ў вёску Скрыдлёва.

«Калі яны заехалі ў лес, іх збілі і загадалі легчы тварам на зямлю па пяцьдзесят чалавек. Там жа ім было загадана здаць усе каштоўныя рэчы. Дзень быў жудасна халодным, але ўсіх прымусілі распрануцца, спусціцца ў свежа выкапаныя ямы, дзе іх і расстралялі.

Паўтары тысячы чалавек, якіх не забілі, адвезлі на Перасеку, дзе было створанае гета. Да 1944 года на заходнім баку вёскі Скрыдлёва ў лесе, у 0,3 км ад дарогі Наваградак - Наваельня, расстрэльвалі і звазілі трупы людзей, закатаваных у Наваградскім гета. Пахавана 18 тысяч жыхароў Наваградскага раёна, а таксама Дзятлава, Івянца, Карэлічаў, Любчы. У 1966 годзе на магіле паставілі абеліск», - распавяла сведка растрэлаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках