25 снежня 2024, Серада, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ аднаму моладзеваму актывісту пагражаюць незаконным прызывам у войска

2

20 траўня прайшоў адміністрацыйны суд над актывістам баранавіцкай філіі «Маладога Фронту» Сямёнам Былінскім нібыта за ўхіленьне ад праходжаньня вайсковай службы.

Яму прысудзілі 1 750 000 рублёў штрафу (625 даляраў).

Па атрыманьні позвы ў баранавіцкі ваенкамат моладзевы актывіст зьявіўся туды на медкамісію, піша сайт mfront.net.

Хлапец мае значныя праблемы са здароўем, у прыватнасьці, з сэрдцам, таму медкамісія накіравалі яго на абсьледваньне ў гарадзкую паліклініку, бо лекары ваенкамата некампэтэнтны ў вынасе дыягназу аб прыдатнасьці да вайсковай службы пры дадзеным захворваньні.

Лекары гарадзкой паліклінікі некалькі разоў праводзілі абсьледаваньне, і іхнія вынікі паказалі непрыдатнасьць маладафронтаўца да вайсковай службы.

Пасьля гэтага супрацоўнікі ваенкамата пачалі настойваць на праходжаньні дадатковай медкамісіі ў ваенкамаце да завяршэньня прызыўной камісіі. Калі Сямён Былінскі адмовіўся, супрацоўнікі ваенкамата прыгразілі яму крымінальнай адказнасьцю. І вось у сераду аапазыцыянэра судзілі.

Сямён Былінскі лічыць дзеяньні камісіі і суду палітычна матываванымі і накіраванымі на ізаляцыю яго ад грамадзкай дзейнасьці.

Нагадаем, гэта ўжо далёка ня першы выпадак, калі моладзевых актывістаў гвалтоўна прызываюць на службу ў войска, нягледзячы на праблемы з здароўем.

Так, 28 студзеня менскага актывіста «Маладога Фронта» Зьмітра Хведарука, які зьяўляецца студэнтам Біблейскага каледжу, затрымалі дома і ў кайданках адвезьлі ў ваенкамат. Пасьля гэтага перавезьлі спачатку ў міліцыю, а потым — у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна. Праз два дні мэдыкі прызналі хлопца прыдатным для службы ў войску. А ўжо пры канцы лютага Хведаруку зрабілі хірургічную апэрацыю на венах, знойдзеная кіста ў нырцы. На суд Хведарука ў суправаджэньні афіцэра вазілі са шпіталя.

Прыблізна ў той сама час гвалтоўна, у кайданках былі накіраваныя на вайсковую службу і некаторыя іншыя моладзевыя актывісты апазыцыі — у прыватнасьці, кіраўнік Моладзі БНФ Франак Вячорка і адзін з кіраўнікоў салігорскай філіі «Маладога фронту» Іван Шыла.

Гэтак сама гвалтоўна былі прызваны Ігар Салавей, Юрый Дзяшук, Алесь Каліта, Зьміцер Жалезьнічэнка і многія іншыя.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках