Лукашэнка прыкідваецца зайчыкам (Фота)
26- 6.05.2009, 9:20
Беларускі дыктатар зноў уводзіць у зман заходніх журналістаў.
У прыватнасці, у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Рэйтэр» ён заявіў:
«Нас папракаюць, што мы дзесьці жорстка абыходзімся з дэманстрантамі-правапарушальнікамі. Але за маё жыццё дыктатар Лукашэнка ні разу не ўжыў слезацечны газ і вадамёты. А ў дэмакратычнай Еўропе мы перыядычна гэта назіраем».
Між тым 25 сакавіка 2006 года тэлеканалы ўсяго свету транслявалі разгон мірнай дэманстрацыі сіламі спецпадраздзяленняў з ужываннем слезацечнага газу, шумавых гранатаў і гумовых куляў. Падчас разгону некалькі чалавек засталіся ляжаць без прытомнасці, дзясяткі людзей атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і больш за сто дэманстрантаў былі арыштаваныя. Арганізатар мірнага шэсця кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін быў прысуджаны да пяці з паловай гадоў турмы, нагадвае сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Сілавыя разгоны мірных дэманстрацыяў пратэсту сталі сваеасаблівай візітнай карткай сучаснай Беларусі. Нягледзячы на тое, што дэманстрацыі дэмакратычнай апазіцыі носяць выключна мірны характар, яны самым жорсткім чынам душацца на працягу ўсяго тэрміна кіравання Лукашэнкі. Практычна кожная акцыя пратэсту, пачынаючы з разгону галадоўкі дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання ў 1995-м годзе, сканчаецца разгонам, збіццём ці арыштамі. За гады кіравання Лукашэнкі праз турмы і адміністрацыйныя арышты прайшлі тысячы ўдзельнікаў мірных пратэстаў, сотні пераследваліся ў крымінальным парадку. У цяперашні час дзесяць дэмакратычных актывістаў прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў студзені 2008 года. Ад дзеянняў сілавых структураў таксама рэгулярна церпяць прадстаўнікі незалежных СМІ.
Арыштаваныя і пацярпелыя дэманстранты пазбаўленыя права на справядлівы суд, пазбаўляюцца права на абарону ў судзе, асуджаюцца толькі на падставе відавочна ілжывых паказанняў супрацоўнікаў міліцыі. Часцяком арыштаваныя дэманстранты церпяць збіццё, катаванні, пазбаўляюцца ежы на суткі і больш, да арыштаваных не дапускаюць медыцынскую дапамогу, прадуктовыя перадачы забароненыя.
Жорсткія і знарок цынічныя дзеянні супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў застаюцца беспакаранымі. Так улетку 2005 года супрацоўнік АМАП Давідовіч Ю.М. перад дзясяткамі аб'ектываў фота- і відэакамераў ударыў па твары жонку выкрадзенага журналіста Зміцера Завадскага, якая прымала ўдзел у акцыі памяці яе мужа. Нягледзячы на тое, што гэты эпізод быў паказаны па некалькіх тэлеканалах, супрацоўнік міліцыі пакараны не быў. За ўвесь час кіравання Лукашэнкі і за ўсю гісторыю разгонаў мірных акцыяў пратэсту ніводная са шматлікіх сотняў скаргаў дэманстрантаў на дзеянні АМАП і іншых спецпадраздзяленняў не была здаволеная.
14 і 16 лютага ў Менску былі жорстка разагнаныя мірныя дэманстрацыі, прысвечаныя Дню Святога Валянціна, а таксама акцыя, прысвечаная Дню беларускай салідарнасці. Пачынаючы з 1 траўня, у Менску штодня праходзяць акцыі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, які трымае галадоўку з 16 красавіка, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам. Кожная з гэтых акцыяў была разагнаная АМАПам.
Акрамя таго, Лукашэнка згадаў пра 12 умоваў Еўрапейскага Звяза па дэмакратызацыі Беларусі:
«Гэтыя 12 крокаў тут нарадзіліся, гэта не вашыя 12 умоваў. Гэта тут напісалі і перадалі туды (у ЕЗ) невялікага розуму людзі, якія рэкамендавалі кіраўнікам Еўрапейскага Звяза выкарыстоўваць гэта ў адносінах з Беларуссю», - адзначыў А.Лукашэнка. Паводле яго словаў, «гэта настолькі наіўныя і непрымальныя прапановы для нас, што проста смешна».
«Наіўнымі», «непрымальнымі» і «смешнымі» Лукашэнка лічыць такія прапановы як вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных выбараў, лібералізацыю заканадаўства аб СМІ. Сярод 12 умоваў ЕЗ таксама патрабаванне расследавання справаў зніклых лідэраў апазіцыі, ў датычнасці да выкраданняў якіх Рада Еўропы падазрае беларускія ўлады.
На прыведзеных ніжэй фатаграфіях можна ўбачыць, што аналогіі Лукашэнкі з Еўропай недарэчныя, а каментары залішнія.

Паранены ўдзельнік мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Байцы САХРа ўзброеныя карабінамі падчас разгону мірнай акцыі пратэсту (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Баец спецпадраздзялення вядзе агонь з карабіна па ўдзельніках мірнай дэманстрацыі. Хутчэй за ўсё, гэта карабін С-23 "Селезень", прызначаны для страляніны гумовымі кулямі і газавымі гранатамі. (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Байцы спецпадраздзяленняў збіваюць жанчынаў, якія спрабуюць абараніць параненага ўдзельніка мірнай дэманстрацыі пратэсту (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Спецпадраздзяленні ўжываюць дымавыя шашкі і слезацечны газ (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Супрацоўнікі АМАПа заносяць у аўтобус збітага лідэра "Маладога Фронту" Зміцера Дашкевіча (25 сакавіка 2008 года, Менск)

Затрыманне збітага АМАПам фотакарэспандэнта газеты "Наша Ніва" Андрэя Лянкевіча (25 сакавіка 2008 года, Менск)

Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бародка збіты АМАПам падчас разгону акцыі салідарнасці (16 лютага 2009 года, Менск)

Супрацоўнікі АМАПа весяляцца падчас разгону мірнай акцыі пратэсту (14 лютага 2009 года, Менск)

Выкарыстаная супраць мірных дэманстрантаў газавая шашка (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Светла-шумавая ці газавая граната, кінутая ў натоўп мірных дэманстрантаў (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Паранены ўдзельнік мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў перад шэрагам байцоў унутраных войскаў (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Міліцэйскі бронетранспарцёр у цэнтры Менска перад акцыяй апазіцыі (25 сакавіка 2000 года, Менск)

Міліцэйскі вадамёт у цэнтры Менска перад акцыяй апазіцыі (25 сакавіка 2000 годы, Менск)

Адзін з браневікоў на базе а/м "МАЗ", якія рэгулярна выкарыстоўваюцца для разгону мірных акцыяў пратэсту і транспартоўкі арыштаваных дэмакратычных актывістаў (23 сакавіка 2006 года, Менск)

Вінцук Вячорка спрабуе абараніць свайго сына Франака ад азвярэлых амапаўцаў падчас акцыі, прысвечанай гадавіне выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. (16 верасня 2008 года, Менск)