У Менску прайшоў мітынг, прысвечаны памяці Уладзіміра Караткевіча
1- 26.07.2009, 16:14
25 ліпеня споўнілася 25 гадоў са дня смерці паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка і кінасцэнарыста Уладзіміра Караткевіча.
З гэтай нагоды на Усходніх могілках Менска, дзе пахаваны пісьменнік, прайшоў мітынг. Як адзначыў мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава, штогод у дзень памяці Караткевіча ля яго магілы збіраюцца прыхільнікі творчасці пісьменніка з надзеяй на новае прачытанне яго твораў, адкрыццё новага помніка вялікаму пісьменніку і яго невядомых рукапісаў. «Не ўсе творы Караткевіча ўвайшлі нават у збор яго твораў, з чым я сутыкнуўся пры стварэнні серыі малюнкаў да казак Караткевіча», — сказаў Купава.
Паводле яго словаў, кожнае новае прачытанне гістарычнага рамана-эпапеі пісьменніка «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага пярэдадню нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага царызму 1863—1964 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, выклікае «прыліў упэўненасці і аптымізму, натхняе на новыя творчыя ідэі».
У мітынгу ўдзельнічалі пляменніца Караткевіча Алена Сінкевіч і яе муж Васіль Сінкевіч, якія з'яўляюцца захавальнікамі мемарыяльнага кабінета пісьменніка ў яго былой кватэры па вуліцы Карла Маркса, 40, у Менску, перадае БелаПАН.
Сярод знакавых падзеяў цяперашняга года, звязаных з творчасцю пісьменніка, Сінкевіч назваў пастаноўку Валерыям Анісенкам спектакля па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Дзяржаўным тэатры беларускай драматургіі, а таксама пераклад на расейскую мову рамана Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», ажыццёўлены кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Беларускага дзяржуніверсітэта Пятром Жаўняровічам.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да магілы Караткевіча, выканалі духоўны гімн «Магутны Божа».