11 траўня 2024, Субота, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пралятаючы над гняздом кураняці (Фота, відэа)

64

Паездкі Лукашэнкі па краіне пачасціліся – то ён наведвае свінафермы, то, як учора, птушкафабрыкі.

10 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведаў Гарадзенскі раён. Пралятаючы над Ваўкавыскім, Свіслацкім, Астравецкім раёнамі беларускі кіраўнік зразумеў, што Гарадзеншчына яго не ўразіла - занадта шмат палёў не прыбрана.

«Мяне Гарадзенская вобласць не ўразіла. Я ужо псіхалагічна настроіўся на набліжэнне да заканчэння ўборкі, але, пралятаючы над Ваўкавыскім, Свіслацкім, Астравецкім раёнамі, убачыў, што занадта шмат палёў не прыбрана», — сказаў беларускі кіраўнік падчас працоўнай паездкі ў гэты рэгіён.

Незадаволенасць Лукашэнка выклікалі і факты пастаўкі гаспадаркам краіны няякаснай беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. «Важная тэма — надзейнасць тэхнікі, якую ствараем», -- сказаў ён падчас наведванняў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Скідальскае».

У прыватнасці Лукашэнку было дакладзена аб недапастаўцы лідскіх камбайнаў, а таксама аб фактах паломкі камбайнаў «Ліда— 1600». У гэтай сувязі беларускі кіраўнік заўважыў, што «да гомельскіх камбайнаў няма ніводнага наракання, а тут — імпартныя нямецкія камплектуючыя». «Дык чаму яны выходзяць са строю?», -- задаў ён пытанне.

«Сёння крызіс. Нам важныя пастаўкі на ўнутраны рынак. Чаму ідзе няякасны тавар?», — заявіў Лукашэнка і даручыў губернатару Гарадзенскай вобласці Уладзіміру Саўчанку разабрацца з праблемай, а калі трэба — прыцягнуць «людзей з цэнтра».

«Разбярыцеся прынцыпова з гэтым прадпрыемствам, з яго кіраўніцтвам» — заявіў ён.

Падчас працоўнай паездкі па Гарадзенскай вобласці Лукашэнка таксама наведаў птушнік «Юбілейны». Там беларускага кіраўніка і ўрадавую дэлегацыю апранулі ў спецвопратку – шапачкі і плашчы жоўтага колеру. Выглядалі чыноўнікі даволі камічна.

Нагадаем, што падчас сваёй папярэдняй працоўнай паездкі па рэгіёнах у канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка зазірнуў у свінаферму «Белдан» Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Тады беларускі кіраўнік зрабіў гучную заяву: «У свінагадоўчай галіне Беларусі пачынаецца рэвалюцыя».

У канцы сваёй прамовы Лукашэнка паабяцаў, што да 2011 года «беларусы будуць жыць, як у Еўропе».

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках