25 красавiка 2024, Чацвер, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія дэмакраты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Катыні (Фота, вiдэа)

23 жніўня, у агульнаеўрапейскі Дзень памяці ахвяр таталітарных рэжымаў, беларуская грамадскасць наведала мемарыяльны комплекс «Катынь».

Беларускія дэмакраты аддалі даніну памяці расстраляным НКУС выхадцам з Беларусі — ваеннапалонным войска польскага і мірным савецкім грамадзянам, паведамляе «Салідарнасць».

З ініцыятывай абвесціць 23 жніўня Днём памяці ахвяр нацызму і сталінізму летась выступіў Еўрапейскі парламент. Беларуская грамадскасць у асобе аргкамітэта руху салідарнасці «Разам», Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Партыі БНФ, ЗБС «Бацькаўшчына», Беларускай асацыяцыі журналістаў і інш. — усяго каля 15 арганізацый — прымеркавала да гэтага дня журботны паход у мемарыяльны комплекс «Катынь» (Смаленскі раён, РФ).

Мемарыяльны комплекс «Катынь» быў урачыста адкрыты ў 2000 годзе. Ён знаходзіцца на ўчастку зямлі, які апынуўся гіганцкай магілай тысяч людзей, і дзеліцца на дзве часткі. У першай з іх знаходзяцца памятныя знакі расстраляным без суду ў 1940 годзе па ўказе Сталіна афіцэрам войска польскага, якія трапілі ў палон пры ўз'яднанні Заходняй Беларусі і БССР і захопе Польшчы фашыстамі ў 1939-м. Па афіцыйных дадзеных тут 4 421чалавек.

На думку аўтара шматлікіх манаграфій гісторыка Ігара Кузняцова, можна меркаваць, што не менш за 30% расстраляных былі выхадцамі з Заходняй Беларусі. Нажаль, апублікаваныя польскія спісы загінулых не ўтрымліваюць месца нараджэння афіцэраў.

У другой частцы мемарыяла ўсталяваныя памятныя знакі рэпрэсаваным НКУС у 20-30-е г.г. савецкім грамадзянам. У музеі мемарыяльнага комплексу называецца лічба ў 10 тысяч пахаваных тут чалавек, але Кузняцоў мяркуе, што ў рэчаіснасці гэтая лічба як мінімум у 2,5 разы большая.

«Смаленскае НКУС працавала вельмі інтэнсіўна і па сваіх паказчыках выходзіла на 2-3 месца ў сацспаборніцтве па растрэлах», — адзначае ён. Прозвішчы расстраляных савецкіх грамадзян ФСБ называць адмаўляецца.

Беларускія госці ўсклалі кветкі да памятных знакаў на тэрыторыі мемарыяла і ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій хвілінай маўчання.

Адным з тых, хто наведаў мемарыяльны комплекс «Катынь» у складзе беларускай дэлегацыі 23 жніўня, быў Георгій Шэмятовец. Ён распавёў, што яго сюды прывяло жаданне аддаць даніну памяці свайму бацьку.

«У 1938 годзе ў Беларусь для інспекцыі беларускай чыгункі прыехаў Кагановіч. Пасля яго прыезду пачаліся масавыя рэпрэсіі кіраўніцтва чыгункі. Мы жылі ў Менску на вуліцы Грушаўскай — там стаялі хаты чыгуначнікаў. Кожную ноч кагосьці забіралі. У жніўні забралі і бацьку. Мне тады быў усяго адзін год, — распавёў Георгій Аляксеевіч. — У кастрычніку ён быў асуджаны ў Смаленску тройкай і расстраляны. Дзе яго пахаванне я сапраўды не ведаю (у КДБ мне адказалі, што ўсталяваць яго немагчыма), але мяркую, што тут, у Катыні».

Георгій Шэмятовец усклаў вянок з надпісам «Бацьку ад сына» да праваслаўнага крыжа і запаліў свечку.

«Прабач, бацька, што доўга шукаў твой дол. Зараз буду ведаць, заўсёды буду прыязджаць у гэта святое для мяне месца», -- сказаў ён.

Таксама 23 жніўня памяць ахвяр фашызму і камунізму ўшанавалі на Піншчыне.

Як паведамляе «Еўрарадыё», прадстаўнікі грамадскасці Пінска наведалі месцы трагедый — у вёсцы Пагост-Загародскі, дзе гітлераўцамі былі расстраляныя габрэі, і ў лясным масіве ў вёсцы Вулька-Гарадзішчанская, дзе НКУС у пачатку вайны закатавалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках