18 траўня 2024, Субота, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Зэльве адзначылі 99-годдзе са дня нараджэння Ларысы Геніюш

6

Напярэдадні 99-годдзя са дня нараджэння Ларысы Геніюш актывісты дэмакратычных рухаў усклалі кветкі да яе магілы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

Паводле яго словаў, у паездцы ў Зэльву (Гарадзенская вобласць), дзе пахаваная паэтка, прынялі ўдзел 20 чалавек з Менску. Да іх далучыліся і жыхары Зэльвы. «Мы наведалі царкву, прыбраліся на магіле паэткі, усклалі кветкі і паставілі свечкі», — паведаміў Сіўчык.

Паездка была арганізаваная гарадзенскім абласным аддзяленнем аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і мемарыяльнай секцыяй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле словаў Сіўчыка, 9 жніўня, у дзень нараджэння Геніюш, таксама адбудуцца памятныя мерапрыемствы.

«Я разглядаю гэтыя мерапрыемствы як падрыхтоўку да 100-гадовага юбілею паэткі, які адбудзецца ў будучым годзе. У мяне ў планах распачаць падрыхтоўку да святкавання гэтай даты ўжо зараз. І я думаю, што ў 2010 годзе будзе шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Геніюш, і святкаванне будзе маштабным і агульнарэспубліканскім», — сказаў Сіўчык.

Ён таксама адзначыў, што ўсе лісты па пытанні рэабілітацыі Геніюш, якія накіроўваліся ў шматлікія інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, былі праігнараваныя. Аднак напярэдадні 100-гадовага юбілею Геніюш мы будзем працягваць спробы яе рэабілітацыі», — адзначыў Сіўчык.

Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Ваўкавыскай гімназіі жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе з'яўлялася сакратаркай прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Васіля Захаркі. Геніюш займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіва, падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. У Празе ў 1942 годзе яна выдала сваю першую кнігу «Ад родных ніў». 5 сакавіка 1948 года, з'яўляючыся грамадзянкай Чэхаславаччыны, Геніюш была арыштаваная, а ў 1949 годзе ў Менску асуджаная на 25 гадоў пазбаўлення волі як асоба без грамадзянства. Пакаранне адбывала ў лагерах Комі і Мардовіі. У 1956 годзе была датэрмінова вызваленая, але дагэтуль не рэабілітаваная. Пасялілася на радзіме мужа — у Зэльве, дзе фактычна знаходзілася пад хатнім арыштам, нават не маючы магчымасці пабачыць адзінага сына, які жыў у Беластоку (Польшча). Да самай смерці — 7 красавіка 1983 года — паэтка так і не прыняла савецкага грамадзянства.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках