18 чэрвеня 2026, Чацвер, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бастунец: «Журналістам перашкаджалі працаваць па цэнтралізаваным загадзе»

5

Рэжым Лукашэнкі выпрабоўвае новыя спосабы закрыць незалежнай прэсе доступ да інфармацыі.

Узмацненне жорсткасці дзеянняў праваахоўных органаў у дачыненні да незалежных журналістаў амаль супала з візітам у Беларусь міжнароднай журналісцкай місіі. У яе складзе -- прадстаўнікі арганізацыяў, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, свабодай выказванняў і развіццём СМІ.

Нагадаем, што ўвечары 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў з ужываннем фізічнай сілы забаранялі журналістам беларускіх і замежных СМІ фіксаваць падзеі падчас акцыяў памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.

Як адзначаецца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, «людзі ў цывільным, па два чалавекі на кожнага журналіста, груба з пагрозай пашкодзіць тэхніку і траўміраваць рэпарцёраў, закрывалі іх фота- і відэакамеры, адштурхоўвалі ад аб'ектаў падзеяў, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў».

Аналагічныя дзеянні супрацоўнікі міліцыі рабілі і 9 верасня падчас пікету на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, які праводзіўся ў знак пратэсту супраць уводу на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў – удзельнікаў вучэнняў «Захад-2009». Пра татальны кантроль працы беларускіх журналістаў «Заўтра тваёй краіны» распавёў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец.

За апошні год мы адвыклі ад таго, што журналіста ў Беларусі могуць збіць у цэнтры горада падчас (хай і не санкцыянаванага) мерапрыемства, пашкодзіць прафесійную тэхніку. Але ў гэтым месяцы праявілася новая тэндэнцыя стаўлення ўладаў да прэсы. Як вы ацэньваеце цяперашні стан рэчаў?

– Гэта ўпісваецца ў агульную канву адносінаў паміж незалежнымі СМІ і ўладай у апошнія гады. Задача – проста закрыць незалежнай прэсе доступ да інфармацыі, і з іншага боку, не дапусціць інфармацыю да чытачоў. На гэты раз была зробленая спроба фізічна закрыць аб'ектывы фота- і відэакамераў.

Гэта вельмі трывожны факт, і абсалютна відавочна, што журналістам перашкаджалі працаваць па цэнтралізаваным загадзе. У зваротах Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія ў хуткім часе будуць накіраваныя ў міліцыю і ў пракуратуру, мы і ставім канкрэтныя пытанні: хто аддаваў і хто выконваў гэтыя загады, якія супярэчаць заканадаўству? Гэта што датычыць падзеяў 9 і 16 верасня.

На жаль, агульны стан свабоды СМІ у Беларусі выклікае вельмі вялікую занепакоенасць. Пасля нейкага перыяду надзеі ў канцы мінулага і пачатку гэтага года мы зноў вяртаемся да ранейшай сітуацыі.

У канцы мінулага года ўлады вярнулі ў дзяржаўную сістэму распаўсюду два незалежныя выданні, у тым ліку і газету «Народная воля». На мінулым тыдні выданню не дазволілі перайсці на трохразовы выхад у тыдзень, хаця, па словах галоўнага рэдактара, папярэдне былі дасягнутыя ўсе пагадненні. На вашую думку, чаму гэта адбылося?

– У сапраўднасці незалежныя СМІ знаходзяцца ў рэзервацыі, мяжу якой дагэтуль вызначаюць чыноўнікі. Яны могуць крыху пашырыць межы рэзервацыі, але з іншага боку, усталяваць больш высокія агароджы. І зараз мы ў чарговы раз усведамляем той факт, што Беларусь – гэтая жорсткая адміністрацыйная і бюракратычная дзяржава. І пакуль не прынята якіх-небудзь палітычных рашэнняў, вельмі складана разлічваць на зрухі ў тых сферах жыцця грамадства, якія датычаць грамадзянска-палітычных правоў і, у першую чаргу, свабоды слова.

У гэтыя дні ў Менску знаходзіцца дэлегацыя прадстаўнікоў арганізацыяў, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, свабодай выказванняў і развіццём СМІ, у тым ліку Міжнароднай федэрацыі журналістаў, Дацкага саюза журналістаў, International Media Support (IMS), UNESCO, Інстытута «Адкрытае грамадства». Ці змогуць паўплываць на паляпшэнне сітуацыі?

– Паказальна, што менавіта зараз гэтая місія апынулася ў Беларусі. Візіт рыхтаваўся некалькі месяцаў, і ніхто не ведаў, якая будзе сітуацыя ў той момант, калі прадстаўнікі самых буйных еўрапейскіх і міжнародных журналісцкіх арганізацыяў прыедуць у Беларусь. І якраз напярэдадні здарыліся падзеі 9 і 16 верасня.

Было б наіўна лічыць, што візіт журналісцкай місіі ці высокапастаўленага еўрапейскага чыноўніка прынцыпова зможа паўплываць на сітуацыю ў нашай краіне. З іншага боку, кропля камень точыць, і я думаю, што тыя людзі, якія сёння адказваюць за інфармацыйную, ідэалагічную, міжнародную палітыку, павінны задумацца. Бо журналісцкія арганізацыі маюць велізарны ўплыў у свеце, у тым ліку, і на палітычныя колы, на прыняццё палітычных рашэнняў. Я спадзяюся, што, па-першае, гэтая місія зможа скласці адэкватнае ўяўленне пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, па-другое, данесці гэтае сваё ўяўленне як да міжнароднай супольнасці, так і да палітычных структураў, да прадстаўнікоў беларускай афіцыйнай улады і грамадзянскай супольнасці. А гэта ўсёткі заахвоціць прадстаўнікоў менавіта беларускіх уладаў быць больш узважанымі ў сваіх узаемаадносінах са СМІ.

Якіх яшчэ непрыемнасцяў можна чакаць ад беларускіх чыноўнікаў прадстаўнікам незалежных сродкаў масавай інфармацыі?

– Усе непрыемнасці мы ў той ці іншай ступені ўжо праходзілі. Па вялікім рахунку, ва ўладаў ужо створаны поўны механізм ціску на прэсу – гэта новы Закон «Аб СМІ». Па беларускіх мерках практыку яго ўжывання на сённяшні дзень я ацэньваю станоўча, але сам закон і ўсе яго рэпрэсіўныя нормы застаюцца той самай стрэльбай, якая вісіць на сцяне і можа стрэліць у любы момант. Так што ўсе наяўныя негатыўныя нормы беларускага заканадаўства могуць быць ужытыя.

А тое, з чым мы сутыкаемся штодня - гэта адмовы чыноўнікаў у доступе да інфармацыі, адсылкі нават па самай смешнай падставе да прадстаўнікоў ідэалагічных аддзелаў. На жаль, у сферы свабоды слова Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў мінулым стагоддзі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках