Падчас уборачнай беларускага пенсіянера пераехала камбайнам
14- 24.09.2009, 13:05
У Бярозаўскім раёне Берасцейскай вобласці пад коламі камбайна загінуў пенсіянер, які збіраў кукурузу.
Пра гэта БелТА паведамілі ў дзяжурнай частцы Бярозаўскага РАУС.
Трагедыя адбылася ў полі паблізу вёскі Сялоўшчына. Пры правядзенні сельгаспрацаў камбайнам быў смяротна траўміраваны 74-гадовы мясцовы жыхар.
Пенсіянер збіраў на полі для сябе кукурузу і блізка падышоў да камбайна, а механізатар з-за высокай жаткі машыны не заўважыў чалавека.
Медыцынскі агляд паказаў, што камбайнёр быў цвярозы. Праверку праводзіць пракуратура.
Гэта не першы выпадак, калі на палях Берасцейскай вобласці пад камбайнамі гінуць людзі.
У пачатку верасня на полі паблізу вёскі Чамля Пінскага раёна жаткай камбайна для ўборкі кукурузы, якім кіраваў 49-гадовы камбайнёр, траўміраваная 79-гадовая мясцовая жыхарка. Пенсіянерка з траўматычнай ампутацыяй нагі была дастаўленая ў шпіталь, аднак урачы не змаглі выратаваць ёй жыццё.
Іншая трагедыя адбылася на полі паблізу вёскі Леплеўка Берасцейскага раёна. Пад жатку камбайна для ўборкі кукурузы патрапіў 47-гадовы непрацуючы мясцовы жыхар. Мужчына з траўматычнай ампутацыяй абедзвюх галёнак змешчаны на лячэнне ў шпіталь.