Віктар Зубкоў: Беларусь магла пазбегнуць «малочных праблем» з Расеяй
4- 3.09.2009, 9:52
Першы віцэ-прэм’ер Расеі заявіў, што беларускія вытворцы самі вінаватыя ў «малочнай вайне».
Беларусь магла пазбегнуць «малочных праблем» з Расеяй, калі б беларускія вытворцы і пастаўшчыкі своечасова выканалі патрабаванні расейскіх кантрольных органаў і прывялі дакументацыю ў адпаведнасць з расейскім тэхрэгламентам на малако, заявіў у сераду журналістам першы віцэ-прэм’ер РФ Віктар Зубкоў, паведамляе РИА «Новости».
«Гэтай сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б беларускія сельгасвытворцы своечасова выканалі патрабаванні нашых кантрольных органаў», - сказаў Зубкоў.
РФ у чэрвені на некалькі дзён забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю больш за тысячу найменняў беларускай малочнай прадукцыі з-за неадпаведнасці прадуктаў новаму расейскаму тэхрэгламенту.
«Сітуацыя з пастаўкамі малака і малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею была штучна створаная», - сказаў першы віцэ-прэм'ер РФ. Ён адзначыў, што расейскія кантрольныя органы, у прыватнасці, Расспажыўнагляд неаднаразова папярэджвалі пастаўшчыкоў беларускай малочнай прадукцыі пра тое, што неабходна прывесці дакументацыю ў адпаведнасць з расейскім тэхрэгламентам, які быў прыняты ў снежні мінулага года. Тым не менш, па словах Зубкова, беларускі бок зацягваў рашэнне гэтага пытання, і пастаўкі з Беларусі былі прыпыненыя.
Першы віцэ-прэм'ер Расеі нагадаў, што пасля правядзення перамоў праблема была вырашаная: за досыць кароткі час беларускія вытворцы выканалі патрабаванні расейскіх кантрольных органаў, пасля чаго малако і малочная прадукцыя з Беларусі сталі зноў паступаць на расейскі рынак.