23 снежня 2024, панядзелак, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША занепакоеныя сувязямі Лукашэнкі з краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм (Тэкст законапраекта)

29
ЗША занепакоеныя сувязямі Лукашэнкі з краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм (Тэкст законапраекта)

У Кангрэсе ЗША будзе разгледжаны законапраект «Аб уліку беларускіх паставак узбраенняў».

Амерыканскія кангрэсмены занепакоеныя аб'ёмамі паставак зброі з Беларусі, якія растуць, і ўмацаваннем сувязяў афіцыйнага Менска з краінамі, што падтрымліваюць тэрарызм.

Законапраект «Аб уліку беларускіх паставак узбраенняў» будзе прадстаўлены на зацвярджэнне ў абедзвюх палатах Кангрэса ЗША.

Гэтая інфармацыя была дадзена Аддзелам інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША ў Беларусі.

У законапраекце пералічваюцца факты аб пастаўках зброі з Беларусі, пасрэдніцкіх паслугах Беларусі для паставак сучаснага расейскага ўзбраення дзяржавам, якія падтрымліваюць тэрарызм. Дзяржаўны дэпартамент будзе абавязаны падаць заканадаўцам справаздачы аб пастаўках узбраенняў Беларуссю.

«Беларусь з'яўляецца буйным пастаўшчыком ракет, мінамётаў, супрацьтанкавых узбраенняў і мін палесцінскім экстрэмісцкім групоўкам і дзяржавам-спонсарам тэрарызму, такім як Іран і Сірыя, а таксама верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сістэм і бранятэхнікі расейскай вытворчасці ўраду Судана, танкаў камуністычнаму рэжыму ў Паўночнай Карэі, ваенных самалётаў і авіяцыйных рухавікоў у Іран», - гаворыцца ў дакуменце.

Толькі паводле афіцыйных дадзеных экспарт беларускага ўзбраення ў перыяд паміж 1999 і 2006 гг. афіцыйна ацэньваецца ў 1 млрд. даляраў і дазваляе назваць Беларусь адзінаццатай па аб'ёме экспарту зброі краінай у свеце. У рэальнасці аб'ём экспарту зброі з Беларусі значна большы.

Падаем тэкст дакумента цалкам:

Улік беларускіх паставак узбраенняў (прадстаўлена ў Кангрэсе)

Законапраект

Прадпісаць Дзяржаўнаму дэпартаменту прадастаўляць Кангрэсу штогадовую справаздачу аб экспарце зброі і спадарожных матэрыялаў і паслуг урадам Беларусі і беларускімі прадпрыемствамі.

Увесці законапраект у сілу пастановамі Палаты прадстаўнікоў і Сената Кангрэса ЗША.

Назва: Акт аб уліку беларускіх паставак узбраенняў.

Кангрэс устанавіў наступнае:

(1) Служба расследаванняў Кангрэса ўстанавіла, што экспарт беларускага ўзбраення ў перыяд паміж 1999 і 2006 гг. афіцыйна ацэньваецца ў 1 млрд. даляраў і дазваляе назваць Беларусь адзінаццатай па аб'ёме экспарту зброі краінай у свеце.

(2) У адпаведнасці з некаторымі дакладамі, рэальны аб'ём паставак беларускага ўзбраення можа значна перавышаць згаданы вышэй, бо публічныя дамовы аб гандлі зброяй могуць не ўключаць сакрэтныя пагадненні, падпісаныя прадстаўнікамі беларускага ўрада ці структурамі, падкантрольнымі дзяржаве. У дакладзе, дадзеным Кангрэсу ў сакавіку 2006 года, гаворыцца што «шмат якія здзелкі, датычныя продажу зброі [Беларуссю], здзяйсняюцца без узгаднення з адпаведнымі сілавымі структурамі беларускага ўрада».

(3) У дакладзе, дадзеным Кангрэсу ў сакавіку 2006 года ў адпаведнасці з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі (2004), Дзярждэпартамент паведамляе наступнае:

(A) «Беларусь працягвае экспартаваць значную колькасць абарончых узбраенняў, сістэм двайнога прызначэння і іншага ваеннага абсталявання і тэхналогій».

(B) «Адзначана вялікая колькасць паведамленняў аб продажы і пастаўках беларускага ўзбраення ў дзяржавы, што выклікаюць трывогу, уключна з краінам-спонсарамі тэрарызму».

(C) «Ёсць падставы меркаваць, што беларускія ўлады прыкладаюць намаганні для пашырэння сувязяў з дзяржавамі, які выклікаюць непакой».

(4) У адпаведнасці з апублікаванымі дакладамі, Беларусь з'яўляецца буйным пастаўшчыком ракет, мінамётаў, супрацьтанкавых узбраенняў і мін палесцінскім экстрэмісцкім групоўкам і дзяржавам-спонсарам тэрарызму, такім як Іран і Сірыя, а таксама верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сістэм і бранятэхнікі расейскай вытворчасці ўраду Судана, танкаў камуністычнаму рэжыму ў Паўночнай Карэі, ваенных самалётаў і авіяцыйных рухавікоў у Іран.

(5) У красавіку і верасні 2004 года ЗША наклалі санкцыі на беларускае прадпрыемства «Белзнешпрамсервіс» у адпаведнасці з Актам аб нераспаўсюджванні ў Іран (2000). Прычынай стала пастаўка ў Іран тавараў, што могуць быць выкарыстаны для вытворчасці зброі масавага знішчэння або вытворчасці балістычных ракет.

(6) У траўні 2005 года беларускі парламент ратыфікаваў пагадненне з Іранам пасля візіту ў Беларусь тагачаснага іранскага лідэра Махамеда Хатамі, падчас якога кіраўнік беларускага рэжыму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Іранам «ва ўсіх накірунках»

(7) Кажучы пра гандаль зброяй з Сірыяй, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Не істотна, што нам указваюць. Мы працягнем аказваць Сірыі ваенную дапамогу, бо яны таксама абавязаліся дапамагаць нам».

(8) Венесуэльскі лідэр Уга Чавес падтрымлівае моцныя стасункі з Іранам, Кубай, Суданам і Сірыяй - краінамі, якія Злучаныя Штаты лічаць спонсарамі тэрарызму.

(9) У траўні 2006 года Дзярждэпартамент ЗША паведамляў, што Венесуэла не супрацоўнічае з ЗША ў контртэрарыстычным напрамку.

(10) Улетку 2006 амбасадар Венесуэлы на Кубе наведаў Беларусь і назваў Злучаныя Штаты «агульным ворагам», пасля чаго Уга Чавес таксама наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

(11) Пасля гэтага - у верасні 2006 года было абвешчана, што Беларусь і Венесуэла рыхтуюць двухбаковы кантракт аб узбраенні на суму ў 1 млрд. даляраў.

(12) Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза вялізныя запасы зброі, аднак паўстае пытанне, ці з'яўляюцца гэтыя запасы крыніцай такога велізарнага патоку зброі з Беларусі праз 18 гадоў, ці яны былі істотна спустошаны дзякуючы экспарту папярэдніх гадоў.

(13) Урад Расейскай Федэрацыі не прапанаваў Злучаным Штатам супрацоўніцтва для таго, каб пераканаць Беларусь адмовіцца ад продажу зброі краінам-спонсарам тэрарызму, замест гэтага Расея нарошчвае ваеннае супрацоўніцтва з Беларуссю.

(14) Паводле заяваў выдаўца «Jane's Air-Launched Weapons» Роберта Хьюсана, продаж расейскіх комплексаў С-300 у Іран адбываецца праз Беларусь. Беларусь таксама з'яўляецца пасярэднікам у тых выпадках, калі Расея адмаўляе сваю датычнасць да продажу зброі. Але на гэтым гандлёвым маршруце нічога не адбываецца без згоды Масквы.

(15) У траўні 2009 года СМІ паведамлялі пра тое, што Расея плануе прадаць комплексы С-300 у Іран і Сірыю праз Беларусь.

(16) У чэрвені 2009 года высокапастаўленыя асобы Ізраіля рашуча засцераглі Беларусь ад узмацнення сувязяў з Іранам.

(17) У сакавіку 2008 года беларуская прэса паведаміла, што беларускія ваенныя спецыялісты прымуць удзел у стварэнні сучаснай сістэмы СПА на аснове расейскіх комплексаў С-300.

(18) Расейскія комплексы С-300 - адна з самых сучасных сістэм СПА ў свеце, якая можа знішчаць самалёты і ракеты на адлегласцях да 150 кіламетраў і на вышыні да 30 тысяч метраў.

(19) Згодна з паведамленнямі, Беларусь ужо набыла шматлікія сістэмы С-300 у Расеі па цане, якая значна ніжэйшая за рэальную.

(20) У сакавіку 2008 года член Нацыянальнага сходу Венесуэлы Абель Ель Забайар наведаў Іран і заявіў, што Венесуэла пачала перамовы з Беларуссю і Іранам па супрацоўніцтве ў ядзернай сферы.

(21) Планаванае размяшчэнне ў Венесуэле сучасных сістэм СПА, такіх як С-300 у спалучэнні з нарастаючым супрацоўніцтвам з Беларуссю і Іранам у ядзернай сферы стварае схему, падобную да паставак сістэм С-300 у Іран на фоне расейскага супрацоўніцтва з Іранам у сферы нарошчвання ядзернага патэнцыялу Ірана.

Заключэнне Кангрэса

(1) Дзярждэпартамент павінен прыняць да ўвагі шматлікія паведамленні аб продажы Беларуссю зброі краінам, якія падтрымліваюць тэрарызм і краінам, якія не супрацоўнічаюць з Злучанымі Штатамі ў іх антытэрарыстычнай дзейнасці, а таксама любую інфармацыю, сабраную ў працэсе стварэння дакладу ў адпаведныя камітэты Кангрэса ў адпаведнасці з дадзеным актам і ўважліва ацаніць, ці могуць існуючыя меры адносна тэрарызму і нераспаўсюджвання ўтрымаць Беларусь ад далейшага гандлю зброяй;

(2) Выкарыстанне Іранам пагадненняў аб ядзерным супрацоўніцтве як сродкі распаўсюджвання ваенных тэхналогій у такія краіны як Венесуэла, ці то наўпрост альбо з выкарыстаннем дамоўленасцяў з Беларуссю ці іншымі краінамі супярэчыць інтарэсам Злучаных Штатаў.

Даклад

Агулам не пазней за 90 дзён пасля прыняцця гэтага Акту і на штогадовай аснове пасля, Дзяржаўны дэпартамент будзе падаваць адпаведным камітэтам Кангрэса даклад, які апісвае наступнае:

(1) Аб'ём і механізмы экспарту ўзбраенняў і спадарожных паслуг урадам Беларусі і беларускімі прадпрыемствамі, уключаючы прыбыткі ад такіх здзелак і патэнцыйную ролю ўрада і прадпрыемстваў Расейскай Федэрацыі ў гэтым экспарце і аб'ём прыбыткаў.

(2) Стан зброевых складоў, атрыманых у спадчыну Беларуссю ад Савецкага Саюза, у тым ліку вызначэнне ролі, якую гэтыя склады могуць у будучыні гуляць у экспарце зброі з Беларусі і ацэнку магчымасцяў беларускіх прадпрыемстваў вырабляць традыцыйную і сучасную зброю для экспарту.

(3) Вызначэнне адносна выкарыстання пагадненняў і дзеянняў з уцягненнем Ірана, Беларусі або Венесуэлы як сродкі распаўсюджвання тэхналогіі вытворчасці ядзернай зброі.

(4) Продаж ці пастаўкі ўзбраенняў або сумежных тэхналогій з Беларусі ў любую краіну, якая ацэньваецца як дзяржава, што падтрымлівае тэрарызм ці не супрацоўнічае з Злучанымі Штатамі ў контртэрарыстычных аперацыях, у тым ліку Венесуэлу.

Вызначэнні, выкарыстаныя ў дадзеным Акце:

(1) Адпаведныя камітэты Кангрэса - Камітэт Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных адносінах і Камітэт Сената па міжнародных адносінах.

(2) Дзяржавы-спонсары тэрарызму - краіны, урады якіх неаднаразова аказвалі падтрымку актам міжнароднага тэрарызму.

Пераклад - сайт «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках