25 красавiка 2024, Чацвер, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі прадае зброю ў Судан і Сірыю

19

У Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях з’явілася інфармацыя аб экспарце ўзбраенняў Беларуссю ў 2008 годзе.

З інфармацыі вынікае, што ў Азербайджан былі пастаўленыя 3 самаходныя 203-міліметровыя гаўбіцы 2С7 «Піон». У Сірыю - 33 знішчальнікі МіГ-23. У Судан - 11 штурмавікоў Су-25. Расея закупіла ў РБ 15 ракет «паветра - паветра» Р27-Р для знішчальнікаў Су-27 і МіГ-29, паведамляе газета «Белорусы и рынок».

Хроніка паставак папярэдніх гадоў выглядае наступным чынам.

У 2007 г. у Судан было прададзена 2 бронетранспарцёры БТР-70. У Арменію - 10 122-міліметровых буксіруемых гаўбіц Д-30, у Эрытрэю - 9 рэактыўных сістэм залпавага агню «Ураган».

У 2006 г. у Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях была зарэгістраваная толькі адна беларуская зброевая здзелка: наша краіна паставіла ў Азербайджан 41 танк Т-72.

У 2005 г., па дадзеных ААН, Азербайджан набыў у Беларусі 19 танкаў Т-72, Славакія - 2 ваенна-транспартныя верталёты Мі-8, Джыбуці - 2 ударныя верталёты Мі-24.

У 2004 г. асноўным пакупніком зброі ў РБ быў Судан, які набыў 21 браніраваную разведвальна-дазорную машыну БРДМ-2, 7 БТР-80, 10 БТР-70 і адну баявую машыну пяхоты БМП-1. У Кот-д'Івуар было прададзена 2 штурмавікі Су-25.

У 2003 г. у Судан з Беларусі былі пастаўленыя 9 БМП-2, 39 БРДМ-2, 32 адзінкі розных артылерыйскіх сістэм, у Кот-д'Івуар - 20 баявых браніраваных машын рознага тыпу і 16 розных артсістэм.

У 2002 г. Іран закупіў у беларускіх арсеналах 15 танкаў Т-72, Алжыр набыў 2 знішчальнікі МіГ-29, Судан - 14 артсістэм рознага прызначэння, Кот-д'Івуар - 12 БМП-1, 10 120-міліметровых мінамётаў «Сані» і 2 ударныя верталёты Мі-24.

Аднак многія эксперты ўпэўненыя, што найболш прадуктыўным з пункта гледжання велічыні атрыманай выручкі для айчынных прадаўцоў зброі быў перыяд з 1992-га па 2001 год, не адсочаны статыстыкай ААН. Паводле інфармацыі, апублікаванай даследчай службай кангрэса ЗША, толькі за 1998-2001 гг. Беларусь прадала зброі на 1 млрд. USD і заняла тады па гэтым паказчыку 11-е месца ў свеце.

У дадзеным кантэксце спецыялістамі, перадусім, згадваюцца кантракты па продажы зброі Пяру. Пачынаючы з 1996 г. (а па некаторых дадзеных, і раней) Ліма закупіла ў Менска: 150 танкаў Т-72, каля дзясятка самаходных зенітных гарматна-ракетных комплексаў «Тунгуска» і ЗРК «Тор», а таксама 10 насімых ЗРК «Аса» ці «Страла», прызначаных для знішчэння паветраных цэляў на малых і сярэдніх вышынях; 18 франтавых знішчальнікаў МіГ-29 (у тым ліку 2 МіГ-29УБ) і столькі ж штурмавікоў Су-25.

Улічваючы атмасферу сакрэтнасці, якой у Беларусі акружаны гандаль зброяй, можна выказаць здагадку, што інфармацыя аб шматлікіх здзелках у гэтай сферы так і не стала здабыткам даследчыкаў. Будаваць здагадкі пра тое, што яны маглі мець месца, дазваляюць асобныя ўскосныя дадзеныя.

Адзначым таксама, што ізраільскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў Крамлі заяўлялі, што беларускія ўлады будуць прадаваць «Іскандэры» Ірану і Сірыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках